Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі. Ён заяўляе, што стратэгічная мэта Расеі — падарваць сувэрэнітэт Беларусі, узмацніць над ёй геапалітычны кантроль, тлумачыць, пра што сьведчаць паводзіны амбасадара Расеі Бабіча, і заяўляе, што беларуская ўлада не маналітная.
Сьцісла
- Стратэгічная мэта Расеі — падарваць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі.
- Паводзіны Бабіча сьведчаць, што ён мае мандат самага высокага ўзроўню.
- Беларуская ўлада не зьяўляецца маналітнай і аднароднай. Ёсьць розныя групоўкі, і адна зь іх відавочна глядзіць у бок Масквы.
- Улада вяртаецца да такіх зразумелых ёй інструмэнтаў, як рэпрэсіі і ўзмацненьне ўнутрыпалітычнага кантролю.
Масква імкнецца стварыць мадэль асымэтрычнай залежнасьці Беларусі ад Расеі
— «Нашы партнэры ўводзяць усё больш санкцыяў супраць Беларусі... Нам закрываюць рынак... Абнахабіліся да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі», — заявіў 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы беларуска-расейскія дачыненьні. Ці сапраўды Расея праводзіць настолькі агрэсіўную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, ці Аляксандар Лукашэнка рытарычна перабольшвае?
— Гэта ўжо добрая традыцыя, што калі мы пачынаем нашу з вамі размову — то мы канстатуем, што наш папярэдні прагноз спраўдзіўся. Тое, што мы назіраем апошнім часам, — гэта нарошчваньне ціску на Беларусь з боку Крамля: у эканамічнай, інфармацыйнай і вайсковай сфэры.
Я б не сказаў, што Лукашэнка перабольшвае. Ён проста канстатуе сытуацыю, якую я б назваў «новай нармальнасьцю». Гэта калі Расея пераўтвараецца зь сяброўскай краіны ў крыніцу пагроз і выклікаў для беларускай незалежнасьці. Таму мне здаецца, што трэба з гэтай «новай нармальнасьцю» зьмірыцца. Прыняць яе і зрабіць адпаведныя крокі на шляху рэфармаваньня эканомікі, унутранай і замежнай палітыкі.
Тое, што Расея робіць, — гэта мэтанакіраваная стратэгія нарошчваньня ціску. Яна, з аднаго боку, зьвязаная з тым, каб зьменшыць узровень залежнасьці Расеі ад Беларусі, а з другога — нарасьціць залежнасьць Беларусі ад Расеі. І пакуль гэта ў Масквы даволі добра атрымліваецца.
— Калі прызнаць, што менавіта Расея ініцыюе канфрантацыю зь Беларусьсю — то якая ў гэтым стратэгічная мэта? Паставіць саюзьніка на месца, адбіцца ад беларускіх прэтэнзіяў на працяг супрацоўніцтва ў ранейшым фармаце?
— Як мне падаецца, стратэгічная мэта Расеі — падарваць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі. Крэмль пераглядае фармат стасункаў зь Менскам. Гаворка ідзе пра тое, каб стварыць мадэль асымэтрычнай залежнасьці Беларусі ад Расеі, пры якой Расея ўзмацняе кантроль над унутрыпалітычнымі і замежнапалітычнымі працэсамі.
У Расеі цяпер няма рэсурсаў, каб падтрымліваць Беларусь у тых жа маштабах, як раней, да новай халоднай вайны з Захадам апошніх гадоў. Таму Расея больш ня будзе выплочваць Беларусі геапалітычную рэнту, якую мы атрымлівалі апошнія 20 гадоў за дэманстрацыю геапалітычнай ляяльнасьці. Гэта, з гледзішча Крамля, больш непатрэбна.
Існуюць унутрыпалітычныя матывы ў Расеі, якія падштурхоўваюць Крэмль да больш жорсткай і агрэсіўнай палітыкі. Трэба вырашаць праблему рэйтынгу, праблему 2024 году. Калі ўзяць пад увагу, што Крэмль ня можа вырашыць унутраныя сацыяльна-эканамічныя праблемы, то адзін з варыянтаў — нейкае аб’яднаньне зь Беларусьсю.
Разглядаюцца розныя варыянты, але ўсе яны не сяброўскія. Расея зь сяброўскай краіны ператвараецца ў несяброўскую, і гэта відаць па апошніх кроках. Расея будзе з дапамогай ціску прымушаць Беларусь да паглыбленай інтэграцыі. Калі гэтага не атрымаецца, то гэта можа прывесьці да пагаршэньня сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. І гэта будзе ствараць умовы для ўмяшаньня Расеі ва ўнутрыпалітычныя справы Беларусі — як з дапамогай мяккай сілы, так і жорсткай. Бо адпаведныя сцэнары прапрацоўваюцца і агучваюцца.
Апошнія гады Расея вельмі эфэктыўна скарачала сваю залежнасьць ад Беларусі ва ўсіх сфэрах
— Было такое ўражаньне, што апошнія месяцы Лукашэнка шчыра не хацеў выказваць нейкі нэгатыў на адрас расейскіх «партнэраў», як ён іх называе. Ці лічыце вы, што кіраўнік Беларусі вымушаны рэагаваць на канкрэтныя дзеяньні Масквы, ці (як лічаць многія) Лукашэнку выгадна разыгрываць карту «расейскай пагрозы» дзеля ўнутраных і замежнапалітычных мэтаў?
— Лукашэнка вымушаны рэагаваць на недружалюбныя крокі з боку Крамля. Размова ідзе пра тое, што Расея не выконвае сваіх абавязкаў згодна з дамовай аб «саюзнай дзяржаве» і Эўразійскім эканамічным саюзе. Пачынаючы з 2015 году Расея праводзіць вельмі агрэсіўную палітыку ціску на Беларусь. Ігнараваць гэта было б небясьпечна. Такімі жорсткімі заявамі Лукашэнка дэманструе, па-першае, непрымальнасьць таго, што Крэмль дазваляе сабе весьці перамовы зь Менскам з пазыцыі сілы.
