Сакратар Рады бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандр Турчынаў назваў «фэйкам» заявы расейскага боку аб тым, што ракета, зь якой у 2014 годзе над Данбасам быў зьбіты пасажырскі «Боінг» малайзійскіх авіяліній, мела ўкраінскую прыналежнасьць.
«Заява Расейскай Фэдэрацыі аб нібыта ўкраінскім сьледзе ракеты, якая зьбіла МН-17 — гэта чарговы няўдалы фэйк Крамля для таго, каб прыкрыць сваё злачынства, якое ўжо даказана як афіцыйным сьледствам, так і незалежнымі экспэртнымі групамі», цытуе Турчынава Інтэрфакс-Украіна.
Раней 17 верасьня начальнік Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўленьня Мінабароны РФ Мікалай Паршын заявіў, што ракета зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», якой быў зьбіты малайзійскі «Боінг» рэйсу MH17, была вырабленая ў падмаскоўным Даўгапрудным у 1986 годзе i адпраўленая ва Ўкраіну, адкуль больш не вярталася ў Расею.