Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла ў вышук афіцэра Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня Расеі Алега Іваньнікава. Украінскія ўлады абвінавачваюць яго па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — «стварэньне тэрарыстычнай арганізацыі, кіраўніцтва або ўдзел у ёй» і «вядзеньне агрэсіўнай вайны».
У 2018 годзе гурт Bellingcat і расейскае выданьне The Insider апублікавалі расьсьледаваньне, згодна зь якім Іваньнікаў спрычыніўся да транспартаваньня ўстаноўкі «Бук» праз мяжу Расеі на тэрыторыю Ўкраіны, якую кантралююць сэпаратысты, летам 2014 году. Журналісты-сьледчыя называюць Іваньнікава (пазыўны «Арыён») ключавым падазраваным у справе MH17.
«Арыён» кіраваў ваеннымі дзеяньнямі, знаходзячыся на лініі фронту ў той час, як генэрал ^[Мікалай^] Ткачоў («Дэльфін») знаходзіўся па-за зонай баявых дзеяньняў (верагодна, у Расеі). Таксама абодва галоўных героя абмяркоўваюць таемную перакідку ўзбраеньняў, у тым ліку з дапамогай трала«, — гаворыцца ў расьсьледаваньні The Insider.
«Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH17 з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў зьбіты 17 ліпеня 2014 году ў небе над Данбасам. Яго абломкі ўпалі недалёка ад вёскі Грабава на тэрыторыі, якую кантралявалі прарасейскія сэпаратысты. Загінулі ўсе 298 чалавек на борце, больш за 200 былі грамадзянамі Нідэрляндаў.
У траўні 2018 года Міжнародная сьледчая група JIT пацьвердзіла дачыненьне 53-й курскай зэнітна-ракетнай брыгады да катастрофы з «Боінгам».
Пазьней Нідэрлянды і Аўстралія афіцыйна абвінавацілі Расею ў датычнасьці да крушэньня малайзійскага «Боінга». Заяву пра гэта зрабіў МЗС Нідэрляндаў.
Мінабароны РФ у верасьні 2018 году заявіла, што ракета, якой летам 2014 году быў зьбіты «Боінг», была пастаўлена не ў расейскую брыгаду ў Курску, а ў вайсковую частку 20152, зэнітна-ракетную брыгаду, дыслякаваную ў Цярнопальскай вобласьці Ўкраіны.
Галоўны рэдактар выданьня The Insider Раман Дабрахвотаў распавёў у эфіры Настоящего времени, чаму лічыць інфармацыю расейскага ведамства непераканаўчай.