Паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу, які супольна праводзілі Фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы», Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі і Ўкраінскі цэнтар эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, лідэрам першага туру галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны стаў актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі.
Паводле апытаньняў выбарнікаў на выхадзе з участкаў, за Ўладзіміра Зяленскага прагаласавалі 30,4 %. Дзейны прызыдэнт Пятро Парашэнка з падтрымкай 17,8 % апытаных займае 2-е месца і лідэрка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка з 14.2 % галасоў на 3-м месцы.
Далей ідуць Юры Бойка (9,8%), Анатоль Грыцэнка (7,1%), Ігар Сьмяшко (6,4%), Алег Ляшко (4,8%), Аляксандар Вілкул (4%), Руслан Кашулінскі (1,8%) і Аляксандар Шаўчэнка (0,5%).
У штабе Юліі Цімашэнкі каманду Пятра Парашэнкі абвінавацілі ў маніпуляцыях вынікамі экзыт-полаў. Паводле падлікаў партыі "Бацькаўшчына", Уладзімір Зяленскі атрымаў 27 %, Юлія Цімашэнка — 20,9 % і Пятро Парашэнка — 17,5 %. "Нехта цяпер за кулісамі спрабуе выдаць вынікі экзыт-полаў за вынікі выбараў. Мы перакананыя, што абвешчаныя экзыт-полы замоўленыя і маніпулятыўныя", — заявіла Юлія Цімашэнка.
Такія дадзеныя атрыманыя ў выніку апытаньня каля 17 тысяч рэспандэнтаў на 400 выбарчых участках ва ўсіх рэгіёнах Украіны — цэнтры, захадзе, усходзе, поўдні і поўначы. Паводле сацыёлягаў, статыстычная памылка выбаркі не перавышае 1,3 %.
Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны павінна абвясьціць канчатковыя вынікі першага туру галасаваньня да 10 красавіка.
Другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны адбудзецца 21 красавіка 2019 году.
Паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны, яўка грамадзян паводле стану на 20.00 склала 63,92 %. Гэта нават больш, чым на выбарах у 2014 годзе — тады на час закрыцьця выбарчых участкаў прагаласавалі 59,48 % грамадзян, уключаных у сьпісы выбарнікаў.
Нацыянальны экзыт-пол ажыцьцяўляўся пры фінансавай падтрымцы міжнародных донараў: Праграмы садзейнічаньня грамадзкай актыўнасьці «Далучайся! (яна фінансуецца Агенцтвам ЗША па міжнароднаму развіццю (USAID), Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ва Ўкраіне, Міжнароднага фонду «Адраджэньне» і Амбасады Канады ва Ўкраіне.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.