Расея ніколі не называла прадажны кошт Беларускай АЭС, Аляксандра Лукашэнку «чарговы раз увялі ў зман». Пра гэта заявіў амбасадар Расеі ў Менску Міхаіл Бабіч.
«Справа ў тым, што ні я, ні якія іншыя службовыя асобы з расейскага боку ніколі не называлі канчатковы кошт беларускай атамнай станцыі», — сказаў Міхаіл Бабіч тэлеканалу «Расея-24».
Паводле Бабіча, «цяпер яго ніхто ня ведае». А разьлічыць яго можна будзе «толькі пасьля завяршэньня будаўніцтва абодвух блёкаў, а гэта як вядома адбудзецца не раней за канец 2020 году».
Сёньня ў штогадовым пасланьні да беларускага народа і парлямэнта Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што кошт будаўніцтва Беларускай АЭС складзе менш за 7 мільярдаў даляраў.
«У нас крэдытнае пагадненьне было на 10 мільярдаў даляраў. Але я сказаў Пуціну, што рэальная цана будзе меншай за 7 мільярдаў. Чаму ў нас станцыя аказалася таньнейшай? Жастачайшы кантроль. Кожную запчастку, адкуль бы яна ні ішла, мы паставілі на дзяржаўны кантроль. Мне асабіста дакладваюць пра кожную падзею. У нас жа разьвітая фобія пасьля Чарнобылю», — заявіў Лукашэнка.
Дэпутатка Ганна Канапацкая, якая задавала пытаньне, спаслалася на амбасадара Расеі і сказала, што РФ зьнізіла цану на Беларускую АЭС на 3 мільярды.
У адказ Лукашэнка сказаў, што расейскі амбасадар «ня ўмее лічыць і шкодзіць Расеі».
Пагадненьне пра будаўніцтва АЭС паміж Беларусьсю і Расеяй было падпісана ў 2011 годзе. Будуюць станцыю за кошт расейскага крэдыту.