Сёньня ва Ўкраіне адбываюцца прэзыдэнцкія выбары. Галасаваньне пачалося а 8-й раніцы і завершыцца а 20-й увечары. Але сёньня прозьвішча пераможцы альбо тых, хто выйдзе ў другі тур, не назавуць — ва Ўкраіне працэс падліку галасоў адбываецца некалькі дзён.
Кандыдатаў шмат
На прэзыдэнцкую булаву (гэты афіцыйны сымбаль кіраўніка ўкраінскай дзяржавы ўручаецца пераможцу выбараў пры інаўгурацыі на пасаду. — РС) прэтэндуюць 39 кандыдатаў, але толькі пяцёра зь іх маюць шанец выйсьці ў другі тур галасаваньня.
Згодна з апошнімі сацыялягічнымі дасьледаваньнямі, лідэрам выбарчай гонкі застаецца актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі. Найбольш жорсткая барацьба разгарнулася за другое месца ў першым туры — на яго прэтэндуюць дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка, лідэрка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка, лідэр Апазыцыйнай плятформы «За жыцьцё!» Юрый Бойка і лідэр партыі «Грамадзянская пазыцыя» Анатолій Грыцэнка.
З увагі на вялікую колькасьць кандыдатаў, хутчэй за ўсё, выбары пройдуць у два туры: для перамогі ў першым туры за кандыдата павінны прагаласаваць больш за 50% выбарнікаў, якія ўзялі ўдзел у выбарах. Другі тур выбараў чакаецца 21 красавіка.
Без датэрміновавга галасаваньня
Ва Ўкраіне, адрозна ад Беларусі, няма магчымасьці датэрміновага волевыяўленьня і галасаваньня дома. Галасаваньне дазволена толькі ў дзень выбараў і выключна ў памяшканьні выбарчага ўчастку. Калі грамадзянін ня можа самастойна хадзіць, выбарчая камісія мусіць спэцыяльна арганізаваць для яго галасаваньне ў месцы жыхарства. Але камісія мае пацьвердзіць сапраўднасьць фізычных абмежаваньняў для такіх асобаў.
Апазыцыя ў камісіях ёсьць
Выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў (апроч Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая працуе на сталай аснове) фармуюць прадстаўнікі зарэгістраваных кандыдатаў на прэзыдэнта. Калі кандыдаты не вылучаюць сваіх прадстаўнікоў (гэта іхнае права, не абавязак), а прапанаваных кандыдатураў недастаткова для фармаваньня камісіі, то яе склад фармуецца паводле прапановаў вышэйшай камісіяй:
- Цэнтральнай — пры фармаваньні акруговых камісіяў;
- Акруговай — пры фармаваньні ўчастковых.
У складзе камісіяў ад 12 да 16 асобаў.
У другім туры галасаваньня выбарчыя камісіі перафарматоўваюцца — новы іх склад фармуюць ужо толькі два кандыдаты, якія ў першым туры мелі найбольшую падтрымку.
Назіральнікаў з Расеі няма
За выбарамі ва Ўкраіне будзе назіраць рэкордная колькасьць міжнародных і ўнутраных назіральнікаў.
Ад 18 дзяржаваў і 18 міжнародных арганізацыяў зарэгістраваліся 2344 чалавекі, яшчэ 88 486 — ад 139 украінскіх грамадзкіх арганізацыяў. Больш за ўсё прадстаўнікоў будзе ад ЗША і Польшчы, а таксама ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ — у склад гэтай місіі ад Беларусі ўключаная дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Ганна Старавойтава. Асобна запрасілі і старшыню беларускай цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзію Ярмошыну.
Улады Ўкраіны адмовіліся дапусьціць назіральнікаў з Расеі як дзяржавы-агрэсара.
Падлік галасоў можна здымаць на відэа
Згодна з украінскім заканадаўствам, назіральнікам можна рабіць фота- і відэафіксацыю на кожным этапе выбарчага працэсу, але не парушаючы таямніцы галасаваньня. Яны маюць права скласьці акт аб парушэньні выбарчага заканадаўства і на яго падставе зьвяртацца ў выбарчую камісію або ў суд па абарону інтарэсаў свайго кандыдата. Пры жаданьні назіральнікі могуць атрымаць і копію пратаколу падліку галасоў. Ніякіх абмежаваньняў для іх прысутнасьці, ніякай адлегласьці, на якой яны маглі б назіраць за працай камісіі ды падлікам галасоў, украінскія законы не вызначаюць.
