Дзяржавы Паўночнаатлянтычнага альянсу вырашылі значна пашырыць вайсковую прысутнасьць у Чорным моры, каб гарантаваць бясьпечны праход украінскіх караблёў праз Керчанскую пратоку, заявіла на брыфінгу 2 красавіка ў Вашынгтоне амбасадарка Злучаных Штатаў пры NATO Кей Бэйлі Гатчысан, перадае «Голас Амэрыкі».
Паводле амбасадаркі, на нарадзе міністраў замежных справаў краінаў NATO ў Вашынгтоне будзе прыняты «чарнаморскі пакет» захадаў падтрымкі Ўкраіны ў канфлікце з Расеяй. У ліку захадаў — умацаваньне паветранай выведкі і выпраўленьне ў Чорнае мора вялікай колькасьці караблёў NATO. Больш канкрэтныя дэталі пакуль не агучваліся.
«Вельмі важна, каб жыхары Румыніі, Баўгарыі, Украіны і Грузіі адчувалі сябе бясьпечна ў зоне Чорнага мора — як на вадзе, так і на сушы, — адзначыла Гатчысан. — Расея разьмяшчае ўзбраеньні ў Крыме, а Крым — гэта частка Ўкраіны».
Яна згадала і ўкраінскіх маракоў, захопленых Расеяй у час праходу праз Керчанскую пратоку — гэта, сказала амбасадарка, недапушчальна.
Ды той інцыдэнт — не адзіная прычына захадаў, патлумачыў журналістам прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, які пажадаў застацца ананімным. Паводле яго, у NATO перакананыя, што «Расея пагражае альянсу на ўсім усходнім флянгу, а ня толькі на поўначы».
Дзяржаўны сакратар ЗША раней ужо анансаваў, што 4 красавіка ў Вашынгоне «мы зможам абвясьціць чарговую сэрыю дзеяньняў, якія будзем ажыцьцяўляць супольна, каб супрацьпаставіць дзеяньням Расеі ў Крыме і Азоўскім моры».