Ва Ўкраіне ўсе праваахоўныя органы пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым службы. Байцы спэцпадразьдзяленьня «А» Службы бясьпекі патрулююць вуліцы, вакзалы, аўтастанцыі і аэрапорты па ўсёй краіне.
Падразьдзяленьні Міністэрства ўнутраных спраў узялі пад ахову усе выбарчыя ўчасткі, а таксама консульствы і амбасады замежных краін. У выпадках неабходнасьці арганізацыі галасаваньня за межамі ўчастку паліцыя таксама ахоўвае прадстаўніка камісіі і назіральніка, якія са скрыняй ідуць дадому да выбарніка.
Засьцярогі экспэртаў наконт магчымай малой актыўнасьці выбарнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне ня спраўдзіліся. З раніцы большасьць участкаў былі нешматлюдныя, але ўжо ў другой палове дня пачалі стварацца чэргі. Галасуюць усе — і моладзь, і пэнсіянэры. На большасьці ўчасткаў ужо прагаласавала амаль палова грамадзян, унесеных у сьпісы выбарнікаў.
Як галасавалі кандыдаты
Першымі традыцыйна прагаласавалі ўсе фаварыты прэзыдэнцкай гонкі — дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка, лідэр партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка і актор-бізнэсовец Уладзімір Зяленскі.
Перад галасаваньнем у Пятра Парашэнкі спыталі, чаго ён чакае ад выбараў, і той адказаў: «Перамогі Ўкраіны і маёй».
Юлія Цімашэнка паведаміла, што ў яе сёньня выдатны настрой і абсалютная ўпэўненасьць у перамозе: «Сёньня Ўкраіна перавяла гадзіньнік на вясновы час, і я веру, што гэтак жа мы робім крок наперад да пасьпяховай, квітнеючай, эўрапейскай Украіны».
Уладзімір Зяленскі таксама прагаласаваў за «вельмі годнага кандыдата». І падкрэсьліў, што ва Ўкраіне пачынаецца новае жыцьцё — без карупцыі і хабару: «Жыцьцё ў новай краіне, краіне зьменаў. Мы на гэта спадзяемся».
Выбар вялікі і ў кожнага свой
Грамадзяне таксама чакаюць зьменаў, менавіта гэтым яны і тлумачаць свой удзел у выбарах. Але мала хто зь іх гатовы публічна заяўляць аб сваім кандыдаце.
Радыё Свабода правяло невялікае апытаньне на адным з участкаў у Дзясьнянскім раёне Кіева. Ягоным жыхарам перад кожнымі выбарамі ўсе кандыдаты абяцаюць пабудаваць мэтро, але выбары праходзяць і пра абяцанкі забываюцца. Калі б вынікі прэзыдэнцкіх выбараў падводзіліся толькі тут, то мог бы перамагчы адзін з кандыдатаў — былы кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Ігар Сьмяшко.
«Ну хто зараз у нас можа вывесьці дзяржаву з крызісу? Толькі двое — Сьмяшко і Грыцэнка. Усе іншыя прадажныя. А за каго канкрэтна — гэта мая справа», — сказаў Свабодзе кіяўлянін Барыс.
Ігара Сьмяшко падазравалі ў датычнасьці да атручэньня Віктара Юшчанкі, які балятаваўся на прэзыдэнта ў 2004 годзе. Паводле адной з вэрсій, тагачасны кандыдат на прэзыдэнта быў атручаны ў часе прыватнай сустрэчы, арганізаванай Ігарам Сьмяшком на лецішчы намесьніка старшыні СБУ. Гэтая справа дагэтуль не раскрытая. Пазьней Ігар Сьмяшко неаднойчы, насуперак шматлікім высновам лекараў, якія лячылі Юшчанку ад атручэньня дыяксінам, сьцьвярджаў, што ніякага атручэньня наагул не было.
Яшчэ два папулярныя кандыдаты тут — гэта дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка і Юлія Цімашэнка, між якімі на працягу ўсёй кампаніі адбывалася найвастрэйшая барацьба. Ім аддаюць перавагу людзі ва ўзросьце ад 50 і старэйшыя.
