Міністэрства фінансаў ЗША ў пятніцу пашырыла санкцыйныя сьпісы ў дачыненьні да Расеі, дадаўшы ў іх 6 фізычных асобаў і 8 кампаній.
Гэта зьвязана з захопам украінскіх караблёў расейскімі памежнікамі, анэксіяй Крыма і правядзеньнем незаконных выбараў на ўсходзе Ўкраіны. Паведамленьне апублікавана на сайце Фэдэральнага казначэйства ЗША.
Сярод фізычных асобаў, якія трапілі пад новыя санкцыі: супрацоўнікі ФСБ Руслан Рамашкін, Андрэй Шэін, контр-адмірал Сяргей Станкевіч і намесьнік дырэктара памежнай службы Расеі Генадзь Мядзьведзеў. У сьпіс унесеныя і супрацоўнікі цэнтральнай выбарчай камісіі так званай «ДНР» Аляксей Найдзенка і Ўладзімір Высоцкі.
Пад абмежаваньні патрапілі кампаніі: канцэрн «Океанприбор», кампанія «Звезда», Яраслаўскі суднабудаўнічы завод, Зеленадольскі завод імя Горкага, а таксама разьмешчаныя ў Крыме завод «Фиолент», канструктарскае бюро «Судокомпозит», кампаніі «Новые проекты» і «Консоль-строй».
Раней Эўрапейскі Зьвяз увёў санкцыі супраць васьмі грамадзянаў Расеі ў сувязі з захопам украінскіх ваенных караблёў у Чорным моры і арыштам іх экіпажаў у лістападзе летась. Таксама былі падоўжаныя абмежаваньні супраць 163 расейскіх грамадзянаў і 44 юрыдычных асобаў у сувязі з анэксіяй Крыма і ўмяшальніцтвам ва ўзброены канфлікт на ўсходзе Ўкраіне.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.