Чакаецца, што ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, які пройдзе 21 красавіка, пройдзе дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка, які займае па выніках першага туру другое месца. Свабода сабрала самае важнае пра кандыдата.
Дзейнаму прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнку 54 гады. Ва ўкраінскай палітыцы ён актыўна прысутнічае з 1998 году.
Бізнэсовец
Пятро Парашэнка — пасьпяховы бізнэсовец, найбольш вядомы як уладальнік кандытарскай фабрыкі «Рашэн».
Быў у Партыі рэгіёнаў
Быў сябрам Сацыял-дэмакратычнай партыі Віктара Медзьведчука, кума расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. У 2000-м стварыў сваю партыю «Салідарнасьць», на грунце якой пазьней паўстала Партыя рэгіёнаў (пэўны час Пятро Парашэнка быў нават адным зь яе кіраўнікоў).
Паплечнік Юшчанкі
У 2001-м разам са сваёй партыяй «Салідарнасьць» далучыўся да выбарчага блёку Віктара Юшчанкі «Наша Ўкраіна». Пасьля Аранжавай рэвалюцыі ўзначаліў Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны.
Займаў высокія пасады
У 2007-м — старшыня Рады Нацыянальнага банку Ўкраіны, а ў 2009 годзе — міністар замежных спраў.
У 2012 годзе прызначаны на пасаду міністра эканамічнага разьвіцьця.
Перамог у першым туры падчас агрэсіі Расеі супраць Украіны
У 2014 годзе Пятро Парашэнка перамог у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных пазачаргова пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча, атрымаўшы падтрымку 54,7% выбарнікаў.
Плюсы Парашэнкі
Парашэнка лічыць сваімі дасягненьнямі на пасадзе:
- стварэньне антырасейскай міжнароднай кааліцыі, якая дазволіла ўвесьці санкцыі супраць Расеі;
- аднаўленьне баяздольнасьці войска, якое стрымала наступ расейскіх войскаў у жніўні 2014-га;
- адкрыцьцё новых прадпрыемстваў і рэформу праваахоўных органаў;
- стварэньне Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Мэта Парашэнкі
Мэта Парашэнкі на наступныя пяць гадоў — заяўка Ўкраіны на ўступленьне ў Эўразьвяз і NATO.
Мінусы Парашэнкі
Пятра Парашэнку крытыкуюць за слабую барацьбу з карупцыяй. У часе выбарчай кампаніі журналісты расьсьледавалі датычнасьць ягонага атачэньня да раскраданьня бюджэтных сродкаў у сфэры абароны і энэргетыцы.
Карупцыйныя скандалы
Першы тут прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне прайшоў на фоне шэрагу карупцыйных скандалаў. Адзін зь іх быў зьвязаны зь дзейным прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам: журналісты абвінавацілі ягонае атачэньне ў раскраданьні бюджэтных сродкаў, прызначаных для абароннай прамысловасьці.
Скандал прывёў да адстаўкі намесьніка сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі Алега Гладкоўскага. Юлія Цімашэнка патрабавала з прычыны скандалу імпічмэнту Парашэнкі, але за месяц да выбараў яна ня мела шанцаў пасьпець гэта зрабіць. Пазьней было яшчэ некалькі гучных абвінавачваньняў у карупцыі ў адрас атачэньня Парашэнкі.
Стаўленьне да Беларусі
За ўвесь час на пасадзе прэзыдэнта Пятро Парашэнка не дазваляў сабе рэзкіх выказваньняў у адрас Беларусі, нават калі, здавалася б, для гэтага былі падставы — «шпіёнскі» скандал, выкраданьне ў Гомлі ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба, які потым апынуўся ў ФСБ Расеі; выпадкі, калі ў Менску затрымлівалі вядомых украінскіх літаратараў, журналістаў, актывістаў і дэпартавалі іх зь Беларусі.
На Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, што прайшоў летась у кастрычніку ў Гомлі, прэзыдэнт Украіны некалькі разоў падкрэсьліваў, што Лукашэнка «зьяўляецца добрым, даўнім і вялікім сябрам украінскага народу» і што ён Лукашэнку вельмі шануе і паважае.
У той жа час менавіта ў Гомлі Пятро Парашэнка заклікаў Расею прыбраць свае войскі з Украіны, заявіў, што менскія дамоўленасьці ўвойдуць у падручнікі па дыпляматыі, і падкрэсьліў, што на 100 адсоткаў давярае Лукашэнку.