Бальшыня выбарнікаў Ірляндыі на рэфэрэндуме, што прайшоў 26 кастрычніка, выказалася за тое, каб прыбраць з Канстытуцыі краіны, прынятай у 1937 годзе, пункт пра незаконнасьць публікацыі і распаўсюду «блюзьнерскіх матэрыялаў» — такіх, якія зьневажаюць багоў, цэрквы і вернікаў.
Пры яўцы каля 44% выбарнікаў за скасаваньне пункту Канстытуцыі прагаласавалі 64,85%, а супраць — 35,15%, піша The Irish Times.
Галасаваньне праходзіла ў адзін дзень з прэзыдэнцкімі выбарамі, на якіх у першым жа туры выбралі на другі тэрмін дзейнага прэзыдэнта Майкла Гіґінса.
Міністар юстыцыі Ірляндыі Чарльз Фланаґан па выніках рэфэрэндуму адзначыў, што такому пункту «няма месца ў Канстытуцыі» — і нагадаў, што нядаўна Ірляндыя прагаласавала за дазвол аднаполых шлюбаў і скасаваньне забароны на аборт. Вынікамі цяперашняму рэфэрэндуму, кажа ён, краіна «паслала сьвету моцнае паведамленьне, што законы супраць блюзьнерства не адлюстроўваюць ірляндзкіх каштоўнасьцяў і што мы ня лічым, што павінны існаваць такія законы».
Рэлігійныя ўстановы Ірляндыі не выказвалі пратэстаў супраць вынікаў рэфэрэндуму. Больш за тое, яшчэ ў 2013 годзе ўсе асноўныя цэрквы краіны выступілі з супольнай заявай, у якой назвалі пункт аб пакараньні за блюзьнерства састарэлым.
За блюзьнерства ў Ірляндыі даўно не каралі (паводле BBC, з 1855 году), хоць законы дазваляюць выпісваць за гэта штрафы да 25 тысяч эўра. Ірляндцы часта адзначалі, што блюзьнерства — «сярэднявечнае злачынства» і наяўнасьць пакараньня за яго ў Канстытуцыі эўрапейскай краіны дае апраўданьне іншым краінам, дзе фактычна караюць за зьнявагу багоў.
У 2015 годзе супраць вядомага ірляндзкага кінаактора Стывэна Фрая распачалі справу за блюзьнерства. У адным з інтэрвію ён назваў «наравістым, подлым і дурным» Бога, які «стварыў сьвет, поўны несправядлівасьці і гора». Але справу закрылі ў 2017 годзе, пастанавіўшы, што Фрай нікога гэтым не абразіў.
Амаль 79% ірляндцаў, паводле зьвестак перапісу 2016 году, адносяць сябе да каталікоў, яшчэ 2,6% залічылі сябе да пратэстанцкай Царквы Ірляндыі, па 1,3% да праваслаўных і мусульманаў, 10% назвалі сябе атэістамі або агностыкамі («без рэлігіі»).
У Беларусі тым часам няма пакараньня менавіта за блюзьнерства або абразу пачуцьцяў вернікаў, але, напрыклад, караць могуць за абразу чалавека за ягоную рэлігію («наўмысная зьнявага гонару і годнасьці ў непрыстойнай форме») або за распальваньне варожасьці на рэлігійнай глебе. Тэарэтычна дзеяньні накшталт лоўлі віртуальных пакемонаў у храме могуць палічыць хуліганствам («наўмыснае дзеяньне, якім група парушае грамадзкі парадак…»), але прэцэдэнтаў яшчэ не было.