Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка забараніў забараняць людзям выказваць сваю думку. 10 цытатаў з Савету бясьпекі


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

На паседжаньні Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра распрацаваную Канцэпцыю інфармацыйнай бясьпекі краіны і абмежаваньне дзейнасьці СМІ.

Свабода прыводзіць некаторыя ягоныя цытаты паводле БелТА і супастаўляе іх зь сёньняшняй рэальнасьцю.

  • «Мы бачым, як інфармацыйнымі плынямі размываецца нацыянальны мэнталітэт, самабытнасьць краінаў і народаў».
  • «Істотна мяняюцца сацыяльныя сувязі чалавека, стыль мысьленьня, спосабы зносінаў, успрыманьне рэчаіснасьці. Усяму гэтаму варта супрацьпаставіць прынцыпы гуманізму і справядлівасьці, прыярытэты моцных сямейных адносінаў і здаровага ладу жыцьця».
  • «Дзяржава, безумоўна, зацікаўленая ў тым, каб людзі атрымлівалі максымальна поўную і праўдзівую інфармацыю. Мелі магчымасьць абараніць свае асабістыя правы ў мэдыяпрасторы і ў цэлым падвышалі камфортнасьць жыцьця за кошт найноўшых дасягненьняў».
  • «Менавіта зь іх [фэйкаў і маніпуляцыяў] пачынаюцца сацыяльныя катаклізмы сучаснасьці. У выніку пакутуюць мільёны людзей, мяняецца палітычная мапа сьвету. Адсоўваюцца на другі плян агульнапрынятыя нормы маралі і маральнасьці».
  • «Тое, чаго нам страшна бракуе: трэба пашырыць сфэру ўплыву айчынных сродкаў масавай інфармацыі і не баяцца выкарыстоўваць новыя формы працы ў мэдыяпрасторы. Трэба навучыцца адказваць распаўсюднікам фэйкаў іхнай жа зброяй. І мы гэта ўмеем рабіць, але чамусьці лічым: „Ды ладна, абыдзецца, пранясе“».
  • «Не хачу ў чарговы раз кагосьці палохаць, пагражаць камусьці і гэтак далей. А то мы здаровы лад жыцьця, як і ўсе іншыя мерапрыемствы, запусьцілі на ўзровень прэзыдэнта. Калі прэзыдэнт бакавым нейкім зрокам ня ўбачыў праблемы, яна вырашацца ня будзе. Усе нечага чакаюць, нейкіх указаньняў. Указаньні раздадзеныя. Пачынайце працаваць. Ад сродкаў масавай інфармацыі да гэтага самага здаровага ладу жыцьця».

  • «Усе, хто сядзіць за гэтым сталом і насупраць мяне: вы — не палітыкі, вы — людзі, якія дакладна працуюць па сваім кірунку і абараняюць інтарэсы сваёй дзяржавы. Пакіньце палітыку прэзыдэнту».
  • «Справа ня ў тым, каб камусьці абмежаваць свабоду меркаваньняў. Гэта не са мной. Натуральна, павінен быць парадак, усё павінна быць законна. Законы ў нас супердэмакратычныя, а дадаць нашу бязьдзейнасьць і недысцыплінаванасьць — то ў нас увогуле ніякай дыктатуры, а поўная дэмакратыя, якой ні ў адной краіне сьвету няма».
  • «У інфармацыйнай сфэры павінен быць парадак, але ніхто нікому не павінен закрываць рот. У адваротным выпадку, як гэта было ў нас раней у гісторыі, усё перанясуць на кухню і там будуць абмяркоўваць, як у народзе кажуць, абсмоктваць усе гэтыя пытаньні. І рана ці позна гэта выплюхнецца на вуліцу. Таму гэтага ні ў якім разе нельга рабіць. Ды гэта і немагчыма: і ня толькі таму, што ў нас інтэрнэт зьявіўся. Зьмянілася грамадзтва, плянэта зьмянілася».
  • «Займацца пустым ня трэба — кшталту забараняць людзям выказваць сваё меркаваньне. Але калі гэта меркаваньне выдуманае, надуманае, калі гэтая навіна, зьвязаная зь нейкім меркаваньнем, фэйкавая, выкажыце сваю пазыцыю. Паверце, праўда заўсёды пераможа».

***
На паседжаньні Лукашэнку быў прадстаўлены праект Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі Беларусі. Тэкст праекту не публікуецца. Сьцьвярджаецца, што ў распрацоўцы бралі ўдзел працаўнікі дзяржаўных органаў, дэпутаты, навукоўцы, экспэрты і «прадстаўнікі вядучых СМІ».

БелТА сьцьвярджае, што ў дакумэнце «адлюстраваныя сучасныя выклікі і пагрозы, якія фармуюцца ў інфармацыйнай сфэры і ўяўляюць небясьпеку для канстытуцыйных асноваў і жыцьцядзейнасьці дзяржаваў: маніпуляваньне масавай сьвядомасьцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасьцей, размываньне нацыянальнага сувэрэнітэту, няўстойлівасьць інфармацыйнай інфраструктуры і іншыя».

У праекце канцэпцыі прапісанае паняцьце «інфармацыйнага сувэрэнітэту» як «неад'емнае і выключнае вяршэнства права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валоданьня, карыстаньня і распараджэньня нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, ажыцьцяўляць незалежную зьнешнюю і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку, фармаваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забясьпечваць інфармацыйную бясьпеку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG