Госьць «Інтэрвію тыдня» — беларускі палітоляг, кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Ён аналізуе новы раўнд нафтавай вайны, тлумачыць, чаму амбасадар Бабіч гэтак раздражняе Лукашэнку, і заяўляе, што асабістыя адносіны паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі сапсаваліся настолькі, што для Пуціна Лукашэнка цяпер непрыемны нават як суразмоўца, ня тое што як партнэр.
Сьцісла
- Асоба Бабіча стала громаадводам, які прыцягвае гнеў Лукашэнкі.
- Адбылося рэзкае зьніжэньне ўзроўню двухбаковай камунікацыі паміж Менскам і Крамлём.
- Беларусь больш ня можа прэтэндаваць на эксклюзіўны статус ад Масквы.
- Для Пуціна Лукашэнка зараз непрыемны нават як суразмоўца, ня толькі як партнэр.
Калі б Беларусі была нявыгадная расейская нафта — яе б не было, яе б замясьцілі
— Беларуска-расейскія гандлёвыя войны, здаецца, ужо ня дзівяць экспэртаў і грамадзтва. Але днямі адбылася ўнікальная падзея — Беларусь празь няякасную расейскую нафту вымушаная была прыпыніць экспарт нафтапрадуктаў у іншыя краіны. Расейскі бок прызнаў, што няякасная нафта была пастаўленая. Аляксандар Лукашэнка, як памятаем, нядаўна заявіў, што калі раптам трэба рабіць рамонт нафтаправодаў, то можна рабіць. Так што нафтавыя спрэчкі выйшлі на нейкі новы ўзровень. Ці гэта чыста тэхнічная праблема, ці можна выказваць вэрсію, што апошнія падзеі ў нафтавай сфэры зьвязаныя з палітычнымі супярэчнасьцямі?
— Я б разьвёў гэтыя падзеі — выказваньне Лукашэнкі і сытуацыю зь якасьцю расейскай нафты. Гэтая нафта ўжо трапіла на тэрыторыю Эўразьвязу, што ставіць пытаньне, ці здольная Расея забясьпечыць пастаўку якаснага прадукту. Таму тут, хутчэй за ўсё, сапраўды мае месца тэхнічны чыньнік, што сьведчыць пра агульную тэхналягічную дэградацыю Расейскай Фэдэрацыі.
Што да выказваньня Лукашэнкі пра магчымасьць спыніць працу нафтаправоду пад выглядам рамонту, то гэта была вельмі шкодная для Беларусі заява. Бо ўзьнікае пытаньне пра добрасумленнасьць Беларусі як краіны-транзытэра з боку заходніх партнэраў.
— Сёньня, 23 красавіка, намесьнік дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі паведаміў, што БНК гатовая ў 2019 годзе пачаць альтэрнатыўныя расейскім пастаўкі нафты. Штосьці гэта нагадвае — гэта было і 5, і 7 гадоў таму, але нічым ня скончылася. Ці дойдзе зараз ад рыторыкі да сапраўдных рашэньняў?
— Пакуль гэта хутчэй прапрацоўка магчымых маршрутаў. Нафтавы бізнэс — гэта бізнэс, дзе трэба лічыць грошы. І той факт, што мы закупляем і перапрацоўваем нафту менавіта ў Расеі — сьведчыць, што гэта выгадна і эканамічна абгрунтавана. Зь цягам часу, калі кошты расейскай нафты будуць узрастаць з прычыны расейскага нафтавага манэўру, — можа ўзьнікнуць пытаньне аб дывэрсыфікацыі.
Але яно вельмі складанае. Бо з аднаго боку — краіна, якая здабывае нафту і перапампоўвае па сваёй тэрыторыі для нас. З другога — некалькі краінаў-транзытэраў, або марская перавозка нафты. То бок кошт «транспартнага пляча» (нават калі ў будучыні расейская нафта для Беларусі будзе каштаваць як на ўсясьветным рынку) можа зрабіць эканамічна нявыгадным закуп нафты па-за межамі Расеі.
Паўтаруся: калі б Беларусі была нявыгадная расейская нафта — яе б не было, яе б замясьцілі. Тое, што мы набываем 100 працэнтаў нафты ў Расеі — кажа, што эканамічны сэнс у гэтым ёсьць. Калі, вядома, не ўмяшаецца палітыка, калі не ўявіць, што недзе ў будучыні Расея не ўвядзе адносна Беларусі (як цяпер адносна Ўкраіны) нафтавае эмбарга.
Паміж Менскам і Крамлём адбылося рэзкае зьніжэньне ўзроўню двухбаковай камунікацыі
— Канфлікты разрастаюцца і на харчовым фронце. Масква ўводзіць усё новыя абмежаваньні на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі. Нядаўна ў Смаленскай вобласьці былі зьнішчаныя садавіна, гародніна і ягады зь Беларусі, якія, як заяўляе Расея, былі вырабленыя ў «санкцыйных» эўрапейскіх краінах. Ці расейскія адпаведныя ведамствы пачалі пільней працаваць, ці гэта проста выкананьне палітычнага загаду?
