Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год без Шарамета: сьледзтва ня мае адзінай вэрсіі матываў забойства


Інтэрвію з Сэўгіль Мусаевай-Баравік — галоўнай рэдактаркай інтэрнэт-выданьня «Ўкраінская праўда», у якім да сваёй гібелі працаваў Павал Шарамет.

Амаль год таму, 20 ліпеня 2016 году, у Кіеве загінуў беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павел Шарамет.

Аўтамабіль, у якім ён ехаў на працу, выбухнуў у часе руху на скрыжаваньні цэнтральных вуліц украінскай сталіцы. Мiнакі, якія ў той момант апынуліся побач, спрабавалі выратаваць Паўла, выцягнуўшы яго з пашкоджанага аўтамабіля. Даволі апэратыўна на месца выбуху прыбылі «хуткая дапамога» і пажарная служба. Але ўратаваць не змаглі: атрыманыя траўмы былі не сумяшчальныя з жыцьцём.

Пазьней паліцыя паведаміла, што пад аўтамабіль была закладзеная выбухоўка магутнасьцю да 600 грамаў у тратылавым эквіваленце, якая кіравалася дыстанцыйна.

Яшчэ праз шэсьць дзён Нацыянальная паліцыя абвясьціла ўзнагароду ў памеры 200 тысяч грыўняў за інфармацыю, якая дапаможа знайсьці выканаўцаў ды замоўнікаў забойства. Але сьледзтва і дагэтуль практычна не прасунулася — няма ні падазраваных, ні абвінавачаных, ні галоўнай вэрсіі матываў злачынства.

Усім здаецца, што Паша проста зьехаў у доўгую выправу

Як мінуў гэты год без Паўла Шарамета для ягоных калег і аб пэрспэктывах раскрыцьця злачынства карэспандэнтка Свабода запытала ў Сэўгіль Мусаевай-Баравік — галоўнай рэдактаркі інтэрнэт-выданьня «Ўкраінская праўда», у якім да сваёй гібелі працаваў Павал Шарамет.

Сяўгіль Мусаева-Баравік і Павал Шарамет, архіўнае фота
Сяўгіль Мусаева-Баравік і Павал Шарамет, архіўнае фота

— Гэты год быў вельмі складаным — і для мяне асабіста, і для калектыву, і для «Ўкраінскай праўды», і для журналісцкай супольнасьці. Для «Ўкраінскай праўды» Павал меў вельмі вялікае значэньне, і гэта не перабольшаньне. Ён заўсёды, калі прыходзіў, падтрымліваў калектыў, мог пасьмяяцца і пажартаваць. Вядома, гібель Паўла стала асабістай стратай і асабістай трагедыяй для кожнага сябра рэдакцыі. Нядаўна я сваім супрацоўнікам задала гэтае ж пытаньне і мне сумленна прызналіся, што ім усім здаецца, што Паша проста зьехаў у нейкую доўгую службовую выправу і неўзабаве вернецца. Мы яшчэ не перажылі гэты факт і не ўсьвядомілі, што Паўла забілі і што ён ніколі не вернецца. Мы ўсё роўна чакаем, бо сапраўды ён мог зьяжджаць надоўга — на месяц, на два, але ён вяртаўся. Таму мы жывём у такім чаканьні і ўсьведамленьні страты і сьмерці. Мы яшчэ не прынялі гэты факт.

Афіцыйнае сьледзтва пакідае жадаць лепшага

— Зараз адбываюцца два расьсьледаваньні — афіцыйнае, якое вядуць прадстаўнікі сілавых органаў, і незалежнае, журналісцкае. Якое зь іх больш эфэктыўнае, на ваш погляд, і бліжэйшае да раскрыцьця злачынства?

— Мне здаецца, што журналісцкае, бо, як мы бачым, яны апублікавалі тыя зьвесткі, якіх у сьледзтва няма, не было на той момант. Да таго ж, на мой погляд, у журналістаў у нечым і матывацыя большая. Шчыра кажучы, афіцыйнае сьледзтва пакідае жадаць лепшага і наагул для нас як для калег Паўла незразумела, з чым мы маем справу — ці зь непрафэсіяналізмам, ці з тым, што людзі сапраўды ня хочуць гэтае злачынства раскрываць. З гэтага пункту гледжаньня ў мяне пакуль больш веры ў нашых калег, якія сапраўды зрабілі проста калясальную працу.

— Камітэт абароны журналістаў (CPJ) таксама ў пух і прах разьбіў вынікі афіцыйнага расьсьледаваньня. Ці можа такая ацэнка з боку міжнародных структураў матываваць сьледчых і падштурхнуць іх да больш актыўнай працы?

— Мы разьлічвалі на гэта адразу пасьля таго, як выйшаў фільм пра вынікі журналісцкага расьсьледаваньня. І сапраўды нейкія рэчы пачалі адбывацца — улада хаця б была вымушаная даваць справаздачу, расказваць аб зробленай працы. Пасьля прэзэнтацыі фільму ў нас адбылася сустрэча off-records зь Пятром Парашэнкам, на якой былі прысутныя кіраўнікі сілавых ведамстваў Украіны. Я думаю, што такая жорсткая ацэнка з боку міжнароднай супольнасьці таксама паўплывае на расьсьледаваньне крымінальнай справы і неяк прымусіць іх варушыцца ці хаця б даваць справаздачу пра вынікі. Вельмі добра, што гэта адбываецца і што на баку ўкраінскіх журналістаў, на баку выданьня «Ўкраінская праўда» стаіць міжнародная супольнасьць, якая падтрымлівае такім чынам.

Пятро Парашэнка сустрэўся з сваякамі Шарамета сёлета 11 ліпеня
Пятро Парашэнка сустрэўся з сваякамі Шарамета сёлета 11 ліпеня

— Камітэт абароны журналістаў прапанаваў таксама падключыць да нацыянальнай каманды сьледчых аўтарытэтнага міжнароднага адмыслоўца-крыміналіста. Гаворка ідзе пра канкрэтнага чалавека? Ці вядомае ўжо ягонае імя?

— Наколькі я разумею, пакуль усё на стадыі ўзгадненьня. Ёсьць папярэдняя згода з боку ўкраінскіх сьледчых. Паглядзім, як будзе. Пакуль мне складана сказаць, але я думаю, што гэта будзе вельмі добрым маркерам таго, ці хоча афіцыйнае сьледзтва расьсьледаваць гэтае злачынства, што вельмі важна для ўсіх нас і ў міжнародным маштабе таксама. Я не ведаю, ці вядомае імя такога спэцыяліста. Мне здаецца, што пакуль агучаная выключна прапанова і пошукі такога аўтарытэтнага сьледчага вядуцца. Але галоўнае было атрымаць прынцыповую згоду з украінскага боку.

— Да таго ж міжнародная экспэртная група параіла ўкраінскаму сьледзтву сканцэнтравацца на пошуках матываў забойства Паўла Шарамета непасрэдна ва Ўкраіне, у той час, як афіцыйнае сьледзтва разглядае расейскі сьлед у гэтым злачынстве і нават беларускі...

— Не зусім так. Справа ў тым, што міжнародны Камітэт абароны журналістаў зьвярнуў увагу на тое, што ўкраінская ўлада, і гэта ня дзіўна, спрабавала ўсё зьвесьці да расейскага сьледу, і Авакаў (міністар унутраных спраў Украіны. — РС) агучваў частку фактаў на прэсавай канфэрэнцыі (8 лютага), але журналісты, і непасрэдна Крыстафэр Мілер, аўтар справаздачы, не атрымалі канкрэтных фактаў, якія б сьведчылі на карысьць гэтай вэрсіі. Гэта ня значыць, што яна адкідаецца, але сьведчыць пра тое, што ўкраінскія праваахоўныя органы маніпулююць тым, што, хутчэй за ўсё, меў месца расейскі сьлед і ўсё на яго паказвае. Бо калі пачынаеш задаваць канкрэтныя пытаньні, то становіцца зразумела, што гэта ўсяго толькі здагадка, неабгрунтаваная нейкім масівам фактаў і зьвестак.

Беларуская вэрсія ёсьць найменш праўдападобнай

— А беларускі сьлед магчымы?

— Наколькі я разумею, гаворка ідзе пра нейкія старыя канфлікты Паўла ў Беларусі — гэта і справа Завадзкага, і справа аб пазбаўленьні грамадзянства, існаваньне такога інтэрнэт-рэсурсу, як «Беларускі партызан», які раздражняў уладу... Мяркую, што беларуская вэрсія ёсьць найменш праўдападобнай. Пра гэта мне казалі і ў праваахоўных органах, бо тое былі вельмі даўнія падзеі і наўрад ці нейкім чынам яны маглі паўплываць на матывы забойства ці стаць галоўным матывам. Але гэта не азначае, што яго трэба выключыць. Трэба разглядаць усе вэрсіі. Вельмі кепска, што праз год расьсьледаваньня «справы гонару» гэтых вэрсій па-ранейшаму некалькі і няма галоўнай, сьледзтва топчацца на месцы.

Павал Шарамет і зьніклы 7 ліпеня 2000 году Зьміцер Завадзкі, архіўнае фота
Павал Шарамет і зьніклы 7 ліпеня 2000 году Зьміцер Завадзкі, архіўнае фота

— 20 ліпеня ў Кіеве адбудуцца мерапрыемствы па ўшанаваньні памяці Шарамета, і ў гэты ж дзень пачнецца візыт кіраўніка Беларусі ва Ўкраіну. Напярэдадні да беларускай ўлады зьвярнуліся з просьбай пасьмяротна аднавіць грамадзянства Беларусі Шарамету. Гэта выпадковае супадзеньне? Наколькі імаверна, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца на сустрэчы Парашэнкі і Лукашэнкі?

— Ня думаю, што тут трэба шукаць нейкую прычыну. Гэта можа быць выпадковым супадзеньнем. А пытаньне, напэўна, можа падымацца. Мама Паўла расказвала, што год таму, калі ўсё адбылося, яна прасіла прэзыдэнта (Лукашэнку), каб дазволілі пахаваць Паўла на радзіме, у Менску, і прэзыдэнт адказаў згодай. Інакш быць не магло.

— Пасьля сустрэч з прадстаўнікамі афіцыйнага сьледзтва якія ў вас засталіся адчуваньні наконт раскрыцьця забойства? Якая пэрспэктыва справы?

— Я буду верыць да апошняга, што шанцы ёсьць. І буду верыць, што забойцы, а таксама заказьнікі гэтага злачынства будуць знойдзеныя і пакараныя. Калі ня гэтымі праваахоўнымі органамі, калі ня гэтым кіраўніком Нацыянальнай паліцыі, калі ня гэтым міністрам унутраных спраў, не пры гэтым прэзыдэнце Ўкраіны, я хачу верыць і буду верыць у тое, што справядлівасьць будзе адноўленая і мы ўсё даведаемся. Да таго часу, пакуль гэтае злачынства будзе нераскрытым, украінскія журналісты ня будуць сябе адчуваць спакойна і абароненымі. Мы не разумеем, чаму гэта адбылося, а гэта ўсяляе страх, які ў нас дагэтуль ёсьць пасьля забойства Паўла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG