Міжнародная сумесная сьледчая група (JIT), якая расьсьледуе абставіны гібелі малайзійскага «Боінга» над Данбасам ў ліпені 2014 году, паведаміла, што ўважліва вывучыць заявы Міністэрства абароны Расеі, зь якімі яно выступіла ў панядзелак.
У той жа час у заяве JIT гаворыцца, што Расея адказала не на ўсе пытаньні, якія перад ёй паставілі сёлета ў траўні. Тады сьледчыя апублікавалі папярэднюю справаздачу аб катастрофе «Боінга». Там была зроблена выснова, што самалёт зьбілі з устаноўкі «Бук», якая належала расейскай арміі.
У цяперашняй заяве JIT адзначаецца, што расейскі бок праігнараваў пытаньне аб паметках, знойдзеных на абломках ракеты. Акрамя таго, некаторыя ранейшыя заявы Мінабароны Расеі не пацьвярджаліся пасьля праверкі фактаў — у прыватнасьці, сьцьвярджэньне аб «вайсковым самалёце», нібыта заўважаным побач з «Боінгам».
Міжнародная сьледчая група заклікала Расею падаць усе дакумэнты, якія маюць дачыненьне да справы.
Раней 17 верасьня начальнік Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўленьня Мінабароны РФ Мікалай Паршын заявіў, што ракета зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», якой быў зьбіты малайзійскі «Боінг» рэйсу MH17, была вырабленая ў падмаскоўным Даўгапрудным у 1986 годзе i адпраўленая ва Ўкраіну, адкуль больш не вярталася ў Расею.