Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вернецца пасол Бабіч у Маскву


Михаил Бабіч і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 25 верасьня 2018
Михаил Бабіч і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 25 верасьня 2018

Наколькі імавернае адкліканьне пасла РФ Бабіча ці абвяшчэньне яго persona non grata? Яго паводзіны — выкананьне заданьня ці вынік яго асабістасьцяў? Як беларуская ўлада зьбіраецца супрацьдзейнічаць інфармацыйнаму наступу «рускага сьвету»? Аналізуюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

Сьцісла

  • Адкліканьне ці выдаленьне пасла Бабіча выяўляецца справай малаімавернай
  • Стыль паводзінаў пасла — у меншай ступені выяўленьне яго характару, у большай — новая лінія Крамля адносна Беларусі
  • Ня выключаная кампанія байкоту пасла беларускай уладнай элітай, індыкатарам будзе колькасьць яго візытаў на прадпрыемствы і сустрэчаў з чыноўнікамі
  • Расея стварае ў Беларусі інфармацыйную сетку «расейскага сьвету», каб кансалідаваць тых, хто падтрымлівае палітыку РФ у канфліктах з Украінай і Захадам
  • Пакуль беларускія ўлады абмяжуюцца ідэалягічным, інфармацыйным супрацьдзеяньнем гэтай сетцы

Дракахруст: Расейскі тэлеграм-канал «Кремлевский мамковед» напісаў са спасылкай на крыніцы ў пуцінскай адміністрацыі, што пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч у хуткім часе пакіне сваю пасаду. Верыць усяму, што пішуць тэлеграм-каналы, не выпадае. Але варта прыгадаць кантэкст, падзеі апошніх тыдняў. Аляксандар Лукашэнка ў сваім пасланьні, не называючы пасла, абрынуўся на «тых, хто прыехаў» і вядзе недружалюбную адносна Беларусі інфармацыйную палітыку. Адказваючы на пытаньне дэпутаткі Канапацкай, кіраўнік дзяржавы скрытыкаваў пасла наўпрост.

У адказ Міхаіл Бабіч сказаў, што прэзыдэнта Беларусі ўвялі ў зман, а Канапацкую абвінаваціў у хлусьні. Раней расейскі пасол скрытыкаваў кіраўніка МЗС Уладзімера Макея за недастаткова пачцівы камэнтар наконт словаў расейскага прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз у другі раз выступіў з рэзкім адказам паслу РФ, абвінаваціўшы яго ў разбурэньні двухбаковых адносінаў. Дык можа тэлеграм-канал і меў рацыю і Міхаіл Бабіч сапраўды ў хуткім часе пакіне Менск — ці будзе адкліканы ці нават абвешчаны persona non grata. Наколькі гэта імаверна?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Цяжка даваць прагнозы ў такім выпадку. Але я думаю, калі цяпер Бабіч зьедзе зь Менску, то гэта будзе вялікая іміджавая параза Пуціна і пэўная псыхалягічная перамога Лукашэнкі. Бо канфлікт Бабіча з афіцыйным Менскам стаў публічным, за ім назірае палітызаваная частка грамадзтва. Ці можа Менск абвясьціць Бабіча persona non grata? Думаю, гэта занадта нават для Лукашэнкі.

Дракахруст: Я з вамі згодны, адкліканьне Бабіча ці абвяшчэньне яго будзе паразай Пуціна. Ці наважыцца на гэта Лукашэнка — гэта сапраўды вялікае пытаньне. Мне здаецца больш імаверным ператварэньне пасла ў асобу, таксычную для беларускай уладнай эліты, своеасаблівы байкот. Такое ў міжнароднай практыцы здараецца: такое было адносна амэрыканскіх дыпляматаў у Беларусі ў разгар канфліктаў з Амэрыкай, такое было ў Расеі адносна пасла ЗША Майкла Макфола ў часы прэзыдэнцтва Абамы, такое ёсьць зараз у ЗША адносна пасольства Расеі пасьля скандалаў з расейскім умяшальніцтвам у выбары і амэрыканскі палітычным працэс. Хаця зладзіць такі байкот будзе даволі складана. Сувязі Беларусі і Расеі вельмі шчыльныя, шмат рабочых, практычных пытаньняў вырашаецца праз пасла, які да таго ж яшчэ і спэцпрадстаўнік прэзыдэнта Расеі.

