Пра гэта паведаміў толькі расейскі бок, беларускія міністэрскія сайты і дзяржаўныя СМІ маўчаць.
Паводле прэс-службы амбасады Расеі ў Беларусі, 8 красавіка прайшла сустрэча міністра ўнутраных справаў Беларусі Ігара Шуневіча і амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча. Мяркуючы па фота, сустрэча адбывалася ў памяшканьні МУС Беларусі.
Сьцьвярджаецца, што на сустрэчы абмяркоўваліся «ключавыя пытаньні ўзаемадзеяньня абедзьвюх краінаў у сфэры забесьпячэньня грамадзкага парадку і процідзеяньня злачыннасьці».
Размова тычылася таксама падпісаньня пагадненьня паміж урадамі Беларусі і Расеі аб узаемным прызнаньні візаў, пытаньняў уезду замежных грамадзянаў на тэрыторыю дзьвюх краінаў, барацьбы з наркатрафікам, пранікненьнем злачынных элемэнтаў, нелегальнай міграцыі, правозу забароненых у Расеі тавараў і «лжэтранзыту».
Што было вырашана на сустрэчы, расейскі бок не паведамляе. Беларускі бок — сайты МУС, МЗС і іншых міністэрстваў, а таксама дзяржаўныя СМІ — не паведамляе пра саму сустрэчу.
«Сустрэча прайшла ў дзелавой і добразычлівай атмасфэры», — рэзюмуе сайт расейскай амбасады.