Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі адказала на пэтыцыю аб акрэдытацыі тэлеканалу «Белсат»


Супрацоўнікі «Белсату» пэўны час пасьля суду за таварны знак «маскіравалі» сваю тэхніку налепкамі, ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнікі «Белсату» пэўны час пасьля суду за таварны знак «маскіравалі» сваю тэхніку налепкамі, ілюстрацыйнае фота

Папрасілі «акрэдытаваць канал» — МЗС адказаў, што акрэдытоўвае не каналы, а карэспандэнтаў.

На сайце Petitions.by у студзені зьявілася пэтыцыя пад назвай «Акрэдытаваць канал „Белсат“, забясьпечыць бесьперашкодную працу незалежных СМІ». Зварот падпісалі 186 карыстальнікаў. 7 сакавіка быў атрыманы адказ ад намесьніка міністра Яўгена Шастакова.

Што было ў пэтыцыі

У звароце сьцьвярджалася, што стасоўна некаторых СМІ ў Беларусі выконваюцца ня ўсе артыкулы закону «Аб сродках масавай інфармацыі», а таксама што ў Беларусі тэлевізія зманапалізаваная дзяржаўнымі тэлеканаламі. Прыводзіліся вытрымкі з закону наконт роўнасьці ў праве на пашырэньне інфармацыі, плюралізму, недапушчэньня манапалізацыі СМІ, недапушчэньня абмежаваньня свабоды СМІ.

«Грамадзяне Рэспублікі Беларусі маюць права на атрыманьне дакладнай інфармацыі пра падзеі ў краіне без прапагандысцкай афарбоўкі, — пісалі ў звароце. — У цяперашні момант у грамадзян пэнсійнага ўзросту няма сталага вольнага доступу да сеткі Інтэрнэт для атрыманьня аб'ектыўнай інфармацыі з альтэрнатыўных афіцыйным крыніцам інфармацыі.

Свабода слова і права на атрыманьне інфармацыі ёсьць неад'емным правам свабоднай асобы, зарукай фармаваньня аб'ектыўных поглядаў на падзеі, што адбываюцца. Інфармацыйная ізаляцыя можа мець згубныя наступствы для разьвіцьця цывілізаванага грамадзтва. Права на інфармацыю і свабодную журналістыку павінна быць недатыкальным».

Падпісанты пэтыцыі запатрабавалі правесьці праверку прычынаў, зь якіх МЗС не акрэдытоўвае тэлеканал «Белсат», і праверыць, ці ёсьць прыкметы манапалізацыі тэлевізіі ў Беларусі, прыняць захады дзеля рэалізацыі права беларусаў атрымліваць інфармацыю пра падзеі ў краіне.

Польскі беларускамоўны тэлеканал «Белсат», які вяшчае на Беларусь, неаднаразова зьвяртаўся па акрэдытацыю карэспандэнтаў, але атрымліваў адмовы. Праз адсутнасьць акрэдытацыі карэспандэнтам «Белсату», пэрыядычна прысуджаюць у Беларусі штрафы за «незаконны выраб і пашырэньне прадукцыі СМІ» (ч. 2 або ч. 3 арт. 22.9 КаАП). Некаторым карэспандэнтам выпісваюць па дзесяць штрафаў на год, але яны надалей працуюць. За супрацу з замежнымі СМІ беларусаў аштрафавалі за 2018 год сумарна на 113 092 рублі.

Што адказалі ў МЗС

У адказе Яўгена Шастакова пералічваюцца законы, паводле якіх акрэдытуюцца журналісты незалежных СМІ і адкрываюцца карэспандэнцкія пункты ў Беларусі.

«Запытаная ў вашым звароце „акрэдытацыя спадарожнікавага каналу“ „Белсат“ ня значыцца ў вышэй выкладзеных пытаньнях кампэтэнцыі МЗС і не прадугледжаная ў сьпісе адміністрацыйных працэдураў, якія зьдзяйсьняе Міністэрства», — адзначаецца ў адказе.

Шастакоў таксама згадаў, што Вярхоўны суд у 2014 годзе забараніў Польскай тэлевізіі выкарыстоўваць пазначэньне «Белсат» або «Belsat» пры трансьляцыі на Беларусь праз зварот уласьніка фірмы «БЕЛСАТплюс», які за год да запуску тэлеканалу (але ўжо пасьля анонсу гэтага запуску) набыў у Беларусі гандлёвы знак «Белсат». Праз справу аб таварным знаку ў тэлеканалу ня раз канфіскоўвалі тэхніку.

Сапраўды, у звароце ўжывалася фармулёўка «акрэдытаваць канал», але не ўжывалася «акрэдытаваць карэспандэнтаў» або «дазволіць адкрыць карэспандэнцкі пункт». Аднак з адказу вынікае, што Шастакоў зразумеў, што мелася на ўвазе ў пэтыцыі.

На просьбы правесьці праверку наконт манапалізацыі дзяржавай тэлевізійнай сеткі вяшчаньня Шастакоў не адказаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG