Кіраўнік украінскай дэлегацыі ў Трохбаковай кантактнай групе для Данбасу Яўген Марчук адказаў на пытаньне Свабоды пра магчымае пасярэдніцтва Аляксандра Лукашэнкі ў наладжваньні дыялёгу паміж Кіевам і Масквою.
Старшыня палітычнай рады ўкраінскай партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё» Віктар Медзьвядчук нядаўна заявіў, што на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы абмяркоўваў магчымасьць залучыць кіраўніка Беларусі як пасярэдніка для ўрэгуляваньня дачыненьняў паміж Расеяй і Ўкраінай.
Сярод іншага Медзьвядчук сказаў, што Лукашэнка, зь якім ён сустракаўся ў Менску і ў Сочы, «яшчэ раз пацьвердзіў сваю пазыцыю наконт таго, што ён гатовы выступіць у якасьці пасярэдніка ва ўрэгуляваньні сытуацыі між Расеяй і Ўкраінай, сытуацыі, якая склалася на Данбасе».
Кіраўнік украінскай дэлегацыі ў Трохбаковай кантактнай групе Яўген Марчук меў сустрэчу з Аляксандарм Лукашэнкам 29 студзеня. І ў яго склалася іншае ўражаньне аб намерах Лукашэнкі наконт пасярэдніцтва між Расеяй і Ўкраінай.
«Я таксама сустракаўся з Лукашэнкам, і ён сказаў, што ня хоча быць пасярэднікам. Мы гэтае пытаньне зь ім у нейкай ступені таксама абмяркоўвалі. Ён тады сказаў, што ніколі пагрозы Ўкраіне ня будзе зь беларускай тэрыторыі. Але калі гэтае пытаньне ўзьнікла, то ён сказаў, што ня можа быць тут пасярэднікам».
Сам Марчук агулам не адмаўляе магчымасьці пасярэдніцтва з боку Беларусі ў дачыненьнях паміж Украінай і Расеяй, але мяркуе, што для гэтага трэба было б пачаць з простых рэчаў:
«У нас ёсьць трое параненых маракоў, якія ў расейскім палоне. Апрача таго, бачыце, які зьдзек з палоненых маракоў — адзінаццаці зь іх хочуць зрабіць псыхіятрычную экспэртызу. Да якога цынізму даведзена расейскім бокам сытуацыя, каб іх дыскрэдытаваць і так далей. Ну, каб напачатку хаця б вызваліць параненых маракоў. Але я ня ведаю, наколькі гэта яму ўдасца. У прынцыпе мы як краіна гатовы хоць з кім размаўляць, каб толькі вызваліць хаця б аднаго нашага вязьня».
Спадар Марчук прызнаў, што Ўкраіна была б радая, каб Беларусь папрасіла ў Расеі вызваліць параненых украінскіх маракоў у якасьці жэсту добрай волі:
«Гэта была не прапанова, гэта была размова, паколькі ён адназначна сказаў, што ня можа быць пасярэднікам у сілу розных палітычных абставінаў. Ёсьць жа „саюзная дзяржава“, ёсьць жа АДКБ. А вы ведаеце, якія калясальныя высілкі Расія зараз выкарыстоўвае, каб паскорыць інтэграцыю Беларусі ў так званую „саюзную дзяржаву“. Яму прыйшлося нямала выцерпець на перамовах летась, ня кажучы ўжо пра Сочы, дзе Лукашэнка тры дні са сваім урадам вёў перамовы з прэзыдэнтам Расеі».
Наконт Віктара Медзьведчука, кума Пуціна, які ў складзе ўкраінскай дэлегацыі на менскіх перамовах аб урэгуляваньні на Данбасе адказвае за абмен палоненымі, то Яўген Марчук прызнаў, што той доўгі час не бярэ ўдзелу ў менскіх паседжаньнях.
Расея ў 2014 годзе пасьля адхіленьня ад улады былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча акупавала і анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Гэтая анэксія была асуджаная Генэральнай Асамблеяй ААН, ЗША, Эўразьвязам, іншымі міжнароднымі арганізацыямі, за яе супраць Расеі былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі.
Расея таксама падтрымлівае сэпаратыстаў на Данбасе, яна кантралюе больш за 400 кілямэтраў супольнай з Украінаю мяжы.
У выніку неабвешчанай расейска-ўкраінскай вайны загінулі больш за 13 тысяч чалавек, некалькі мільёнаў сталі ўцекачамі і перамешчанымі асобамі, моцна пацярпела інфраструктура акупаваных тэрыторыяў Данбасу.
25 лістапада 2018 году расейскія памежнікі ФСБ паблізу Керчанскай пратокі адкрылі агонь па ўкраінскіх караблях і захапілі тры вадаплавы з 24 маракамі. Украінскія ўлады прызнаюць гэтых маракоў ваеннапалоннымі. Краіны Захаду заклікаюць Расею вызваліць маракоў і забясьпечыць свабоду суднаходзтва ў Керчанскай пратоцы.