Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падлічылі 80% галасоў: Зяленскі і Парашэнка выходзяць у другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны

абноўлена

Уладзімір Зяленскі пасьля агучаных дадзеных экзыт-полаў ва ўласным выбарчым штабе 31 сакавіка
Уладзімір Зяленскі пасьля агучаных дадзеных экзыт-полаў ва ўласным выбарчым штабе 31 сакавіка

Па выніках падліку 80,33% галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,41% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (16,03%) выходзяць у другі тур галасаваньня. Гэта дадзеныя Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны на 14.45 дня 1 красавіка.

На трэцім месцы пакуль знаходзіцца Юлія Цімашэнка — 13,24%. Далей ідуць Юры Бойка (11,55%) і Анатоль Грыцэнка (7,03%).

Сур’ёзных парушэньняў на выбарах адзначана не было.

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны, яўка грамадзян на прэзыдэнцкіх выбарах 31 сакавіка склала 63,92%. Гэта нават больш, чым на выбарах у 2014 годзе (пасьля акупацыі Расеяй Крыму) — тады на час закрыцьця выбарчых участкаў прагаласавалі 59,48% грамадзян, уключаных у сьпісы выбарнікаў.

ЦВК Украіны павінна абвесьціць канчатковыя вынікі першага туру галасаваньня да 10 красавіка.

Другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны адбудзецца 21 красавіка 2019 году.

Пятро Парашэнка выступае перад прыхільнікамі ва ўласным выбарчым штабе 31 сакавіка
Пятро Парашэнка выступае перад прыхільнікамі ва ўласным выбарчым штабе 31 сакавіка

Зяленскі і Парашэнка назвалі адзін аднаго «марыянэткамі»

Пасьля абвяшчэньня дадзеных экзыт-полаў Пятро Парашэнка заявіў, што «лёс зьвёў яго з марыянэткамі [бізнэсмэна Ігара] Каламойскага».

У адказ Зяленскі сказаў: «Паважаны гарант, дык вы марыянэтка Сьвінарчука або Сьвінарчук вашая».

Сьвінарчук — былое прозьвішча былога першага намесьніка сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і паплечніка Парашэнкі Алега Гладкоўскага, якога журналісты-расьсьледвальнікі абвінавацілі ў лютым у датычнасьці да крадзяжоў у абаронным комплексе Ўкраіны.

Зяленскі сказаў, што гатовы да супрацоўніцтва з Саакашвілі, той адрэагаваў, што таксама да гэтага гатовы. Зяленскі падзякаваў усім, хто прагаласаваў «не па прыколе», Парашэнка напісаў у твітэры: «1 красавіка — дзень сьмеху, пасьмяемся і годзе».

Падлік галасоў у амбасадзе Ўкраіны ў Менску
Падлік галасоў у амбасадзе Ўкраіны ў Менску

Экзыт-полы далі перамогу Зяленскаму і Парашэнку

Паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу, які супольна праводзілі Фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы», Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі і Ўкраінскі цэнтар эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, лідэрам першага туру галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны стаў актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі.

Паводле апытаньняў выбарнікаў на выхадзе з участкаў, за Ўладзіміра Зяленскага прагаласавалі 30,4%. Дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка з падтрымкай 17,8% апытаных займае 2-е месца і лідэрка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка з 14,2% галасоў на 3-м месцы.

Далей ідуць Юры Бойка (9,8%), Анатоль Грыцэнка (7,1%), Ігар Сьмяшко (6,4%), Алег Ляшко (4,8%), Аляксандар Вілкул (4%), Руслан Кашулінскі (1,8%) і Аляксандар Шаўчэнка (0,5%).

Такія дадзеныя атрыманыя ў выніку апытаньня каля 17 тысяч рэспандэнтаў на 400 выбарчых участках ва ўсіх рэгіёнах Украіны — цэнтры, захадзе, усходзе, поўдні і поўначы. Паводле сацыёлягаў, статыстычная памылка выбаркі не перавышае 1,3 %.

Нацыянальны экзыт-пол ажыцьцяўляўся пры фінансавай падтрымцы міжнародных донараў: Праграмы садзейнічаньня грамадзкай актыўнасьці «Далучайся! (яна фінансуецца Агенцтвам ЗША па міжнароднаму развіццю (USAID), Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ва Ўкраіне, Міжнароднага фонду «Адраджэньне» і Амбасады Канады ва Ўкраіне.

Вынікі іншых экзыт-полаў

Телевізійная служба навінаў (ТСН) 1+1

  • Зяленскі – 30,1%
  • Парашэнка – 18,5%
  • Цімашэнка – 14,0%
  • Бойка – 9,1%
  • Грыцэнка – 7,6%

Телеканалы «112 Україна» і NewsOne

  • Зяленскі – 30, 7%,
  • Парашэнка – 18,6%
  • Цімашэнка – 13, 9%
  • Бойка – 10,3%
  • Грыцэнка – 7,3%

Цэнтар SOCIS

  • Зяленскі – 29,25%
  • Парашэнка – 19,19%
  • Цімашэнка – 13,75%
  • Бойка – 9,24%
  • Грыцэнка - 7,91%

Хто такі Ўладзімір Зяленскі

Уладзіміру Зяленскаму 41 год. Палітыкай ніколі не займаўся.

