Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі 20 красавіка на суботніку, ня стаў камэнтаваць апошнія выказваньні расейскага пасла Міхаіла Бабіча і заявіў, што «Расея зь ім разьбярэцца сама».
Сярод іншага журналісты папрасілі Лукашэнку пракамэнтаваць досыць нэрвовую рэакцыю пасла Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча на тэму БелАЭС пасьля пасланьня прэзыдэнта народу і парлямэнту.
«Я не буду камэнтаваць гэты момант. Няслушна будзе, калі я буду камэнтаваць, хоць маю сваё меркаваньне. Пасол Расеі — гэта прадстаўнік прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі — майго добрага сябра (ён яго рэкамэндаваў сюды). І гэта прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Расеі. Яны разьбяруцца там з гэтым паслом. Я абсалютна ўпэўнены», — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзыдэнта.
«Гэта старажытная, з добрымі традыцыямі краіна, якая выдатна разумее, як павінен сябе паводзіць той ці іншы пасол як у Расеі, так і за яе межамі. Тут нават камэнтаваць няма чаго. Гэта расейскі пасол, і Расея зь ім разьбярэцца сама», — упэўнены беларускі кіраўнік.
Бабіч напярэдадні выказаў прэтэнзіі на адрас дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ганны Канапацкай. Дыплямат лічыць, што Канапацкая, якая задала пасьля штогадовага пасланьня Аляксандра Лукашэнкі народу і парлямэнту 19 красавіка пытаньне аб зьніжэньні кошту будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, паўдзельнічала ў правакацыі.
Дэпутатка пацікавілася ў Лукашэнкі, ці сапраўды Расея зьнізіла кошт будаўніцтва БелАЭС, спаслаўшыся на Бабіча, які, паводле яе слоў, заяўляў пра гэта ў СМІ. Пры гэтым дыплямата яна не цытавала і масмэдыя не назвала.
«Я гэта ўпершыню чую. Пасол, напэўна, лічыць дрэнна ўмее. Гэта не Расія зьнізіла. Калі такое сказаў пасол, то ён шкодзіць сабе», — адрэагаваў Лукашэнка. Ён падкрэсьліў, што кошт будаўніцтва АЭС зьяўляецца камэрцыйнай таямніцай і ён з членамі ўрада і расейскім бокам дамаўляліся такія лічбы не называць, аднак, у выпадку калі гэта зрабіў пасол, трэба даць свае тлумачэньні.
Паводле слоў афіцыйнага лідэра, дамова аб будаўніцтве АЭС заключалася зыходзячы з «існуючых цэн у сьвеце» на той момант. «Я Ўладзіміру Ўладзіміравічу ^[Пуціну^] казаў: вось, мы на 10 мільярдаў дамаўляліся, а рэальная цана будзе, напэўна, меншай за 7 мільярдаў. Ён мне адказвае: вось ты падарунак мне зрабіў, толькі нікому не кажы пра гэта, мы ж кантракты заключаем зь іншымі краінамі», — сказаў Лукашэнка.
«На жаль, гісторыя нашых партнэраў нічому ня вучыць. Прыходзіцца канстатаваць, што беларускага прэзыдэнта зноў падманулі. Справа ў тым, што ні я, ні якія іншыя службовыя асобы з расейскага боку ніколі не называлі канчатковы кошт БелАЭС», — заявіў Бабіч. Паводле яго слоў, разьлічыць канчатковы кошт БелАЭС можна будзе толькі пасьля завяршэньня будаўніцтва абодвух блёкаў станцыі, «а гэта, як вядома, адбудзецца не раней за канец 2020 году».
На думку расейскага пасла, пытаньне Канапацкай магло быць «зрэжысаванае спэцыяльна».
Бабіч таксама пракамэнтаваў РБК заяву кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея, які напярэдадні, 18 красавіка, сказаў журналістам, што Беларусь даўно накіравала Расеі ў адказ прапановы па інтэграцыі, «але Дзьмітрый Анатольевіч [Мядзведзеў], магчыма, ня ў курсе».
Расейскі пасол нагадаў, што Мядзьведзеў зьяўляецца таксама членам Вышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы, старшынёй савета міністраў саюзнай дзяржавы. «Усе рашэньні, якія прымаюцца ў Саюзнай дзяржаве, ім узгадняюцца, а большасьць зь іх рэалізуюцца пад яго непасрэдным кіраўніцтвам», — сказаў Бабіч.
«Лепш бы спадару Макею гэта ў сваёй працы ўлічваць», — падкрэсьліў расейскі пасол.
У адказ на гэта беларускае МЗС заявіла, што Міхаіл Бабіч сваёй дзейнасьцю разбурае «цесныя і дружалюбныя адносіны дзьвюх братніх народаў».
«Магу толькі адаслаць да нашага папярэдняга камэнтара з нагоды яго эмацыйных заяваў некаторы час таму ў сакавіку. Усё сказанае намі раней цалкам пацьвярджаецца. Спадар пасол абсалютна ня бачыць ніякай розьніцы паміж расейскай фэдэральнай акругай, дзе, як нам расказвалі, ён любіў раздаваць павучаньні налева і направа, і незалежнай дзяржавай. Хоць у пасланьні прэзыдэнт Беларусі абсалютна дакладна і ясна выказаўся з нагоды незалежнасьці нашай дзяржавы і скептычных, мякка кажучы, адносін да нашай шматвяковай гісторыі з боку асобных замежных палітыкаў», — адзначаецца ў камэнтары прэс-сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза ў дачыненьні да выказваньняў дыплямата 19 красавіка.
«Ведаеце, што мае значэньне ў гэтай сытуацыі? На працягу доўгага часу шэраг зьнешніх сіл бесьпаспяхова спрабавалі разбурыць цесныя і дружалюбныя адносіны двух братніх народаў. Дык вось: тое, што не ўдалося гэтым зьнешнім сілам на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў, пасьпяхова і эфэктыўна ўдаецца спадару Бабічу літаральна за некалькі месяцаў», — падкрэсьліў Глаз.