— Мабыць, ёсьць наўпроставы загад, які паходзіць з вышэйшых расейскіх эшалёнаў улады, каб спыніць любы транзыт санкцыйнай прадукцыі празь беларускую тэрыторыю на тэрыторыю Расеі. І калі так — то гэта вельмі кепскі знак для афіцыйнага Менску. Бо трэба разумець, што калі б у Расеі вельмі ўплывовым людзям не было выгадна гандляваць санкцыйнай прадукцыяй пад выглядам беларускай, то беларускі бок ня змог бы арганізаваць гэты транзыт. І калі дадзены загад такі транзыт спыніць — то гэта відавочна палітычнае рашэньне, менавіта супраць афіцыйнага Менску.
— Працягваецца палеміка на неардынарным і раней нябачаным узроўні паміж беларускім кіраўніцтвам і амбасадарам Расеі Міхаілам Бабічам. З апошняга — прадстаўнік МЗС Глаз заявіў: «На працягу доўгага часу шэраг вонкавых сілаў беспасьпяхова спрабавалі разбурыць цесныя і дружалюбныя стасункі двух брацкіх народаў. Дык вось: тое, што не ўдалося гэтым вонкавым сілам на працягу некалькіх апошніх дзесяцігодзьдзяў, пасьпяхова і эфэктыўна ўдаецца спадару Бабічу літаральна за некалькі месяцаў». Чаму такі асаблівы фокус на асобе амбасадара?
— Таму што Бабіч — не зусім амбасадар. Ён перш за ўсё адмысловы прадстаўнік прэзыдэнта Расеі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве зь Беларусьсю.
Я хачу нагадаць, што раней афіцыйны Менск вырашаў нейкія пытаньні з Масквой наўпрост з Крамлём. Праблемы вырашаліся на ўзроўні прэзыдэнтаў, прэм’ераў, далей — міністэрстваў. Цяпер той факт, што ў Менску знаходзіцца Бабіч, азначае вельмі простую рэч. «Замест таго каб дурыць галаву Пуціну — размаўляйце з Бабічам».
Статус амбасадара прыблізна роўны статусу намесьніка міністра. То бок адбылося рэзкае зьніжэньне ўзроўню двухбаковай камунікацыі паміж Менскам і Крамлём. І гэта, безумоўна, выклікае раздражненьне асабіста ў Лукашэнкі. Зь іншага боку, невядома, што з гэтым рабіць. Бо Менск прызвычаіўся да эксклюзіўнага характару беларуска-расейскіх адносінаў.
Таму тут ёсьць і эмацыйны момант, калі асоба Бабіча стала громаадводам, які прыцягвае гнеў Лукашэнкі. Зь іншага боку, гэта спроба прыбраць Бабіча, каб прыехаў нехта іншы, каб быў толькі амбасадарам, а сур’ёзныя пытаньні вырашаліся б на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Мне падаецца, гэта цяпер немагчыма, і Менск павінен зьмірыцца з новай рэчаіснасьцю, памяняць танальнасьць выказваньняў, як мага хутчэй прыбраць любы нэгатыў з публічнай прасторы ў адносінах. Лепш увогуле нічога, чым скандальныя і правакацыйныя заявы.
Беларусь больш ня можа прэтэндаваць на эксклюзіўны статус для Масквы
— Вы кажаце «Менск павінен зьмірыцца з новай рэчаіснасьцю». У чым яна палягае?
— У тым, што Беларусь больш ня можа прэтэндаваць на эксклюзіўны статус для Масквы. Гэта больш не прывілеяваны партнэр. Адпаведна, пытаньне згортваньня падтрымкі (ці датацыяў, называйце як хочаце) — гэтая эпоха сканчаецца, гэтага больш ня будзе. Тое, што падтрымка будзе абнуляцца, — гэта вырашанае пытаньне.
— Раней Менску ўдавалася падвышэньнем градусу рыторыкі, «дыпляматыяй скандалу» вымусіць Маскву да саступак. Але цяпер такога няма, што і прыводзіць Лукашэнку ў стан разгубленасьці. Чым можна патлумачыць гэтыя новыя паводзіны Масквы?
— Па-першае, у Расеі адбылася трансфармацыя часткова кіроўнай эліты, часткова — яе сьветапогляду. Па-другое, у Маскве пабачылі, што Лукашэнка — «так сабе» партнэр. Калі ўсё добра — то нармальна. Але калі пачынаюцца праблемы, то разьлічваць на беларускую падтрымку не выпадае. Адпаведна, і няма за што плаціць.
Трэці момант — сапсаваліся асабістыя адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным. Можа, я жорстка скажу, але для Пуціна Лукашэнка зараз непрыемны нават як суразмоўца, ня тое што як партнэр. А на постсавецкай прасторы, дзе палітыка да гэтага часу робіцца асобамі, а ня нацыямі і інстытутамі, асабістыя адносіны — вельмі важны чыньнік. І гэтыя адносіны сапсаваліся ў вельмі значнай ступені.
Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія
- Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
- 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
- 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
- 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
- 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
- 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
- 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
- 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
- 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
- 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.