Моладзь абмяркоўваць свой выбар не жадае, але на наўпроставае пытаньне, ці не Зяленскі іх кандыдат, адказваюць упэўнена: «Ну што вы, канешне, не! Але няхай гэта будзе сакрэтам».
Выбары ня сьвята, але адказнасьць
У адрозьненьне ад Беларусі, ва Ўкраіне не заахвочваюць актыўнасьць выбарнікаў буфэтамі ці выступамі артыстаў. Практычна ўсе апытаныя сьцьвярджаюць, што выбары для іх урачысты дзень, але ня сьвята.
«Гэта мой абавязак — прыйсьці на выбары і прагаласаваць. Буфэты непатрэбныя, але калі б былі артысты, то іх можна было б паслухаць», — кажа Свабодзе кіяўлянка Вера Міхайлаўна.
Яшчэ адзін выбарнік Барыс, беларус паводле паходжаньня, прыйшоў на ўчастак з усёй сваёй сям’ёй. Але ягоная матывацыя іншая: «Нічога ня зьменіцца, за каго б не прагаласаваў. Краіна ляціць ў бездань. Мы прагаласавалі толькі таму, каб наш голас ня выкарысталі для фальсыфікацый».
Большасьць з апытаных Свабодай ня бачаць ва Ўкраіне пэрспэктыў для палітыка, падобнага на беларускага кіраўніка.
«Лукашэнка — гэта мінулае стагодзьдзе і старая сыстэма кіраваньня. Там улада ўзурпаваная і альтэрнатывы няма. Пытаньне ж стаіць не ў прозьвішчы, а ў тым, зь якой праграмай ідзе кандыдат. Добра, што ў нас ёсьць альтэрнатыва, і ёсьць годныя прэтэндэнты, зь якіх можна выбіраць. Для мяне выбары — гэта будучыня краіны на пяць гадоў. І хацелася б, каб яна была накіраваная на правядзеньне рэформаў, каб людзі адчулі, што прыйшоў новы прэзыдэнт, які рэальна змагаецца з карупцыяй, з алігархатам і праводзіць сацыяльныя рэформы», — сказаў яшчэ адзін выбарнік гэтага раёну Ігар Курыленка. Ён ачольвае грамадзкую раду тэрытарыяльнай грамады Кіева.
Парушэньні ёсьць, але пакуль нязначныя
Паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі, на 15 гадзін прагаласавалі 45,22 % выбарнікаў, уключаных у сьпісы. Але падлік вынікаў пачнецца толькі пасьля закрыцьця ўчасткаў і разгляду камісіямі ўсіх скарг, якія накіруюць назіральнікі і давераныя асобы кандыдатаў.
Адметна, што ніводзін грамадзянін перад тым, як атрымаць бюлетэнь (а ён на цяперашніх выбарах рэкордны па даўжыні — 80 сантымэтраў), не падыходзіў да стэнду зь інфармацыяй і выбарчымі праграмамі кандыдатаў. Усе былі падрыхтаваныя і загадзя вызначыліся са сваім прэтэндэнтам. Большасьць выбарнікаў пераконвалі, што выбіралі менавіта на падставе вывучэньня выбарчых праграм.
«Я веру, што нашы людзі зьмяніліся і пачынаюць разумець сваю адказнасьць, таму сёньня яны прыйдуць, каб прагаласаваць за лепшае жыцьцё», — перакананая старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Марыя Равучэнка. Яна паведаміла, што галасаваньне на яе ўчастку адбываецца без парушэньняў. За гэтым сочаць шэраг назіральнікаў ад кандыдатаў і грамадзкіх арганізацый.
У той жа час назіральнікі грамадзянскай сеткі ОПОРА за паўдня зафіксавалі шэраг парушэньняў у розных рэгіёнах Украіны — на некаторых участках у Роўненскай вобласьці адсутнічаюць стэнды з інфармацыяй аб кандыдатах, у Запароскай вобласьці зафіксавалі падвоз выбарнікаў, у іншых абласьцях заўважаныя факты выдачы бюлетэняў на падставе копій пашпарту ці пэнсійнага пасьведчаньня. Але такія парушэньні ня могуць стаць падставай, каб аспрэчыць вынікі галасаваньня.
Нацыянальная паліцыя адкрыла 11 крымінальных спраў паводле фактаў парушэньняў выбарчага заканадаўства.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.