Аляксандар Лукашэнка выдаў 4 сакавіка тры дырэктывы: «Аб разьвіцьці сяла і падвышэньні эфэктыўнасьці аграрнай галіны» (PDF), «Аб удасканаленьні і разьвіцьці жыльлёва-камунальнай гаспадаркі» (PDF) і «Аб прыярытэтных напрамках разьвіцьця будаўнічай галіны» (PDF).
Чаму дырэктывы, а не законы ці ўказы?
Паводле беларускага заканадаўства прэзыдэнт можа самастойна выдаваць дэкрэты, роўныя ў моцы законам, якія прымаюцца дэпутатамі Нацыянальнага сходу, а таксама ўказы і дырэктывы. Паводле закону «Аб нарматыўных прававых актах» указ — гэта акт, які выдаецца прэзыдэнтам «у мэтах рэалізацыі ягоных паўнамоцтваў» і які «ўсталёўвае пэўныя прававыя нормы», дэкрэт выпускаецца «для рэгуляваньня найбольш важных грамадзкіх адносінаў», дырэктыва — «у мэтах сыстэмнага рашэньня пытаньняў, якія маюць прыярытэтнае палітычнае, сацыяльнае і эканамічнае значэньне».
Дзе праходзяць межы між гэтымі ступенямі значнасьці, не ўдакладняецца. Але, напрыклад, указ № 222 пра прадпрымальнікаў выклікаў ці ня больш маштабныя пратэсты, чым дэкрэт № 3 пра «дармаедаў» — страйкавалі амаль усе рынкі краіны.
Што ў дырэктывах
У падпісаных Аляксандрам Лукашэнкам дырэктывах шмат аптымістычных прагнозаў.
Так, у «будаўнічай» дырэктыве прадугледжаная, напрыклад, дзяржаўная падтрымка цэнаў на жытло на ўзроўні ня больш як сярэднямесячны заробак за 1 м², падтрымка долі індывідуальнага жытла ня менш як 40% у аб’ёмах будаўніцтва, давядзеньне долі айчыннай будаўнічай прадукцыі на будоўлях да 85%. Але ёсьць і агульныя фразы накшталт «падвысіць ролю аўтарскага і тэхнічнага нагляду», «разьвіць інстытут інжынэрных арганізацыяў», «скараціць выдаткі пры праектаваньні і будаўніцтве».
У «камунальнай» дырэктыве загадана да 2020 году дасягнуць долі капітальна рамантаванага жытла ў 3%, да 2025 году забясьпечыць 100% спажыўцоў якаснай пітной вадой (парамэтры якасьці не прыводзяцца), стварыць да 1 студзеня 2020 году сыстэму маніторынгу прэтэнзіяў грамадзянаў на паслугі ЖКГ. Таксама дырэктыва прадугледжвае паступовы адказ ад поліэтыленавай упакоўкі і яе замену на экалягічна бясьпечную, у тым ліку шкляную і папяровую.
Ёсьць і абстрактныя загады — «забясьпечыць на рэгулярнай аснове дасьледаваньні па доўгатэрміновым прагназаваньні тэндэнцыяў навукова-тэхнічнага прагрэсу ў жыльлёва-камунальнай галіне».
Таксама і ў «сельскай» дырэктыве ёсьць як канкрэтныя лічбы, так і абстрактныя пажаданьні. Нарасьціць экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі да 7 млрд даляраў на год да 2020 году, надойваць ня менш за 6 тонаў малака ад каровы на год (у прамысловых малочных комплексах — ня менш за 7 тонаў), выключыць закладаньне травяных кармоў у бурты, падвышаць заробкі ў сельскай гаспадарцы да сярэдніх па краіне (да якой даты, не ўдакладняецца). І поруч з гэтым — «дывэрсыфікаваць экспарт» або «стымуляваць стварэньне працоўных месцаў у аграэкатурызьме».
Ці абавязкова выконваць паказьнікі надояў
З аднаго боку, дырэктывы прызнаюцца роўнымі законам. Зь іншага боку, далёка ня ўсе пункты дырэктываў канкрэтныя, выкананьне або невыкананьне шмат якіх можна ацаніць хіба што суб’ектыўна. Урэшце, далёка ня ўсе праграмы Лукашэнкі выконваюцца і далёка не заўсёды за гэта нехта нясе пакараньне.
Так, з праграмы на «чацьвёртую пяцігодку» ўсе паказьнікі былі праваленыя, а прэм’ер-міністар казаў, што гэта станоўчы вынік — і яшчэ два гады пасьля гэтага заставаўся на пасадзе.
Свабода аналізавала таксама праграму на «пятую пяцігодку». Што зь яе ўдасца і ня ўдасца выканаць, стане вядома ў 2021 годзе.