Два экзыт-полы і альтэрнатыўны падлік
Ва Ўкраіне традыцыйна ў дзень выбараў праводзяцца экзыт-полы — апытаньні грамадзян на выхадзе з выбарчага ўчастку. Сёлета іх будзе два:
- Нацыянальны экзыт-пол правядуць тры найбуйнейшыя і найаўтарытэтнейшыя ва Ўкраіне сацыялягічныя інстытуты;
- Усеўкраінскае апытаньне — аўстрыйскі інстытут SORA на замову двух тэлеканалаў — «112 Украіна» і NewsOne, якія зьвязваюць зь імем кума расейскага прэзыдэнта Віктара Медзьведчука.
Вынікі абодвух экзыт-полаў будуць абвешчаныя адразу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў — а 20.00 кіеўскага часу.
Але ня трэба чакаць, што зьвесткі экзыт-полаў будуць ідэнтычныя са зьвесткамі, атрыманымі Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Яны могуць моцна разыходзіцца, як гэта адбылося, напрыклад, у 2010 годзе, калі Нацыянальны экзыт-пол паказаў у першым туры разрыў паміж Віктарам Януковічам і Юліяй Цімашэнкай на ўзроўні 5 %. Паводле іншых апытаньняў ён быў удвая большы, і фінальныя вынікі гэта пацьвердзілі.
Адначасова шэраг грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў заявілі аб правядзеньні паралельнага падліку галасоў — ягоныя зьвесткі часьцей за ўсё блізкія да рэальных вынікаў.
У Кіеве не выключаюць інфармацыйнага наступу Расеі
У той жа час, паводле інфармацыі Службы вонкавай выведкі Ўкраіны, спэцслужбы Расеі рыхтуюць свой экзыт-пол пры дапамозе расейскага «Цэнтру палітычнай каньюнктуры» Аляксея Часнакова, якога лічаць блізкім да Ўладзіслава Суркова, памочніка расейскага прэзыдэнта.
Паводле выведнікаў, плянуецца зьяўленьне спачатку ў сацыяльных сетках, а потым і ў СМІ ілжывых зьвестак аб нізкім узроўні падтрымкі дзейнага прэзыдэнта і адначасова — аб перашкодах апытаньням выбарнікаў з боку ўлады.
У Службе вонкавай выведкі перакананыя, што гэта будзе рабіцца з мэтай унесьці хаос у выбарчы працэс і падрыхтаваць глебу для заявы Крамля аб нелегітымнасьці выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. Паведамляецца, што гэтыя дадзеныя могуць фармавацца на падставе выказваньняў працоўных мігрантаў з Украіны, якія працуюць у Беларусі і Казахстане і «правільна галасуюць за прарасейскіх кандыдатаў».
Сярод усіх кандыдатаў прарасейскім лічыцца толькі адзін — Юрый Бойка, які ў часе выбарчай кампаніі езьдзіў у Маскву на сустрэчу з расейскім прэм’ерам Дзьмітрыем Мядзьведзевым.
Калі стануць вядомыя афіцыйныя вынікі выбараў
Згодна з заканадаўствам, Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны мае падвесьці вынікі галасаваньня цягам дзесяці дзён, але не пазьней чым на трэці дзень з дня атрыманьня ўсіх пратаколаў акруговых камісіяў аб выніках галасаваньня.
Калі ніводны з кандыдатаў не атрымае неабходнай для перамогі падтрымкі (50 % + 1 голас), будзе прызначаны другі тур, да якога будуць дапушчаныя палітыкі, якія займуць першае і другое месца ў галасаваньні 31 сакавіка.
Другі тур мае адбыцца 21 красавіка, а ягоныя вынікі мусяць быць абвешчаныя не пазьней як 1 траўня.
Ці разьбіраецеся вы ва ўкраінскіх выбарах. ТЭСТ
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.