Вядомы як актор, комік, прадусар, сцэнарыст, шоўмэн. Кіраўнік «Студыі Квартал-95». У 2010-2012 гадаў працаваў прадусарам тэлеканала «Інтэр», які ўваходзіць у мэдыя-групу Inter Media Group, зьвязаную з украінскім алігархам Дзьмітрыем Фірташам і бізнэсоўцам Сяргеем Лёвачкіным — кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Віктара Януковіча.

Сацыёлягі пачалі яго ўключаць у прэзыдэнцкія рэйтынгі вясной 2018 года — тады яго падтрымлівалі каля 5 % украінцаў. У навагоднюю ноч на 1 студзеня 2019 года ён абвясьціў аб намеры балятавацца ў прэзыдэнты. Адпаведную заяву, замест навагодняга віншаваньня прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, трансьляваў тэлеканал «1+1», што належыць украінскаму алігарху Ігару Каламойскаму.

Зяленскі (справа) ў эфіры тэлешоў «Вечаровы квартал»
Зяленскі (справа) ў эфіры тэлешоў «Вечаровы квартал»

Традыцыйную выбарчую кампанію Ўладзімір Зяленскі фактычна не праводзіў — ён факусуецца на сацыяльных сетках, гастролях па краіне з гумарыстычным праектам «Квартал-95» і на здымках сэрыялу «Слуга народу», якія, у сутнасьці, і забясьпечылі яму рэйтынгавы посьпех.

За увесь час сваёй палітычнай дзейнасьці актор толькі тройчы сустракаўся з журналістамі і заўсёды адмаўляўся ад удзелу ў праграмах у жывым эфіры. Яму закідаюць заступніцтва вядомага ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага, які не хавае антыпатыі да цяперашняга прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Што праўда, наўпроставае фінансаваньне выбарчай кампаніі актора Каламойскі зьняпраўджвае.

У студзені журналісты Радыё Свабода знайшлі ва ўкраінскага коміка кінабізнэс у Расеі, які, паводле яго слоў, ён зачыніў яшчэ ў 2014 годзе.

У сваёй творчасьці ён неаднойчы высьмейваў Аляксандра Лукашэнку, але спадзяецца, што той мае пачуцьцё гумару.

«Паглядзіце, калі ласка, любое шоў — амэрыканскае ці эўрапейскае, бо менавіта ў тым кірунку разьвіваюцца дэмакратычныя краіны. Паглядзіце — усе сьмяюцца з палітыкаў, з кіраўнікоў краінаў. Прэзыдэнты, у якіх выдатнае пачуцьце гумару, яны ўсе разумныя», — сказаў Зяленскі.

Пятро Парашэнка. Кароткае дасье

Дзейнаму прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнку — 54 гады. Ва ўкраінскай палітыцы ён актыўна прысутнічае з 1998 году.

Быў сябрам Сацыял-дэмакратычнай партыі Віктара Медзьвядчука, кума расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. У 2000-м стварыў сваю партыю «Салідарнасьць», на аснове якой пазьней паўстала Партыя рэгіёнаў (пэўны час Пятро Парашэнка быў нават адным зь яе кіраўнікоў).

  • У 2001-м разам са сваёй партыяй «Салідарнасьць» далучыўся да выбарчага блёку Віктара Юшчанкі «Наша Ўкраіна». Пасьля Аранжавай рэвалюцыі ўзначаліў Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны.
  • У 2007-м — старшыня Рады Нацыянальнага банку Ўкраіны, а ў 2009 годзе — міністар замежных спраў.
  • У 2012-м годзе прызначаны на пасаду міністра эканамічнага разьвіцьця.
  • У 2014 годзе Парашэнка перамог у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных пазачаргова пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча, атрымаўшы падтрымку 54,7% выбарнікаў.
Парашэнка і Лукашэнка на Форуме рэгіёнаў у Гомлі, 26 кастрычніка 2018
Парашэнка і Лукашэнка на Форуме рэгіёнаў у Гомлі, 26 кастрычніка 2018

Парашэнка лічыць сваімі дасягненьнямі на пасадзе:

  • стварэньне антырасейскай міжнароднай кааліцыі, якая дазволіла ўвесьці санкцыі супраць Расеі;
  • аднаўленьне баяздольнасьці войска, якое стрымала наступ расейскіх войскаў у жніўні 2014-га;
  • адкрыцьцё новых прадпрыемстваў і рэформу праваахоўных органаў, стварэньне аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Мэта Парашэнкі на наступныя пяць гадоў — заяўка Ўкраіны на ўступленьне ў Эўразьвяз і NATO.

Яго крытыкуюць за слабую барацьбу з карупцыяй. У часе выбарчай кампаніі журналісты расьсьледавалі датычнасьць ягонага атачэньня да раскраданьня бюджэтных коштаў у сфэры абароны і энэргетыцы.

За ўсю сваю кадэнцыю на пасадзе прэзыдэнта Пятро Парашэнка не дазваляў сабе рэзкіх выказваньняў на адрас Беларусі, нават калі, здавалася б, для гэтага былі падставы — «шпіёнскі» скандал, выкраданьне ў Гомлі ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба, які потым апынуўся ў ФСБ Расеі, выпадкі, калі ў Менску затрымлівалі вядомых украінскіх літаратараў, журналістаў, актывістаў і дэпартавалі іх зь Беларусі.

На Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, што прайшоў летась у кастрычніку ў Гомлі, прэзыдэнт Украіны некалькі разоў падкрэсьліваў, што Лукашэнка «зьяўляецца добрым, даўнім і вялікім сябрам украінскага народу» і што ён Лукашэнку вельмі шануе і паважае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG