Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч скрытыкаваў усіх, акрамя Лукашэнкі


Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота
Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота

12 цытатаў з выступу старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Міхаіла Мясьніковіча.

5 сакавіка газэта «Звязда» апублікавала выступ старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіла Мясьніковіча на супольным пасяджэньні рады па ўзаемадзеяньні органаў мясцовага самакіраваньня пры Савеце Рэспублікі і рады Акадэміі кіраваньня. Мясьніковіч, адзін з кіраўнікоў Нацыянальнага сходу, выступіў з крытыкай на адрас ураду і мясцовых уладаў. Аляксандра Лукашэнку ён не крытыкаваў.

Свабода прыводзіць найбольш цікавыя цытаты Міхаіла Мясьніковіча.

1. Мясцовыя саветы людзям нецікавыя, а дэпутаты не карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі

Як паказалі праведзеныя ў 2017 годзе апытаньні Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру, працу саветаў не змаглі ацаніць 70% апытаных. Інфармацыяй аб рашэньнях, якія прымаюцца мясцовымі саветамі, валодалі толькі 4,5% грамадзян. Дэпутаты практычна не выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі дзеля зносін і атрыманьня інфармацыі. У той жа час самаарганізуюцца супольнасьці, часьцяком апазыцыйныя, якія выступаюць за вырашэньне лякальных і нейкіх асабістых праблем, яны актыўна прадстаўленыя ў інтэрнэце, валодаюць рухавасьцю і хуткасьцю рэагаваньня, гатовыя актыўна і публічна адстойваць свае інтарэсы. Такія аб’яднаньні, па сутнасьці, граюць ролю паралельнай сыстэмы прадстаўніцтва інтарэсаў грамадзян.

2. Электарату цікавыя людзі, якія не зьвязаныя ні з уладай, ні з апазыцыяй

Параўнаньне электаральных пераваг беларусаў напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы, якія прайшлі ў 2014 і 2018 гадах, сьведчыць пра рост электаральнай падтрымкі кандыдатаў, не зьвязаных ні з уладай, ні з апазыцыяй (то бок менавіта з грамадзянскімі актывістамі). Паводле сацыёлягаў, у асобныя пэрыяды пра гатоўнасьць выбраць такога кандыдата заяўлялі да 30% апытаных.

3. Крэдыт даверу да ўладаў ня можа быць бясконцым

Сытуацыя ў цяперашні час у краіне стабільная. Людзі праяўляюць сацыяльную ляяльнасьць да эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, якая праводзіцца. Аднак трэба ўлічваць, што крэдыт даверу ня можа быць шматгадовым ва ўмовах невысокіх даходаў фізычных асоб і пры наяўнасьці цяжкасьцяў з эфэктыўным працаўладкаваньнем насельніцтва.

4. На прадпрыемствах шмат «лішніх людзей»

Прадпрыемствы дзяржаўныя і вялікія прыватныя трымаюць залішнюю колькасьць работнікаў. Гэта іх, як правіла, прымушаюць рабіць мясцовыя ўлады замест стварэньня новых працоўных месцаў. У выніку сярэдні заробак невысокі. Малыя і сярэднія прадпрыемствы ва ўмовах прафіцыту працоўных рэсурсаў заніжаюць выплаты рабочым і служачым, што таксама нэгатыўна ўплывае на грамадзкі клімат.

5. Болей за 25% раёнаў Беларусі — адсталыя

31 раён нашай краіны зьяўляецца тэрыторыяй, адсталай па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, — больш за чвэрць раёнаў краіны.

6. Адзіная гарантыя для інвэстараў — Лукашэнка

Неабходна прыцягваць інвэстараў пад гарантыю прэзыдэнта, як адзіна рэальную і такую, да якой існуе давер. Доля інвэстыцый у асноўны капітал у ВУП скарацілася з 32,1% у 2011 годзе да 20% у 2018 годзе. Не праглядаецца паляпшэньня і ў 2019 годзе. Разам з тым дзеля забесьпячэньня ўстойлівага разьвіцьця краіны з высокай удзельнай вагой апрацоўчай прамысловасьці ў структуры эканомікі, а Беларусь такой зьяўляецца, неабходна, каб доля інвэстыцый у асноўны капітал у ВУП была не ніжэйшая за 25%.

7. Міністры нічога ня могуць зрабіць

Асноўную масу рэспубліканскіх прадпрыемстваў трэба перадаць у камунальную ўласнасьць і, калі трэба, рэфармаваць. У рэгіёнах ёсьць хоць нейкія прылады падтрымкі. У міністраў іх практычна няма.

8. 2/3 сем’яў зь дзецьмі — малазабясьпечаныя

Па Беларусі амаль 2/3 сем’яў, якія маюць дзяцей, зьяўляюцца малазабясьпечанымі. Тэндэнцыі за апошнія гады некалькі пагоршыліся.

9. Адстаём ад Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы

Доля экспарту сярэдне- і высокатэхналягічнай прадукцыі ў агульным аб’ёме экспарту тавараў у Беларусі складае 33%, у Вугоршчыне — 69,5%, Славаччыне — 66,6%, Чэхіі — 64%, Румыніі — 52,8, Польшчы — 49,6%. Гэта краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, патэнцыял якіх у навуцы і тэхналёгіях можна лічыць супастаўным з нашай рэспублікай.

10. У ЭАЭС слабая ўзгодненая палітыка

15. У ЭАЭС практычна не ствараюцца сумесныя акцыянэрныя таварыствы і іншыя кампаніі, якія ва ўсім сьвеце зьяўляюцца асноўным зьвяном інтэграцыйных праектаў і інавацыйнай глябальнай эканомікі. Сёньня ў нас у краіне з 6,3 тысячы сумесных кампаній — 2,5 тысячы суб’ектаў гаспадараньня з расейскім капіталам. Але гэта, як правіла, невялікія арганізацыі, і яны не істотна ўплываюць на вытворчую сфэру. А з капіталам зь іншых краін ЭАЭС вельмі мала наагул. З Армэніяй — 58, Казахстанам — 45, Кіргізіяй — толькі 3 прадпрыемствы.

11. Па колькасьці насельніцтва вярнуліся да 2015 году

З 2017 году ў краіне назіраецца рэзкае пагаршэньне дэмаграфічнай сытуацыі. За два гады (паводле папярэдніх дадзеных) колькасьць насельніцтва рэспублікі скарацілася на 29,1 тысячы чалавек і на 1 студзеня 2019 году склала 9475,6 тысячы чалавек. Фактычна мы вярнуліся да пачатку 2015 году. Узровень нараджальнасьці зьнізіўся з 12,4 да 10 на 1000 чалавек насельніцтва. Гэта зьяўляецца самым нізкім узроўнем у ЭАЭС.

12. Паміраць у працаздольным узросьце сталі болей

Упершыню за апошнія 7 гадоў у 2018 годзе ў рэспубліцы адзначаны рост сьмяротнасьці насельніцтва ў працаздольным узросьце. Як паказаў аналіз дадзеных, зьмяненьне пэнсійнага ўзросту не аказала істотнага ўплыву на значэньне гэтага паказьніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG