Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір ці Пятро


Вынікі экзыт-полаў ва Ўкраіне не пакідаюць месца для сумневаў. Афіцыйныя вынікі могуць адрозьнівацца ад экзыт-полаў, аднак зразумела, што ў другі тур выходзяць Уладзімір Зяленскі і Пятро Парашэнка.

Адставаньне Юліі Цімашэнкі ад Парашэнкі ў экзыт-полах настолькі істотнае, што канчатковыя лічбы ня могуць яго зьмяніць.

Таксама зьвяртае на сябе ўвагу амаль двукратная перавага Зяленскага над Парашэнкам, якую зафіксавалі абодва экзыт-полы. Гэта не перадвызначае вынікі другога туру, але робіць перамогу Зяленскага вельмі імавернай.

Ужо зьяўляецца інфармацыя пра контакты паміж штабамі Зяленскага і Цімашэнкі. Саюз паміж імі істотна ўмацуе пазыцыі Зяленскага ў другім туры. Зразумела, галасы, аддадзеныя за Цімашэнку — не яе ўласнасьць, але калі яна закліча свой электарат галасаваць за Зяленскага, яе паслухаюць многія.

Акрамя таго, ня выключана, што Зяленскі прапануе ёй высокую пасаду. Прэм’ера, што праўда, абірае Вярхоўная Рада — а там перавага зусім не ў Цімашэнкі. Але перамога на прэзыдэнцкіх выбарах можа памяняць і расклады ў Радзе.

Посьпех Зяленскага — відавочны паказьнік стомы ўкраінскага грамадзтва ад ранейшай эліты. Гэтыя «электаральныя рэвалюцыі» адбываюцца цяпер шмат дзе, Украіна ня стала выключэньнем.

Пакуль рана пэўна казаць пра магчымую палітыку прэзыдэнта Зяленскага. Але можна меркаваць, што сутнасьць яе будзе ў карэкцыі ранейшай палітыкі. Не рэваншы, а менавіта карэкцыі.

Карэкцыя скасуе адны аспэкты пострэвалюцыйнага разьвіцьця, але ўмацуе агульную тэндэнцыю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG