Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што крытычна і цьвяроза разумее той сыгнал, які грамадзтва падало сёньня ўладзе, і не адчувае «эўфарыі» пасьля апублікаваньня вынікаў экзыт-полаў.
«Я не адчуваю ніякай эўфарыі. Я крытычна і цьвяроза разумею той сыгнал, які грамадзтва падало сёньня дзеючай уладзе. Гэта суровы ўрок для мяне і для ўсёй нашай каманды. Гэта абсалютна сур’ёзная падстава для дбайнай працы над памылкамі, дапушчанымі на працягу апошніх гадоў», — сказаў Парашэнка.
Ён дадаў, што гатовы да «глыбокага і прадметнага дыялёгу з тымі, каго ня змог пераканаць перад першым турам».
Акрамя таго, Парашэнка заявіў, што галасаваньнем 31 сакавіка ўкраінцы «зламалі расейскі сцэнар першага туру».
«Сапраўды не Парашэнку яны (Расея — рэд.) хацелі бачыць у другім туры. Нічога ў іх не атрымалася. Дазвольце выказаць здагадку, сябры і ворагі з Расеі: украінцы гэтак жа зламаюць вам сцэнар і другога туру. Убачыце», — сказаў Парашэнка.
Кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны, актор Уладзімір Зяленскі, які, паводле папярэдніх дадзеных экзыт-полаў, набірае больш за ўсё галасоў выбаршчыкаў у першым туры выбараў, заявіў, што яму ўсё роўна, хто з кандыдатаў выйдзе зь ім у другі тур.
«Мне ўсё роўна з кім быць у другім туры, дзякуй Богу, гэта ня я вырашаю, а народ Украіны», — сказаў Зяленскі 31 сакавіка пасьля апублікавання дадзеных экзыт-полаў.
«Адчуваю сябе нармальна, ёсьць невялікае хваляванне, я чалавек. Побач са мной, мая жонка, мае сябры... Гэта проста вельмі вялікая адказнасьць. Я разумею, што гэта такое, гэта адказнасьць», — сказаў Зяленскі у камэнтары для Радыё Свабода.
У штабе Юліі Цімашэнкі каманду Пятра Парашэнкі абвінавацілі ў маніпуляцыях вынікамі экзыт-полаў. Паводле падлікаў партыі «Бацькаўшчына», Уладзімір Зяленскі атрымаў 27 %, Юлія Цімашэнка — 20,9 % і Пятро Парашэнка — 17,5 %.
«Нехта цяпер за кулісамі спрабуе выдаць вынікі экзыт-полаў за вынікі выбараў. Мы перакананыя, што абвешчаныя экзыт-полы замоўленыя і маніпулятыўныя», — заявіла Юлія Цімашэнка.
Паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны, яўка грамадзян паводле стану на 20.00 склала 63,92 %. Гэта нават больш, чым на выбарах у 2014 годзе — тады на час закрыцьця выбарчых участкаў прагаласавалі 59,48 % грамадзян, уключаных у сьпісы выбарнікаў.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.