Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі ахвяраў катастрофы малайзійскага «Боінга» над Данбасам падалі ў суд на Расею


Сваякі 55 загінулых пры крушэньні самалёта Malaysia Airlines MH17 у 2014 годзе над Данбасам падалі супраць Расеі пазоў у Эўрапейскі суд па правах чалавека, паведамляе нідэрляндзкае выданьне NOS.

Праз паўгода пасьля таго, як міжнародныя сьледчыя афіцыйна абвясьцілі аб датычнасьці Расеі да крушэньня самалёта, сваякі запатрабавалі ад Масквы прызнацца ў злачынстве і не замінаць расьсьледаваньню.

«Расея не дала важнай інфармацыі Міжнароднай групе сьледчых. Больш за тое, нададзеныя [краінай] факты ў канчатковым выніку аказаліся ілжывымі», — заявіў адвакат сваякоў.

Раней ў 2016 годзе сваякі ахвяр з Аўстраліі, Малайзіі і Новай Зэляндыі падалі ў суд на расіяніна і былога «міністра абароны» так званай «ДНР» Ігара Стралкова (Гіркіна). Сваякі абвінавацілі Стралкова ў арганізацыі пуску ракеты па пасажырскім самалёце. Ён, згодна з пазовам, або асабіста кіраваў тымі, хто выпусьціў ракету, або «спусьціў зьверху» такі загад. Сваякі загінулых сьцьвярджаюць, што Стралкоў удзельнічаў у канфлікце ва Ўкраіне «з багаславеньня Крамля», таксама і ў той час, калі сэпаратысты зьбілі самалёт. На гэтай падставе пазоўнікі патрабуюць ад Гіркіна кампэнсацыі ў памеры 900 мільенаў даляраў.

«Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH17 з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў зьбіты 17 ліпеня 2014 года ў небе над Данбасам. Яго абломкі ўпалі недалёка ад вёскі Грабава на тэрыторыі сэпаратысцкай «ДНР». Загінулі 298 чалавек, больш за дзьвесьце былі грамадзянамі Нідэрляндаў, на борце былі таксама грамадзяне Малайзіі, Аўстраліі і іншых краін.

Расьсьледаваньне катастрофы ўжо чатыры гады вядзе Сумесная сьледчая група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Аўстраліі, Бэльгіі, Малайзіі, Нідэрляндаў і Украіны.

Згодна зь яе высновамі, самалёт быў зьбіты вырабленай у Расеі ракетай з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», які належаў 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе узброеных сіл РФ, дысьлякаванай у Курску. Устаноўка была перакінутая на тэрыторыю сэпаратыстаў, непадкантрольную Кіеву, з тэрыторыі Расеі.

Расея дачыненьне да крушэньня самалёта адхіляе. Міністэрства абароны Расеі 17 верасьня заявіла, што ракета, якой зьбілі самалёт, была пастаўлена не ў расейскую брыгаду ў Курску, а ў вайсковую частку 20152 — зэнітна-ракетную брыгаду, дысьлякаваную ў Цярнопальскай вобласьці Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG