Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары прэзыдэнта ва Ўкраіне: у лідэрах — Зяленскі, але большасьць чакае перамогі Парашэнкі


Некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты Ўкраіны, архіўнае фота
Некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты Ўкраіны, архіўнае фота

Вынікі чарговага сацыялягічнага апытаньня сярод украінскіх грамадзян аб гатоўнасьці галасаваць за кандыдатаў на выбарах прэзыдэнта 31 сакавіка.

Скандал вакол магчымай датычнасьці прадстаўнікоў атачэньня прэзыдэнта Ўкраіны да карупцыйных схемаў пры забесьпячэньні вайсковых заводаў запаснымі часткамі прывёў да зьніжэньня рэйтынгу Пятра Парашэнкі ды адначасова ўмацаваў пазыцыі лідэркі партыі «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі і кіраўніка партыі «Грамадзянская пазыцыя» Анатоля Грыцэнкі. Нязьменным застаецца толькі лідэрства ў гонцы актора і бізнэсоўца Ўладзіміра Зяленскага.

Згодна з вынікамі апытаньня, праведзенага сацыялягічнай групай «Рэйтынг» з 1 па 7 сакавіка, 17,1% рэспандэнтаў маюць намер прагаласаваць за Ўладзіміра Зяленскага (24,7% сярод тых, хто вызначыўся і дакладна прыйдзе на выбары), 11,9% — за Юлію Цімашэнку (18,3%), 10,7% — за Пятра Парашэнку (16,8% сярод тых, хто вызначыўся і дакладна прыйдзе на выбары), 6,8% — за Анатоля Грыцэнку (10,3%).

У той жа час 21,8% апытаных (22% тых, хто будзе браць удзел у выбарах) мяркуюць, што на выбарах пераможа Пятро Парашэнка, 19,5% (20,4%) — Юлія Цімашэнка і 16,9% (17,5%) — Уладзімір Зяленскі.

Сярод кандыдатаў у прэзыдэнты адносна высокі узровень даверу мае Ўладзімір Зяленскі (43%), Юлія Цімашэнка (28%), Анатоль Грыцэнка (26%) і Пятро Парашэнка (24%).

Але пры гэтым найвышэйшы ўзровень недаверу — у Пятра Парашэнкі (69%) і лідэра Радыкальнай партыі Алега Ляшка (71%).

Адначасова расьце колькасьць апытаных, якія маюць намер удзельнічаць у галасаваньні — аб гэтым заявілі 83% апытаных.

Паводле сацыёлягаў, Уладзімір Зяленскі мае трывалыя электаральныя пазыцыі ў паўднёва-ўсходніх абласьцях. У Кіеве і цэнтральных рэгіёнах Украіны ён канкуруе з Юліяй Цімашэнкай і Пятром Парашэнкам. У дзейнага прэзыдэнта найбольшая падтрымка на Галіччыне і на захадзе краіны, у Юліі Цімашэнкі — у цэнтральна-заходніх і паўночных рэгіёнах.

У апытаньні ўзялі ўдзел 5 тысяч рэспандэнтаў. Памылка рэпрэзэнтацыйнасьці не перавышае 1,5%.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG