Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька дзяўчыны, якая загінула ў МН17: «Пуцін, адказвай за сябе!»


Ганс дэ Дорст з дачкой Эльзэмік, якая ляцела ў «Боінгу», зьбітым над Данбасам у ліпені 2014 году
Ганс дэ Дорст з дачкой Эльзэмік, якая ляцела ў «Боінгу», зьбітым над Данбасам у ліпені 2014 году

«Няхай чэмпіянат сьвету па футболе стане для расейцаў нагодай падумаць пра нас», — кажа галяндзец Ганс дэ Борст, у якога ў зьбітым над Данбасам «Боінгу» загінула 17-гадовая дачка Эльзэмік. Разам зь яшчэ некалькімі сваякамі пасажыраў рэйсу МН17 ён напісаў ліст расейцам, на мінулым тыдні яго апублікавала расейская «Новая газета». Пра тое, якія пачуцьці выклікае ў яго будучы мундыяль і апошнія выкрыцьці ў справе МН17, Ганс дэ Борст распавёў карэспандэнтцы Радыё Свабода Соф'і Карняенцы.

— Ідэя напісаць ліст да расейцаў належала Джону ОʼБраену з Аўстраліі. Ён зрабіў гэта ў памяць пра свайго загінулага сына Джэка ОʼБраена. Джон горача любіў спорт, як гэта часта бывае ў аўстралійцаў. І вось Джон падумаў: «Набліжаецца чэмпіянат сьвету, а я адзін, без сына. Я напішу ліст расейцам». Каб, з аднаго боку, сказаць, што ў нас няма нянавісьці да расейцаў, але, зь іншага боку, мы ўсё гэтак жа пакутуем ад болю, што нашых дзяцей больш няма. І што ўрад расейцаў паводзіць сябе ў гэтай справе нядобра; не спрыяе расьсьледаваньню, а нават перашкаджае яму, і гэта прыносіць нам дадатковыя пакуты. Вось што мы напісалі ў лісьце, і я таксама падпісаўся, таму што адчуваю тое ж самае. Я знаёмы з некалькімі семʼямі з Аўстраліі і з Англіі, мы бачымся кожны раз, калі праводзяцца сустрэчы. У нас ёсьць свая група ў Фэйсбуку.

Каб сказаць, што ў нас няма нянавісьці да расейцаў, але мы ўсё гэтак жа пакутуем ад болю, што нашых дзяцей больш няма.

Я лічу, добра, што мы напісалі. Я ведаю некалькіх расейцаў, і яны мне сказалі, што ліст выклікаў у Расеі сурʼёзную дыскусію. Я рады гэта чуць. Таму што ўрад не рэагуе ніяк, але мы хочам простым расейцам сказаць, што мы таксама любілі футбол, а цяпер гэтая любоў да футбола спалучаная з болем. Я, напрыклад, як цяпер памятаю, як у чэрвені 2014 году мы з дачкой разам сядзелі на канапе і глядзелі матч з удзелам галяндзкай зборнай. А цяпер яна ўжо чатыры гады мёртвая.

— Вашая дачка, Эльзэмік, таксама любіла спорт?

— Так, стаяла і крычала ад радасьці перад тэлевізарам, калі — вы, можа быць, памятаеце гэты гол, калі Ван Пэрсі галавой забіў? Як яна радавалася тады! Гэта быў чэрвень, чатыры гады таму. І калі ён (Джон ОʼБраен. — РС) вырашыў напісаць ліст, ён якраз гэта і хацеў сказаць, што часам вось хочацца ўзьненавідзець людзей, узьненавідзець расейцаў, але мы якраз ня хочам гэтага, мы выбіраем іншы шлях. Усё, чаго мы хочам, — гэта каб перамагла справядлівасьць. У нас склалася ўражаньне — а цяпер гэта ўжо даказана, — што расейскі ўрад не супрацоўнічае з правасудзьдзем. Нам балюча гэта назіраць. І мы напісалі пра гэта.

— У пятніцу ўрад Нідэрляндаў афіцыйна ўсклаў на Расею адказнасьць за гібель рэйсу МН17, што можа пацягнуць за сабой сурʼёзныя юрыдычныя наступствы і нават новыя судовыя працэсы. Вы рады гэтаму рашучага кроку?

— Слова «радасьць» тут ня вельмі пасуе... Я не чакаў, што Галяндыя гэтак хутка выступіць з такой заявай. І так, я яе вітаю, таму што цяпер, нарэшце, нешта зрушыцца. Да гэтага часу прэмʼер Марк Рутэ толькі паўтараў, што ня хоча нічога камэнтаваць, таму што, як ён сам казаў, баяўся перашкодзіць сьледзтву. Ён быў увесь час ветлівы і ласкавы. А цяпер сьледчая група апублікавала доказы, і ўрад можа рабіць заявы. І я рады, што наш урад выказаў жаданьне дзейнічаць. Вядома, Расея будзе працягваць усё адмаўляць, ужо ўсё адмаўляе. Але цяпер мы атрымаем сапраўдны судовы працэс, на якім доказы прадставіць незалежная каманда сьледчых. Крымінальны суд калісьці адбудзецца, але яго, хутчэй за ўсё, яшчэ доўга прыйдзецца чакаць, магчыма, некалькі гадоў.

Дзіцячая цацка на месцы падзеньня MH17
Дзіцячая цацка на месцы падзеньня MH17

— Ці хопіць вам цярпеньня яшчэ доўга чакаць заканчэньня расьсьледаваньня, ці вы ў глыбіні душы адчуваеце раздражненьне ад таго, што ўсё адбываецца вельмі марудна?

— Я гатовы чакаць. Цярпеньня ў мяне шмат. Я і так кожны дзень жыву з болем ад таго, што маёй дачкі больш няма. Для мяне важней, каб усё было старанна расьследавана. Не хацелася б, каб сьледчыя пасьпяшаліся і нарабілі памылак, тым самым дазволіўшы Расеі пасьмяяцца над імі. Хай сьледчыя працуюць дакладна і старанна, і хай, калі спатрэбіцца, нам прыйдзецца яшчэ тры гады чакаць суда. Я чую, як некаторыя ўжо кажуць: маўляў, які ва ўсім гэтым сэнс, бо Расея ўсё роўна нікога не выдасьць? Тады я адказваю, што менавіта таму яшчэ важней, каб астатні сьвет працягваў нястомна працаваць над гэтай справай! Таму што мы хочам дайсьці да самай сутнасьці, перавярнуць апошні камень. Паўтаруся, гэтыя дзеяньні накіраваны не супраць расейскага народу. Я ведаю ад маіх расейскіх знаёмых, што ім таксама балюча ад таго, што адбываецца. Але нельга ж усё адмаўляць і чакаць, што Галяндыя проста прамаўчыць у адказ? Я думаю, што расейскія ўлады таксама павольна ўсьведамляюць, дзе праўда. Для іх гэта будзе цяжка. І яны працягнуць усё адмаўляць. Але паглядзім, што будзе на судзе.

— Праблема ў тым, што, як вы самі пішаце ў вашым лісьце, расейскія ўлады праз СМІ і сацыяльныя сеткі вядуць агрэсіўную кампанію супраць праўды, актыўна распаўсюджваюць ідэю аб тым, што верыць нельга нікому. Вы нават пішаце, што сярод сваякоў загінулых гэтая прапаганда адзін час спарадзіла некаторыя сумневы.

Усе ці амаль усе сваякі падтрымліваюць сьледчых і не сумняваюцца ў іх.

— Расея ў гэтым атрымала посьпех, у яе добра атрымліваецца ўводзіць усіх у зман, каб усе страцілі зацікаўленасьць, перавялі ўвагу на новыя сюжэты. Але, напэўна, цяпер яны заўважаць, што каманду сьледчых не саб’еш з тропу. Сьледчыя працуюць спакойна, стрымана. Галоўны сьледчы гадамі працуе, гадамі рухаецца да адной мэты, гадамі, разам са сваёй камандай, заняты пошукам ісьціны. Ён ні ад каго не прыме хлусьлівай інфармацыі на сподачку. Ён займаецца сваёй справай — расьсьледаваньнем. І гэта адзіна правільны падыход.

— Большасьць сваякоў загінулых згодныя з вамі ў ацэнцы працы сумеснай сьледчай групы? Ніхто больш ня ставіць пад сумнеў яе кампэтэнтнасьць?

Усе ці амаль усе сваякі падтрымліваюць сьледчых і не сумняваюцца ў іх. Зразумела, заўсёды знаходзіцца нехта, хто пачынае казаць пра тое, што Расея нікога не выдасьць. Ня выдасьць, але, нягледзячы на гэта, я лічу (і я думаю, многія іншыя сваякі гэтак жа лічаць), вельмі важна, каб сьледчая група нязьменна працягвала рухацца сваім курсам, працягвала сваё незалежнае расьследаваньне. Хай нашыя апанэнты гучна крычаць, гэта нас не хвалюе. Я мяркую, многія сваякі пагодзяцца з тым, што я кажу. Давер да сьледчай групы высокі.

На месцы падзеньня самалёта
На месцы падзеньня самалёта

—​ У Расеі многія людзі ня могуць уявіць сабе, што ў Галяндыі сьледчая група працуе абсалютна незалежна ад ураду.

— Я магу іх зразумець, яны ніколі такога не бачылі. Бо ў Расеі ўлады кантралююць усе. Тут мы проста далі заданьне — правесьці расьсьледаваньне — камандзе сьледчых зь пяці краін, якія не толькі з Галяндыі, і галяндзкі ўрад не мае на гэтых незалежных сьледчых ніякіх вагароў узьдзеяньня. Чалавеку, які жыве ў Расеі, гэта складана зразумець, але менавіта так функцыянуе стоадсоткавая дэмакратыя.

Калі глядзець шырэй, тут можа мець месца нават такое расьсьледаваньне, такі працэс па нейкай іншай справе, на якім на парадак дня будзе вынесеная дзейнасьць самога ўраду. У гэтым і палягае прывабнасьць дэмакратыі. У дэмакратыі ёсьць і недахопы: даводзіцца вельмі доўга дамаўляцца з кучай маленькіх партый. Напрыклад, каб сфармаваць урад. Але мы цяпер гаворым пра расьсьледаваньне. Ва ўмовах дэмакратыі яно можа заставацца незалежным. Суд тут таксама прызнае і далучыць да справы вынікі расьсьледаваньня, толькі калі яно незалежнае, інакш ніяк.

— Мне вельмі спадабаўся адзін камэнтар да вашага ліста: «Выдатны чалавечы ліст, заклікае да чалавечых каштоўнасьцяў — да ўзаемаразуменьня, павагі да жыцьця чалавека. У ім зусім няма пачуцьця помсты, нянавісьці і варожасьці, у адрозьненьне ад таго, што прапагандуецца расейскімі дзяржаўнымі СМІ і ўра-патрыётамі. Менавіта гэтым ліст і каштоўны, і заслугоўвае ўсеагульнай увагі і павагі да яго аўтараў». Але, на жаль, нярэдкія ў сацсетках і камэнтары іншага кшталту, калі спачатку чалавек быццам бы шчыра спачувае вам па-чалавечы, але віну за вашае гора раптам ускладае на «украінскіх фашыстаў», а высновы сьледчых лічыць палітычнай гульнёй.

Я магу гэта зразумець. Непрыемна, калі абвінавачваюць тваю краіну.

— Я магу гэта зразумець. Непрыемна, калі абвінавачваюць тваю краіну. Мы згадалі ў сваім лісьце расейскія семʼі, якія страцілі блізкіх у катастрофе ў Эгіпце. Гэта сапраўды чалавечы ліст, мы яго такім і хацелі напісаць. Але, зь іншага боку, так, я атрымліваў і асабістыя паведамленьні такога кшталту: «Мы вам спачуваем, прыміце нашыя спачуваньні, але вам павінна быць сорамна за тое, што вы абвінавачваеце нашую краіну!»

— На вашай старонцы ў Фэйсбуку я бачыла камэнтары пад постам, у якім вы падзяліліся сваім лістом, і ў мяне склалася ўражаньне, што туды набеглі тролі.

— Вы маеце рацыю. Потым ідуць спачуваньні, адразу за імі рыторыка з поўным наборам вэрсіяў, чаму ўсё няпраўда, і ледзь не Ізраіль ва ўсім вінаваты. Вы можа быць не бачылі, але я неўзабаве пасьля трагедыі напісаў ліст Пуціну, у Фэйсбуку. Тады я атрымаў парадку шасьці тысяч камэнтароў на маёй старонцы, з усяго сьвету. І мой ліст перакладалі на розныя мовы. Дык вось, я тады ўжо прызвычаіўся, што на мяне нацэльвалі цэлыя кананады лаянкі. Мяне такое ўжо не палохае. Гэта могуць быць і людзі, і тролі. Я тады зьвярнуўся і да Пуціна, і да Парашэнкі, і да лідэраў сэпаратыстаў — да ўсіх са словамі: «Дзякуй за тое, што вы забілі маё дзіця!» А ў камэнтарах мне вельмі шмат людзей напісалі: «Зь якой нагоды ты вінаваціш аднаго Пуціна?» Гэта значыць, яны нават не чыталі майго ліста! Я тады спачатку ўсіх абвінаваціў, я разважаў так: адзін з гэтых лідэраў дакладна вінаваты. Гэта значыць я падазраваў, што гэта — Расея, але ж была верагоднасьць тады, што гэта Ўкраіна ці сэпаратысты. Таму я зьвярнуўся да ўсіх. Але гэтыя камэнтатары нават тэксту майго ня чыталі.

Кветкі каля амстэрдамскага аэрапорту Схіпгол у памяць пра загінулых
Кветкі каля амстэрдамскага аэрапорту Схіпгол у памяць пра загінулых

— У сваім лісьце вы задаяце пытаньне: «Але ці жадаюць расейцы жыць у такой краіне, дзе для праўды больш не засталося месца?» На жаль, прапаганда ўжо пасьпела пераканаць многіх расейцаў у тым, што нават калі ў Расеі праўды няма, яе нібы няма нідзе, і ў іншых краінах суды такія ж прадажныя, прэса такая ж падкантрольная, свабода таксама толькі на паперы.

Тады ім не пашанцавала, што ўсё гэта здарылася менавіта з Галяндыяй, таму што Галяндыя — адна з найменш карумпаваных краін у сьвеце. Вядома, і тут ня ўсё правільна, але незалежнасьць судовай сыстэмы — тое, чым Нідэрлянды славяцца на ўвесь сьвет. Замежнікам гэтага бывае проста не зразумець. Напрыклад, суды прысяжных у Амэрыцы таксама далёка не ідэальная сыстэма, вас можа асудзіць кучка непрыемных тыпаў. Але што адбываецца ў Расеі? Мы патрабуем ад Пуціна тлумачэньняў за яго памылку, і што мы чуем у адказ? Што ў іншых краінах таксама робяць памылкі! Так, такое здараецца. Але вазьміце ж на сябе адказнасьць за свае ўчынкі! Як ён адрэагаваў у чацьвер? «Украіна вінаватая, трэба было неба закрыць!»

Дарослы чалавек ужо даўно прызнаўся б: «Так, гэта я вінаваты. Адбылася памылка, я зрабіў гэта ненаўмысна». Але Расея, мабыць, не зьбіраецца прызнавацца.

Працягваецца перакладаньне адказнасьці. Адказвай за сябе! Мы прадʼявілі сто доказаў, што ракета прыехала з тваёй краіны. Які сэнс казаць у адказ на гэта, што Ўкраіна павінна была забараніць палёты? Так, павінна была, гэта мы і так ведаем. Як малое дзіця! Дарослы чалавек ужо даўно прызнаўся б: «Так, гэта я вінаваты. Адбылася памылка, я зрабіў гэта ненаўмысна». Але Расея, мабыць, не зьбіраецца прызнавацца. Я Пуціну яшчэ раз напісаў нядаўна, пасьля яго перамогі на выбарах. Таксама ў Фэйсбуку, але ён не адказаў. Я напісаў: «Сардэчна віншую з перамогай на выбарах! Прашу вас падумаць аб МН17. Моцны лідэр становіцца яшчэ мацнейшым, калі ён гатовы прызнаць сваю памылку».

— А тое, што частка краінаў сьвету едзе на чэмпіянат сьвету, як вы расцэньваеце? Калі б Нідэрлянды прайшлі кваліфікацыю, яны павінныя былі б усё роўна адмовіцца і не ехаць?

— Я рады, што галяндзкая зборная не прайшла. Але паглядзіце, Аўстралія таксама ў пятніцу прадʼявіла Расеі афіцыйныя абвінавачваньні, а яе каманда едзе на чэмпіянат. Я жадаю ім посьпеху, але, па-мойму, яны маглі б адмовіцца ад удзелу. На шчасьце, ня мне гэта вырашаць. Я рады, што галяндцы не едуць.

— Аднак у вашым лісьце няма адкрытага закліку да байкоту чэмпіянату.

— Так, Джон мяне пра гэта папрасіў. Ён лічыць, што чэмпіянат усё роўна павінен адбыцца. Гэта дасьць людзям лішнюю падставу падумаць пра нас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG