Расейскага блогера Руслана Сакалоўскага, які лавіў пакемонаў у храме, асудзілі на тры з паловай гады зьняволеньня ўмоўна з адтэрміноўкай на тры гады
Блогера прызналі вінаватым у экстрэмізме і абразе пачуцьцяў вернікаў за дзевяць відэаролікаў, у тым ліку ролік з лоўляй пакемонаў у храме.
Паводле суду, відэаролікі Сакалоўскага:
- распальваюць рэлігійную нянавісьць і заклікаюць да дэпартацыі мусульман,
- распальваюць нянавісьць да фэміністак
- распальваюць нянавісьць да праваслаўных вернікаў і іншых «рэлігійных і сацыяльных груп»
- а таксама «праяўляюць дэманстратыўную непавагу да хрысьціянскіх вернікаў» і Расейскай праваслаўнай царквы.
Суд палічыў, што вернікі ў гэтых роліках прадстаўлены як «хворыя» і «інтэлектуальна недастатковыя», што спрыяе распальваньню варожасьці да іх.
Суд таксама выраўшыў, што Сакалоўскі надзяляў «Ісуса Хрыста якасьцямі ажылага мерцьвяка зомбі», а патрыярха Кірыла — «якасьцямі зьневажальнага характару». Акрамя таго, Сакалоўскі, на думку суду, выкарыстаў у роліках «прыёмы прапаганды».
Руслан Сакалоўскі віну адмаўляў і заявіў, што ня лічыць сябе экстрэмістам. У сваім апошнім слове 27 красавіка ён сказаў, што судзяць яго за тое, што ён дазволіў сабе нецэнзурныя жарты ў адносінах да царквы. «Можа быць, я і ідыёт, але ні ў якім разе не экстрэміст», сказаў Сакалоўскі.
Сакалоўскі быў затрыманы ў верасьні 2016 году. За тое, што малады чалавек гуляў у Pokemon Go у праваслаўным храме, яму былі выстаўленыя абвінавачваньні ў абразе пачуцьцяў вернікаў. Акрамя гэтага блогера абвінавацілі ва «ўзбуджэньні нянавісьці да духавенства» за выказваньні пра тое, што заявы патрыярха Кірыла не адпавядаюць ягонаму ўласным ладу жыцьця.
Расейскі праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў Сакалоўскага палітычным зьняволеным.
Радыё Свабода вяло наўпроставую трансьляцыю пасяджэньня суду.