Індыкатарам тут будзе частата візытаў Міхаіла Бабіча на беларускія прадпрыемствы, яго сустрэчаў з высокімі беларускімі чыноўнікамі. Калі яна істотна зьменшыцца, гэта будзе сьведчыць, што загад на байкот быў аддадзены. Калі не, сытуацыю можна будзе апісаць словамі з савецкага сэрыялу «Месца сустрэчы зьмяніць нельга»: «Няма ў вас мэтадаў супраць Косьці Сапрыкіна». На ваш погляд, у якой ступені наступальны, нават агрэсіўны, стыль паводзінаў пасла Бабіча — праява асаблівасьцяў яго асобы, а ў якой — заданьне, якое ён атрымаў, лінія, якую ён абавязаны весьці? Справа ў тым, што раней пасаду пасла займалі іншыя асобы, ці ў тым, што раней была іншая лінія?

Карбалевіч: Пэўная пячатка асабістасьці асобы Бабіча тут прысутнічае. Але не ў вялікай меры. У асноўным ён выконвае заданьне. Бо калі б гэта была ягоная асабістая лінія паводзінаў, то пасьля першага ж канфлікту (а іх было ўжо нямала) яму б выразна растлумачылі з Масквы, што так рабіць нельга, і далей ён бы паводзіў сябе як звычайны пасол. Але паколькі Бабіч працягвае сябе паводзіць так, як мы бачым, то гэта значыць, што ніякага стрымліваньня з Масквы няма. І гэта значыць, што Бабіч атрымаў карт-бланш ад Пуціна. Таму на 80-90% ягоныя паводзіны — гэта адлюстраваньне цяперашняга палітычнага курсу Крамля адносна Беларусі. Ну а 10-20% — гэта ўжо выяўленьне асаблівасьцяў асобы Бабіча. Бо, напрыклад, можна праводзіць жорсткую лінію Масквы, не апускаючыся да асабістых абразаў на адрас Лукашэнкі.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Нядаўна беларускі палітоляг Андрэй Елісееў апублікаваў даклад пра новыя інтэрнэт-выданьні, якія зьявіліся ў Беларусі ў апошнія гады і якія вельмі актыўна праводзяць парадак дня «рускага сьвету». У дакладзе Елісеева прыводзіцца фота з сустрэчы пасла Бабіча з актывістамі, якія маюць дачыненьне да гэтай інфармацыйнай сеткі «рускага сьвету» у Беларусі. Можна меркаваць, што менавіта гэтую сетку і меў на ўвазе Лукашэнка ў пасланьні, калі аддаваў загад пачаць змаганьне з сапраўднай небясьпекай, а не з «дохлай апазыцыяй». І як улада будзе весьці гэтае змаганьне?

Карбалевіч: Гэтыя расейскія інфармацыйныя рэсурсы зьявіліся фактычна адначасова з зьяўленьнем у Менску Бабіча. Таму можна казаць, што гэта частка новага агульнага праекту адносна Беларусі, які цяпер рэалізуе Масква. Відавочна, Расея спрабуе апэляваць да той часткі беларускага грамадзтва, якая ляяльная да Расеі, падтрымлівае пазыцыю РФ у канфлікце з Захадам і Ўкраінай (такіх каля 65%). Масква праз галаву афіцыйнага Менску імкнецца кансалідаваць прыхільнікаў «рускага сьвету» у Беларусі. Было б дзіўна, каб Масква не скарысталася гэтай сытуацыяй дзеля ўплыву на беларускае грамадзтва.

У пытаньнях замежнай палітыкі, па пытаньні канфлікту Расеі з Захадам і Ўкраінай, пазыцыя гэтых дзьвюх трацінаў насельніцтва выяўляецца больш прарасейскай, чым пазыцыя афіцыйнага Менску. Бо афіцыйны Менск імкнецца захаваць нэўтралітэт, а насельніцтва сымпатызуе Расеі. Што могуць зрабіць беларускія ўлады ў процідзеяньні расейскаму інфармацыйнаму наступу? Магчымасьці не надта вялікія. Можна паспрабаваць перакрыць доступ да гэтых рэсурсаў, як гэта зрабілі з «Хартыяй». Але гэта як змагацца з акіянам. Інтэрнэт — гэта акіян.

Калі Лукашэнка у пасланьні казаў, што мы не з тымі змагаемся, то сапраўды можна было меркаваць, што маюцца на ўвазе гэтыя расейскія рэсурсы. У прамове Лукашэнкі размова ішла пра інфармацыйнае, ідэйнае супрацьдзеяньне. Але ўлады гэта дрэнна ўмеюць рабіць.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG