Перамовы паміж Беларусьсю і Расеяй аб цане на газ, якая будзе ўстаноўлена для Беларусі з 1 студзеня 2020 году, ідуць пастаянна. Кошт абмяркоўваецца ў комплексе зь іншымі датычнымі інтэграцыі працэсамі. Пра гэта журналістам распавёў амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч, наведваючы 4 красавіка Берасьце, паведамляе TUT.BY.
«У кожнага пытаньня ёсьць свае часовыя этапы. Мы дзейнічаем па графіку, вядзем перамовы ў адпаведнасьці з нашым плянам», — распавёў Бабіч.
Што тычыцца канкрэтнай цэны на газ, то, як адзначыў Бабіч, гэтае пытаньне разглядаецца ў комплексе ўсіх інтэграцыйных пытаньняў: стварэньня адзінага газавага рынку, адзінага рынку нафтапрадуктаў, рынку энэргетыкі, а таксама стварэньня роўных умоў гаспадараньня.
Бабіч адзначыў, што пытаньні цэны на нафту, газ падымаліся і 10 гадоў таму, і Беларусь і Расея «заўсёды знаходзілі рашэньні і разьвівалі нашу інтэграцыю».
Што тычыцца вылучэньня 600 млн даляраў крэдыту, то, па словах Бабіча, рашэньне было прынята Пуціным у адпаведнасьці з дамоўленасьцямі, дасягнутымі паміж прэзыдэнтамі ў Сочы ў верасьні 2018 году. Тое, што навіна прагучала напярэдадні Дня яднаньня Беларусі і Расеі, Бабіч назваў супадзеньнем.
У Берасьце Міхаіл Бабіч прыехаў пасьля наведваньня рэгіёнаў. У Пінску ён наведаў Сьвята-Варварынскі катэдральны сабор і сустрэўся з арцыбіскупам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам. Затым ён агледзеў кобрынскі ваенна-гістарычны музэй і СТАА «Палесьсе».
Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія
- Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
- 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
- 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
- 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
- 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
- 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
- 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
- 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
- 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
- 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.