Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Расея не датычная да гібелі «Боінга». Частка віны — на кіраўніцтве Ўкраіны

абноўлена

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што расейскі бок не датычны да гібелі рэйса MH17 «Малайзійскіх авіяліній» у небе над Данбасам у 2014 годзе. Паводле яго частка віны ляжыць на кіраўніцтве Ўкраіны, якое не закрыла паветраную прастору над зонай баявых дзеяньняў.

Такую заяву Пуцін зрабіў на пленарным пасяджэньні Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму.

Па словах прэзыдэнта, Расею не дапусьцілі да расьсьледаваньня катастрофы, а аргумэнты расейскага боку не прымаюцца да ўвагі. «Мы хацелі б прыняць паўнавартасны ўдзел у расьсьледаваньні,» — заявіў Пуцін.

На ўдакладняючае пытаньне мадэратара пасяджэньня: «Дык вы сьцьвярджаеце, што гэта была не расейская ракета?» прэзыдэнт адказаў: «Вядома, не».

ЗША і Эўразьвяз заклікалі Расею ўзяць на сябе адказнасьць за катастрофу рэйсу MH17, паведамляе AFP.

Міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Борыс Джонсан заявіў, што расейскае кіраўніцтва павінна адказаць за свае дзеяньні пасля справаздачы аб зьбітым Boeing 777.

Улады Аўстраліі і Нідэрляндаў афіцыйна абвінавацілі Расею ў крушэньні малайзійскага Боінгу MH17 над Данбаса.

У заяве на сайце ўрада Нідэрляндаў адзначаецца, што Масква адказная за разьмяшчэньне на падкантрольнай сэпаратыстам тэрыторыі зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», зь якога быў зьбіты лайнэр.

«Мы заклікаем Расею ўзяць на сябе адказнасьць і ў поўнай меры супрацоўнічаць з працэсам устанаўленьня ісьціны і дасягненьні справядлівасьці для ахвяр палёту MH17 і іх блізкіх сваякоў», — сказаў міністар замежных справаў Нідэрляндаў Стэф Блок.

Напярэдадні, у чацьвер, на прэс-канфэрэнцыі ў Нідэрланадах у чацьвер прадстаўнікі Міжнароднай сьледчай групы (JIT) заявілі, што валодаюць доказамі таго, што «Боінг» быў зьбіты з устаноўкі «Бук», прыпісанай да 53-й зэнітна-ракетнай брыгады расейскіх узброеных сілаў.

Як ужо было ўстаноўлена раней, «Бук» быў перапраўлены на тэрыторыю Ўкраіны, кантраляваную прарасейскімі сэпаратыстамі, з Расеі.

Самалёт «Малайзійскіх авіяліній» быў зьбіты над Данбасам 17 ліпеня 2014 году. Загінулі ўсе 298 чалавек на борце. У 2015 годзе Нідэрлянды выступілі за стварэньне міжнароднага трыбуналу ў справе аб крушэньні «Боінга». Расея заблякавала гэтую ініцыятыву ў Радзе бясьпекі ААН, назваўшы яе «несвоечасовай і контрпрадуктыўнай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG