«Новым прэзыдэнтам будзе Парашэнка», – сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас «вялікай размовы». Гэтая заява была ледзь ня самым сэнсацыйным з сказанага прэзыдэнтам падчас шматгадзіннага сьпічу. Амаль усё астатняе так ці інакш гаварылася і раней і ня раз. Гэта – не.
Гэткая заява была, акрамя ўсяго іншага, і пэўным парушэньнем этыкету міждзяржаўных адносін на постсавецкай прасторы. Так, у 2016 годзе Лукашэнка гэтак сама выказаў прагноз, што прэзыдэнтам ЗША стане Дональд Трамп. Але дзе Амэрыка, а дзе Беларусь? А Ўкраіна побач, і адносіны зь ёй куды больш цесныя і разнастайныя.
Менавіта ў сілу гэтай блізкасьці гэткае прадказаньне гучыць ня проста як сьціплае асабістае меркаваньне, а як пажаданьне: «прэзыдэнтам Украіны будзе Парашэнка» чытаецца як «я хачу, каб ён заставаўся прэзыдэнтам».
Чаму жаданьне менавіта такое? Палітыка цяперашняга (а магчыма і будучага) лідэра Ўкраіны шмат у чым, калі не ва ўсім, супрацьлеглая палітыцы лідэра Беларусі. Літаральна кожны тэзіс, які агучыў Лукашэнка падчас «вялікай размовы» – гэта роўна супрацьлеглае таму, што робіць і зьбіраецца рабіць Парашэнка. Расея - брат / Расея - вораг, акупант, Захад - пагроза / Захад - саюзьнік і ўзор, савецкія помнікі не чапаць / каб савецкіх помнікаў і духу не было, па-беларуску вучацца дастаткова, ня трэба адкрываць спэцыяльны ўнівэрсытэт / вышэйшая адукацыя - толькі па-ўкраінску.
І так па ўсім спэктры. У дачыненьні да многіх з гэтых рэчаў ва Ўкраіне існуе кансэнсус, але ў любым выпадку сярод фаварытаў тамтэйшай гонкі менавіта Парашэнка прадстаўляе адпаведныя пазыцыі, супрацьлеглыя пазыцыям Лукашэнкі, найбольш ярка і рэзка. І рабіў гэта на працягу ўсяго тэрміну свайго кіраваньня.
Дык чаму ж Лукашэнка на ўкраінскіх выбарах аддае перавагу свайму палітычнаму і ідэалягічнаму антыподу?
Па-першае, у сілу свайго кансэрватызму. І ня столькі як палітычнай, колькі як жыцьцёвай філязофіі. Як казалі літоўскія князі, старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць. Хто такі Парашэнка, кіраўнік Беларусі выдатна ведае. У іх, мяркуючы па ўсім, склаліся нядрэнныя і асабістыя адносіны, склалася досыць стабільная сыстэма ўзаемаадносін і ў эканоміцы, і ў палітыцы. А Ўладзімір Зяленскі для Лукашэнкі і як палітык, і як чалавек – дакладна «кот у мяху». Юлія Цімашэнка – у меншай ступені «котка ў мяху», ёсьць вопыт узаемадзеяньня, больш ці менш вядома, хто яна. Але менавіта гэтыя веды і спараджаюць нявызначанасьць. Яе нездарма называлі «адзіным мужыком ва ўкраінскай палітыцы». Так што калі яна стане прэзыдэнтам, паміж Менскам і Кіевам, па меншай меры напачатку, даволі моцна заіскрыць, хоць бы толькі з-за таго, што сутыкнуцца два падобныя характары. Што сыстэму двухбаковых адносінаў калі кардынальна і ня зьменіць, то прынамсі моцна страсяне.
Але ёсьць і другая, магчыма, больш важная прычына – геапалітычная. Чаму Лукашэнка аддае перавагу ва Ўкраіне свайму палітычнаму і ідэалягічнаму антыподу? Менавіта таму, што ён антыпод. Чым далей Кіеў ад Расеі і бліжэй да Захаду, тым зручней Лукашэнку. З усіх прэзыдэнтаў Украіны самыя лепшыя адносіны ў Лукашэнкі былі зь лідэрам «памаранчавай» рэвалюцыі Віктарам Юшчанкам. А ледзь ня самыя дрэнныя – з прарасейскім Віктарам Януковічам. «Вашывасьці» хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Ўкраіны», - гэта Лукашэнка сказаў у свой час менавіта пра Януковіча. А пра Юшчанку шматкроць гучалі выключна дытырамбы, у тым ліку і пасьля яго сыходу з улады.
І ў дачыненьні да лідэра іншай «каляровай» рэвалюцыі – Міхэіла Саакашвілі – беларускі лідэр не шкадуе цёплых словаў. Апошняя порцыя хваласьпеваў на адрас грузінскага «караля Ліра» прагучала якраз падчас «вялікай размовы»: «Ён у Эўразьвязе, у Амэрыцы ў сілу свайго характару ўсіх пераконваў: вы ня ведаеце Беларусь, ня ведаеце прэзыдэнта Беларусі, навошта вы іх цісьнеце».
Так тое самае адносіцца і да Парашэнкі. І ня толькі ў сэнсе прамога лабіраваньня цяперашнім украінскім лідэрам інтарэсаў яго беларускага калегі. Менск як пляцоўка перамоваў па Ўкраіне – гэта непасрэдная заслуга і Пятра Парашэнкі ў тым ліку. Ад яго залежала, што стане гэтай пляцоўкай і будзе ёй заставацца – Астана, якая-небудзь Жэнэва або Менск.
А гэта дарагога каштуе. Менск сваю ролю міратворца ці хаця б пастаўшчыка добрых паслуг прадае Захаду зь няспынным энтузіязмам. А каму за гэта дзякуй? Ня Цімашэнцы і не Зяленскаму.
Але ёсьць і больш структурная асаблівасьць сытуацыі. Чым горшыя стасункі Кіева і Масквы, тым больш прывабны для Масквы Менск як адзіны верны саюзьнік. Ну, дапусьцім, для яе і не настолькі верны, наколькі Маскве хацелася б. Але на фоне, у параўнаньні з жорсткай канфрантацыяй з Кіевам пэўная хітрасьць беларускага саюзьніцтва прыглушваецца. Калі б Украіна была або стала хоць на чвэрць, хоць на адну восьмую саюзьнікам, тады можна падумаць аб разьмеркаваньні сымпатый (у тым ліку і ў грашовым выяўленьні) паміж Кіевам і Менскам. А так праблемы няма: Кіеў – вораг, а Менск – саюзьнік, хіба не адзіны. Ужо які ёсьць, чым багаты – тым і рады.
І працуе гэты геапалітычны мэханізм бездакорна і ўжо даволі доўга.
Зрэшты, гэта ўсё адказ на пытаньне, чаму для Лукашэнкі лепшы Парашэнка. Але застаецца пытаньне, чаму ён вырашыў публічна агучыць гэтыя свае прэфэрэнцыі. Чаго раней не рабіў і чаго іншыя ня робяць.
Адно з тлумачэньняў – гэта такі тролінг расейцаў. Якім у пэўным сэнсе быў наогул увесь шматгадзінны сьпіч Лукашэнкі. Ён таксама сказаў, што «ашалелая» расейская прапаганда супраць Парашэнкі можа прывесьці да выніку, процілеглага жаданаму Крамлём. І прагноз выбараў – гэта працяг гэтай шпількі: а я думаю, што ў Парашэнкі ня толькі паднімецца рэйтынг, ён проста выйграе выбары. Вы, расейцы, дурні, а я разумны. Гэта датычыць і ўкраінскіх выбараў, і стасункаў Расеі зь Беларусьсю таксама.
Яшчэ адзін момант, матыў. Шматгадовыя сацыялягічныя дасьледаваньні ва Ўкраіне паказваюць, што Аляксандр Лукашэнка там – самы папулярны замежны палітык. Пра гэта сьведчаць і нядаўняе апытаньне, і сэрыя папярэдніх. Падобна на тое, што гэта не выпадковасьць, а нейкая ўстойлівая характарыстыка ўкраінскага грамадзтва. Пры гэтым ніводзін народ, асабліва такі свабодалюбівы, як украінскі, ня любіць, калі яму ўказваюць з-за мяжы, які выбар яму варта зрабіць.
Дык Лукашэнка фармальна і ня ўказваў. Выказаў прагноз. А фаварыты там ідуць галава да галавы. «Усяго толькі прагноз» самага папулярнага ў краіне замежнага палітыка можа і нахіліць шалі вагаў на карысьць Парашэнкі. Можна меркаваць, што ў выпадку перамогі Парашэнка не забудзе і аддзячыць суседу за такую дапамогу.
Ну а калі не Парашэнка? А тады другая лінія, якая прагучала ў заявах Лукашэнкі наконт украінскіх выбараў. Ён параўнаў Уладзіміра Зяленскага, яго вылучэньне, з уласнай прэзыдэнцкай кампаніяй 1994 году: «Такая рэакцыя вашага грамадзтва. Падобна на нашу перадвыбарчую кампанію ў сярэдзіне 1990-х. Нават я ня мог падумаць, што мяне абяруць прэзыдэнтам. А вось узялі і абралі. Так сытуацыя склалася. Людзі дрэнна рэагавалі на тое, што адбывалася. Бандытызм, страляніна, крадзеж, карупцыя».
Параўнаньне кампаніі кандыдата ў іншай краіне з уласнай пераможнай кампаніяй – гэта ж таксама ўскосна, але прагноз. І цікавая структура прагнозу. «Я ня мог падумаць, што мяне абяруць, а вось узялі і абралі». Дык Лукашэнка і цяпер думае, што абяруць Парашэнку. А «возьмуць і абяруць» іншага. Так бывае, у 94-м так і было. Ну і забаўны кантэкст кампаній у апісаньні Лукашэнкі – «бандытызм, страляніна, крадзеж, карупцыя». Гэта ён пра Ўкраіну 2019 году? І ён прадказвае краіне, дзе гэта адбываецца, прэзыдэнта, які кіраваў ёй апошнія 5 гадоў? А ці яго?
Так што калі прэзыдэнтам Украіны стане Ўладзімір Зяленскі, то і ў яго будзе падстава прынамсі ня крыўдзіцца на беларускага калегу, а то і падзякаваць яму за шчырыя выказваньні 1 сакавіка 2019 году: Зяленскі можа перамагчы насуперак усім прагнозам гэтак жа, як я – у 1994-м. Магчыма, тады многія скажуць, які дакладны быў Лукашэнка ў сваім прагнозе. Зрэшты, як і ў выпадку перамогі Парашэнкі.
А вось з прэзыдэнтам Юліяй Цімашэнкай гэтыя прагнозы актывам ня будуць дакладна. Але тады, як я ўжо адзначаў, сутыкненьне, бойка двух вельмі падобных людзей і палітыкаў уяўляюцца непазьбежнымі. І нагодай больш, нагодай менш – ня мае значэньня.
Падводзячы вынікі, варта парадавацца за тое, што гэтае пытаньне будзе вырашаць усё ж украінскі народ. І ў тым сэнсе, што беларускі народ пазбаўлены магчымасьці вырашаць гэткія пытаньні і ўжо даўно, і ў тым, што калектыўная мудрасьць народу ўсё ж вышэйшая, разумнейшая за камбінацыі замежных кіраўнікоў, хай у гэтым народзе і папулярных.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.