Па-другое, Лукашэнка спрабуе прадэманстраваць, што ён таксама мае козыры на гэтых перамовах. Але наколькі эфэктыўныя тыя козыры — вялікае пытаньне. Апошнія гады Расея вельмі эфэктыўна скарачала сваю залежнасьць ад Беларусі ва ўсіх сфэрах.
Таму я б не казаў, што гэта з боку Лукашэнкі гульня, зьвязаная з электаральнымі кампаніямі ў Беларусі. Мы апошнія гады абмяркоўваем тыя індыкатары, якія сьведчаць, што Расея рыхтуецца да розных сцэнараў адносна Беларусі. Крэмль ужо адкрыта сфармуляваў сваю стратэгічную мэту — узмацніць свой кантроль над Беларусьсю. Мне падаецца, гэта не зусім падобна да нейкай унутрыпалітычнай гульні.
Тое, што Лукашэнка ўзяў паўзу і пэўны час не крытыкаваў Крэмль, зьвязана з тым, што існуе нейкая група ў кіраўніцтве Беларусі, якая спрабуе пераканаць Лукашэнку, што можна дамовіцца з Крамлём і вырашыць усе праблемы. Але мне падаецца, што гэта ілюзія. І замест таго, каб спадзявацца, што магчымыя нейкія дамоўленасьці без саступак Расеі, — трэба рэфармаваць эканоміку, зьмяняць канструкцыю ўнутрыпалітычнай сыстэмы, дывэрсыфікаваць замежную палітыку.
Беларуская ўлада не зьяўляецца маналітнай і аднароднай. Ёсьць розныя групоўкі, і адна зь іх відавочна глядзіць у бок Масквы
— Нетыпова, што ў дыскусіях з Расеяй вялікую ролю адыграе амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч — такая актыўная роля не была ўласьцівая ягоным папярэднікам. Чым гэта можна патлумачыць? Ці гэта проста асаблівасьці асобы і характару Бабіча, ці гэта наўмысная і сплянаваная стратэгія Крамля, калі пасол уступае ў дыскусію з МЗС і нават з кіраўніком Беларусі?
— Спадар Бабіч — не звычайны дыплямат. Ён мае вельмі сур’ёзны сілавы і палітычны бэкграўнд, уваходзіць у найбліжэйшае кола Пуціна, людзям зь якога звычайна даручаюцца спэцыфічныя місіі. Ягоная місія ў Беларусі відавочна выходзіць за рамкі толькі дыпляматычнай працы. Ён прымае ўдзел у працэсе фармуляваньня тактыкі і стратэгіі Расеі адносна нашай краіны.
Ягоная дзейнасьць у Беларусі зьвязаная з усталяваньнем кантактаў, зборам і аналізам інфармацыі. І гэта вельмі сур’ёзны сыгнал, які сьведчыць, што Расея рыхтуецца да перафарматаваньня палітычнага поля ў Беларусі. Бабіч мае вельмі высокі статус, ён можа дакладваць Пуціну непасрэдна, узначальвае розныя групы, якія аналізуюць розныя пункты беларускай палітычнай і эканамічнай сыстэмы. Паводзіны Бабіча сьведчаць, што ён мае мандат самага высокага ўзроўню.
— Шэраг апошніх падзеяў у Беларусі — крыжалом у Курапатах, ператрус у «Белсаце», 15 сутак Статкевічу і Вінярскаму за «заклік да малебна», змаганьне з «экстрэмізмам» у сацыяльных сетках — сьведчыць пра тое, што ўлада зноў вяртаецца да рэпрэсіўных мэтадаў. Чаму, замест таго каб працягваць руку незалежнаму грамадзтву, улада зноў займаецца рэпрэсіямі?
— Гэта сьведчыць перш за ўсё пра тое, што ўлада не зьяўляецца маналітнай і аднароднай. Ёсьць розныя групоўкі, і адна зь іх відавочна глядзіць у бок Масквы і зацікаўленая ў тым, каб Беларусь была ізаляванай ад Захаду краінай. Яна грае таксама на падрыў адносін з Кітаем. Гэта адпавядае стратэгічным мэтам Расеі, бо чым больш Беларусь ізаляваная, тым больш уплыву мае Крэмль на сытуацыю ў Беларусі.
Ёсьць групоўка «тэхнакратаў», якая спрабуе рабіць рацыянальныя рэчы, прапаноўвае пэўныя рэформы, каб вырашыць структурныя праблемы ў эканамічнай сфэры.
Кожная групоўка спрабуе ўплываць на рашэньні на самым высокім узроўні, навязаць сваё бачаньне нейкай праблемы. Калі казаць пра Курапаты, то відавочна, што гэта сабатаж з боку выканаўцаў. Выпадак «Белсату» паказвае, што пры агульнай тэндэнцыі закручваньня гаек гэта яшчэ ня стала трывалым трэндам. Ёсьць групоўкі, якія спрабуюць пераламіць гэтую сытуацыю.
Гэта ўсё сьведчыць, што пакуль няма пэўнага разуменьня стратэгіі, як з гэтага тупіка ў адносінах з Расеяй выходзіць. Таму ўлада і вяртаецца да такіх зразумелых ёй інструмэнтаў, як узмацненьне ўнутрыпалітычнага кантролю. Я лічу, што гэта ня самы эфэктыўны спосаб. Наадварот, гэта спрыяе разбалянсаваньню агульнай унутрыпалітычнай сытуацыі.