У Менску адбылася прэзэнтацыя ўкраінскага дзяржаўнага тэлеканалу UATV, які напачатку гэтага году атрымаў дазвол на трансьляцыю ў Беларусі. Канал створаны Ўкраінай для замежнай аўдыторыі і ўжо зьявіўся ў некаторых беларускіх кабэльных сетках — праўда, ніводзін з найбуйнейшых апэратараў у свае пакеты яго не ўключыў.
На імпрэзу, якая прайшла ў будынку амбасады Ўкраіны ў Беларусі, былі запрошаныя дырэктарка тэлеканалу Людміла Беразоўская і дзяржаўны сакратар міністэрства інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Арцём Бідэнка. Мадэратарам выступаў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.
Ад беларускага боку былі прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі і замежных справаў, кіраўнікі кабэльных апэратараў, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
«Самае складанае — зрабіць першы крок насустрач адзін аднаму. І вось нарэшце ён зроблены, — адзначыў Ігар Кізім у вітальным слове. — Я шчасьлівы, што цяпер беларускія гледачы маюць магчымасьць глядзець праўдзівыя, нецэнзураваныя навіны з суседняй краіны, а ня тое, чым нашпігоўваюць іх расейскія прапагандысты. Украінцы і беларусы павінны разумець адзін аднаго глыбей, без ранейшага налёту савецкасьці».
Зь яго словаў, значэньне «вольнай трыбуны» асабліва важнае на фоне расейскай агрэсіі супраць Украіны, каб гледачы мелі не аднабаковую, а ўзважаную інфармацыю.
Арцём Бідэнка нагадаў, што цягам апошніх чатырох гадоў была праведзеная вялізная праца, каб тэлеканал зьявіўся ў Беларусі, і выказаў спадзеў, што гэта паспрыяе ўмацаваньню двухбаковых сувязяў.
«Розныя паўставалі праблемы на гэтым шляху, але сёньня мы можам канстатаваць, што высілкі прынесьлі рэальны плён, — сказаў украінскі службовец. — Цяпер беларусы і ўкраінцы атрымалі магчымасьць быць у тэлеэфіры без пасярэднікаў — твар у твар».
Людміла Беразоўская ўдакладніла, што кантэнт каналу надзвычай разнастайны і задаволіць самыя розныя пласты гледачоў — ад палітычна актыўных грамадзянаў да аматараў спорту.
«Ненавінавы кантэнт вельмі разнастайны: тут і ўкраінскія рэформы, і турыстычныя маршруты па малавядомых месцах, і лябірынты гісторыі, і праграма пра Ўзброеныя сілы, і для аматараў нацыянальнай кухні. Абсалютна на кожны густ», — пералічыла кіраўніца каналу.
Пры гэтым яна дадала, што пытаньне адкрыцьця карэспандэнцкага пункту ў Менску пакуль не разглядаецца, але навіны зь Беларусі апэратыўна выдаюцца ў эфір. Таксама ў размове зь ёй міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч паабяцаў максымальнае спрыяньне ва ўсіх сфэрах.
Людміла Беразоўская паведаміла, што паступова да UATV будуць далучацца іншыя «жанравыя» каналы, якія пачнуць паказваць свае праграмы ў Беларусі. Сярод іншых свае заяўкі падалі такія вядомыя, як «1+1» і «Квартал», а таксама забаўляльныя Star Cinema і Star Family.
У сваю чаргу прадстаўнік Мінінфармацыі Беларусі Ўладзімер Рабаволаў запэўніў, што краіна адкрытая для таго, каб беларускія спажыўцы атрымлівалі інфармацыю «зь першых рук».
Кіраўніцтва дзьвюх дзяржаваў узгадняла трансьляцыю ўкраінскага дзяржаўнага тэлеканалу ў Беларусі пачынаючы ад 2014 году. Тады Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка дамовіліся «абмяняцца» тэлепрадукцыяй. Але калі «Беларусь 24» неўзабаве прыйшла да ўкраінскага гледача, то дазволу зь Беларусі для UATV давялося чакаць ажно 5 гадоў.
У Беларусі дзейнічаюць амаль паўтары сотні кабэльных тэлеапэратараў, якія абслугоўваюць 3,5 мільёна абанэнтаў. Але лідэры рынку пакуль ня выявілі цікавасьці да ўкраінскага тэлепрадукту.
Як удакладніў Вадзім Ціхановіч, дырэктар кампаніі «Навігатар-TV», якая зьяўляецца афіцыйным дыстрыбутарам UATV на тэрыторыі Беларусі, на гэты момант падпісана блізу двух дзясяткаў дамоваў, пераважная большасьць — гэта апэратары з памежных Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей. Некалькі ўжо пачалі трансьляцыю, сярод іх «Эфір», «СЭТ», «Німфадора».
«Міжкультурная прастора паміж Беларусьсю і Ўкраінай павінна пашырацца, — зазначыў кіраўнік фірмы „Эфір“ Сяргей Коўган, які першым з калегаў пачаў трансьляцыю ўкраінскага тэлеканалу. — Пагатоў узровень тэлеканалу вельмі высокі, ён не саступае прадукцыі, якую вырабляюць міжнародныя канцэрны. Гэта выдатная магчымасьць умацоўваць нашыя культурныя сувязі».
Пераважную долю тэлевізійнага кантэнту ў Беларусі па-ранейшаму займаюць расейскія каналы.
UATV — украінскі дзяржаўны тэлеканал замежнага вяшчаньня, мае эфіры на ўкраінскай, расейскай, крымскататарскай, ангельскай і арабскай мовах. 24 студзеня міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч падпісаў загад, якім на бліжэйшыя тры гады дазволіў каналу распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі.