Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыйны скандал ва Ўкраіне: Парашэнка звольніў з Рады нацыянальнай бясьпекі свайго бізнэс-партнэра


Алег Гладкоўскі, архіўнае фота 2017 году
Алег Гладкоўскі, архіўнае фота 2017 году

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што сёньня падпісаў указ аб звальненьні Алега Гладкоўскага з пасады першага намесьніка сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, сына якога падазраюць у датычнасьці да арганізацыі схемы раскраданьня бюджэтных сродкаў, прызначаных для абароннай прамысловасьці.

«Таксама ён зьняты і з пасады старшыні міжведамаснай камісіі ў пытаньнях палітыкі вайскова-тэхнічнай супрацы і экспартнага кантролю», — заявіў Пятро Парашэнка ў часе сваёй паездкі ў горад Мікалаеў.

Адначасова прэзыдэнт Украіны зьвярнуўся ў Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны з просьбай правесьці праверку ўсёй інфармацыі, выкладзенай у расьсьледаваньні журналістаў.

«Пакуль армія абараняе краіну, лічу сваім абавязкам абараніць войска ад карупцыянэраў-казнакрадаў. Але таксама і ад палітыканаў, якія на падставе асобных рэальных недахопаў ці ўвогуле фэйкаў спрабуюць ачарніць і перакруціць усё зрухі ва ўмацаваньні абараназдольнасьці краіны», — заявіў Пятро Парашэнка.

Паводле яго, у сераду 6 сакавіка адбудзецца паседжаньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, на якім будуць разглядацца пытаньні рэфармаваньня «Украбаронпраму» і ўзмацненьня празрыстасьці ягонай дзейнасьці.

25 лютага журналісты праграмы «Нашы грошы» абнародавалі схему раскраданьня бюджэтных сродкаў, прызначаных для абароннай прамысловасьці. Паводле журналісцкага расьсьледаваньня, яе арганізатарам стаў сын першага намесьніка сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Алега Гладкоўскага Ігар.

Алег Гладкоўскі — адзін з найбліжэйшых бізнэс-партнэраў прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, саўладальнік холдынгу «Укрпрамінвэст», які аб’ядноўваў актывы кандытарскіх фабрык, банкаўскіх устаноў і аўтарамонтных заводаў.

Паводле журналістаў, Ігар Гладкоўскі разам са сваімі калегамі ў 2015 годзе пачалі пастаўляць запчасткі на абаронныя заводы Ўкраіны з нацэнкай у 200-400%, прычым яны набываліся або ў Расеі і кантрабандай увозіліся на ўкраінскую тэрыторыю, або непасрэдна на складах украінскага войска на падставе кантрактаў між гэтак званымі «кампаніямі-пракладкамі» і абароннымі прадпрыемствамі канцэрну «Украбаронпрам». Атрыманыя сродкі праводзіліся праз канвэртацыйныя цэнтры, а частка прыбытку ішла на «адкаты» дырэктарам заводаў і праваахоўнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG