Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыйшоў тэлеканал, пра які дамовіліся Лукашэнка і Парашэнка. А што глядзяць украінцы?


Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас адкрыцьця тэлерадыёвежы на гары Карачун, што каля гораду Славянску Данецкай вобласьці, 5 сьнежня 2016
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас адкрыцьця тэлерадыёвежы на гары Карачун, што каля гораду Славянску Данецкай вобласьці, 5 сьнежня 2016

15 сакавіка пройдзе прэзэнтацыя ў Менску ўкраінскага дзяржаўнага тэлеканала «UATV», які пачынае трансьляцыю ў Беларусі.

У Менск запрошаныя дырэктарка тэлеканала «UATV» Людміла Беразоўская і Дзяржаўны сакратар Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Арцём Бідэнка. Гэта канал створаны Ўкраінай для замежнай аўдыторыі. Ён ужо зьявіўся ў некаторых кабэльных сетках Беларусі.

UATV — украінскі канал для замежнай аўдыторыі. Свабода ж вывучыла, што глядзяць самі ўкраінцы, сабрала інфармацыю пра рынак тэлеканалаў Украіны і пра тых, хто вызначае іх інфармацыйную палітыку.

Тэлевізійны рынак ва Ўкраіне прадстаўлены больш як 40 каналамі, якія трансьлююцца па ўсёй тэрыторыі краіны, а таксама рэгіянальнымі — іх каля 100.

Тэлевізійны бум прынесла незалежнасьць Украіны

Ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, за савецкім часам быў адзіны дзяржаўны канал — УТ (Украінскае тэлебачаньне), які адкрылі ў 1965 годзе.

Праз год пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ва Ўкраіне зьявіліся яшчэ два дзяржаўныя каналы. УТ-2, арганізаваны на базе студыі «Укртелефільм», ствараў культурніцкія праграмы, а УТ-3 — моладзевыя.

Пазьней ва Ўкраіне быў створаны асобны дзяржаўны орган — Нацыянальная рада ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня. Рада правяла інвэнтарызацыю частотнага рэсурсу краіны і пачаў выдаваць ліцэнзіі прыватным кампаніям, якія пачалі атрымліваць часткі эфіру на дзяржаўных каналах.

Кіеўская тэлевежа, архіўнае фота
Кіеўская тэлевежа, архіўнае фота

Ужо ў сярэдзіне 90-х па атрыманьне частот зьвярнуліся каля 1000 прыватных кампаній. Асобныя зь іх, атрымаўшы права на вяшчаньне ў рэгіёнах, аб’ядналіся ў нацыянальныя сеткі. На гэтай глебе пачалі разьвівацца агульнацыянальныя тэлеканалы, якія атрымалі магчымасьць трансьлявацца больш як у палове рэгіёнаў Украіны.

Менавіта такім чынам утварыліся найбольшыя цяпер чатыры мэдыйныя групы — StarLightMedia, Inter Media Group, 1+1 media, Медіа Група Україна, якія маюць у сваім складзе па некалькі каналаў.

Каму належаць мэдыйныя групы

Актыўная прыватызацыя, якая пачалася ва Ўкраіне на пачатку 90-х гадоў, паставіла перад новымі ўласьнікамі актываў пытаньне, як бараніць свае інтарэсы. Дзеля гэтага добра пасаваў мэдыйны бізнэс з акцэнтам на стварэньне навінавых прадуктаў. Алігархі пачалі паддобрывацца да ўладаў і часта станавіліся на бок пэўнай палітычнай групы, каб не пацярпець ад тых, хто ўхваляе рашэньні, а таксама захаваць і павялічыць свае капіталы.

Мэдыйны холдынг StarLightMedia належыць Віктару Пінчуку — зяцю другога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы.

У яго складзе тры тэлеканалы з моцнымі навінавымі службамі (Новий канал, ICTV, СТБ) і тры нішавыя каналы — ОЦЕ ТБ, М1, М2. Гэтыя рэсурсы Віктар Пінчук актыўна выкарыстоўваў у барацьбе зь Юліяй Цімашэнкай, калі была скасаваная прыватызацыя найбуйнейшага мэталюргічнага камбінату «Криворіжсталь», які Віктар Пінчук набыў разам з Рынатам Ахметавым у часы праўленьня Леаніда Кучмы.

Актывісты каля Вярхоўнай Рады з патрабаваньнем абараніць інфармацыйную прастору Ўкраіны ад інфармацыйнай агрэсіі Расеі. Кіеў, 4 кастрычніка 2018
Актывісты каля Вярхоўнай Рады з патрабаваньнем абараніць інфармацыйную прастору Ўкраіны ад інфармацыйнай агрэсіі Расеі. Кіеў, 4 кастрычніка 2018

Група Inter Media Group належыць Дзьмітрыю Фірташу (ён быў затрыманы ў Вене на запыт ФБР у сувязі з абвінавачаньнем у стварэньні злачыннай групоўкі, цяпер вырашаецца пытаньне ягонай экстрадыцыі ў ЗША) і Сяргею Лёвачкіну (колішняму намесьніку кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Віктара Януковіча).

У складзе холдынгу — 9 тэлеканалаў, найбольшы зь якіх — Інтер. Яго наўпрост называлі піяр-інструмэнтам, празь які алігарх прасоўвае ўласныя палітычныя праекты (Партыя рэгіёнаў, а цяпер «Апазіцыйны блёк») і зводзіць рахункі зь дзелавымі і палітычнымі канкурэнтамі. Былыя супрацоўнікі тэлеканалу ня раз казалі, што кіраўніцтва тэлеканала наўпрост умешваецца ў рэдакцыйную палітыку.

Акцыя пратэсту каля офісу тэлеканалу «Інтер». Кіеў, травень 2018 году
Акцыя пратэсту каля офісу тэлеканалу «Інтер». Кіеў, травень 2018 году

Пэўны час у кіраўніцтва каналу ўключалі мэдыйнікаў з Расеі — на пачатку 2014 году Служба бясьпекі Ўкраіны забараніла ўезд расейскаму паліттэхнолягу Ігару Шувалаву, які кіраваў навінавым напрамкам мэдыягрупы. Пазьней з Украіны дэпартавалі і крэатыўнага прадусэра каналу, грамадзянку Расеі Марыю Сталярову.

Холдынг 1+1 media належыць іншаму алігарху — Ігару Каламойскаму. У складзе групы 7 каналаў, найбуйнейшы зь іх — 1+1. Менавіта гэтыя мэдыйныя актывы атакавала сям’я Януковіча ў 2013 годзе, каб усталяваць поўны кантроль над інфармацыйнай прасторай краіны. У часе масавых акцыяў пратэсту ў 2013–2014 годзе тэлеканал наўпрост стаў на бок удзельнікаў пратэстаў.

У склад холдынгу «Медіа Група Україна» данецкага бізнэсоўца Рыната Ахметава ўваходзяць 6 каналаў, найбольшы зь якіх — «Україна». На працягу ўсёй сваёй гісторыі і дагэтуль ён быў рупарам Партыі рэгіёнаў і створанага на яе аснове Апазыцыйнага блёку.

Палітычная карыкатура Аляксея Кустоўскага
Палітычная карыкатура Аляксея Кустоўскага

Зьявілася і яшчэ некалькі тэлеканалаў, якія належаць алігархам, але пакуль не перарасьлі ў мэдыйныя холдынгі — гэта «5 канал» Пятра Парашэнкі, «112 Україна» і NewsOne Віктара Медведчука, а таксама «Прямий» (нягледзячы на тое, што ён нібыта належыць аднаму з колішніх сяброў Партыі рэгіёнаў Уладзіміру Макеенку, канал зьвязваюць зь імем Пятра Парашэнкі).

А што ў дзяржавы?

Падзеі Эўрамайдану і Рэвалюцыі годнасьці 2013–2014 гадоў моцна паўплывалі на тэлевізійны рынак Украіны. Найперш, зьнізіўся ціск улады на прыватныя каналы, у эфіры зьявіўся алігархічны «плюралізм» і практычна завяршылася залежнасьць украінскай мэдыйнай прасторы ад расейскага прадукту. За апошні час з мэдыйнага рынку зьніклі амаль 80 расейскіх каналаў, а разам зь імі і сэрыялы расейскай вытворчасьці, якія навязвалі ідэалёгію «русского мира». Гэта падштурхнула прадусараў каналаў ствараць нацыянальны прадукт, ад сэрыялаў і фільмаў да забаўляльных праектаў.

Галоўным жа дасягненьнем можна лічыць пераўтварэньне дзяржаўных вяшчальнікаў у дэ-факта некантраляваных уладай. Найперш гаворка пра Грамадзкае тэлебачаньне (Суспільне ТБ), створанае на базе дзяржаўнага каналу.

Асноўнымі крыніцамі ягонага фінансаваньня застаюцца дзяржаўны бюджэт і рэклямныя даходы. У будучым плянуецца ўвесьці абанэнцкую плату. Але, паводле розных сацыялягічных дасьледаваньняў, на такую форму дачыненьняў з тэлеканалам гатовыя перайсьці няшмат украінцаў: толькі 9% заявілі пра гатоўнасьць плаціць ад 25 да 65 грыўняў (1–3 даляры ў эквіваленце), і 29% — ня больш як 10 грыўняў (менш за 50 цэнтаў).

Але нават ва ўмовах залежнасьці ад уладаў у фінансаваньні Грамадзкае тэлебачаньне самастойна вызначае рэдакцыйную палітыку — летась канал адмовіўся трансьляваць хаду вернікаў Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, прымеркаваную да 1030-годзьдзя хрышчэньня Русі, у якой узяў удзел прэзыдэнт Пятро Парашэнка з жонкай Марынай. Хоць пазьней гэта выклікала дыскусію ў грамадзтве.

Дзяржава паступова зьніжае свой кантроль над мэдыйным рынкам. Нават стварэньне ў 2015 годзе Міністэрства інфармацыйнай палітыкі не прывяло да ўсталяваньня ва ўмовах расейскай агрэсіі цэнзуры для журналістаў: усе дазволы і абмежаваньні — выключная кампэтэнцыя або рэдакцыі, або саміх мэдыйнікаў, якія зыходзяць са сваёй грамадзянскай пазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG