Дасьледаваньне старэйшага супрацоўніка Цэнтру новых ідэяў Генадзя Коршунава апублікаванае на сайце Цэнтру. Яно праводзілася ў межах праекту «Новыя дыяспары Ўсходняй Эўропы». Вось што піша Генадзь Коршунаў:
— Беларускія мэдыя пільна адсочваюць інфармацыю пра стаўленьне да беларусаў і Беларусі суседзяў. Увосень шырока разышліся дадзеныя апытаньня польскай арганізацыі SW Research. Увесну абмяркоўвалі вынікі літоўскага дасьледаваньня пра стаўленьне да ўкраінцаў, беларусаў і расейцаў. Было яшчэ ўкраінскае дасьледаваньне з падобнымі пытаньнямі. Такая цікаўнасьць зразумелая: шмат хто з беларусаў цяпер залежны ад стаўленьня да беларусаў у чужых краінах. Да таго ж вельмі адчувальныя зьмены ў стаўленьні да Беларусі і беларусаў, што адбыліся адразу ў 2020-м, а потым пасьля 2022-га году.
Беларусаў бянтэжаць лічбы, якія дэманструюць недавер альбо нелюбоў з боку краінаў-суседак. У аўтараў дасьледаваньняў выклікае зьдзіўленьне іншае: тое, што рэспандэнты да беларусаў ставяцца больш станоўча, чым таго чакалі дасьледчыкі.
Часам спрацоўвае розьніца ў стаўленьні да Беларусі як краіны, якой кіруе Аляксандр Лукашэнка, і да беларусаў — як да тых, хто застаецца ў краіне і не падтрымлівае расейскай агрэсіі, так і да тых, хто знаходзіцца ў замежжы і выступае супраць Лукашэнкі. Беларусы самі заўсёды падкрэсьліваюць гэтае адрозненьне, і такія высілкі даюць плён — суседзі збольшага гэтую розьніцу ўсьведамляюць.
Агрэгаваныя дадзеныя з Украіны ад Цэнтру Разумкова дэманструюць стаўленьне да Беларусі як краіны без аптымізму, але і без нэгатыўнай дынамікі, а можа, нават з невялічкім намёкам на аптымізм.
Стаўленьне ўкраінцаў да Беларусі
Звесткі пра стаўленьне палякаў да саміх беларусаў сабраў польскі Цэнтар дасьледаваньня грамадзкай думкі, а прэзэнтавала інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Стаўленьне палякаў да беларусаў
І ў першым, і ў другім выпадку бачна, што «правал» у стаўленьні да беларусаў быў у 2023 годзе, пасьля сытуацыя, здаецца, пачала пакрысе выпраўляцца.
У Літве тэндэнцыя крыху адрозьніваецца. Можна выкарыстаць вынікі дасьледаваньня Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА). Яны кажуць, што ў 2023 годзе ўмовы для беларускага бізнэсу ў краінах Балтыі пагоршыліся. Гэта ня сьведчыць наўпрост пра стаўленьне да беларусаў і Беларусі, але сувязь відавочная — і з вядомымі прычынамі.
З аднаго боку, зьвязваньне некаторымі літоўскімі палітыкамі пытаньня пра беларускую дыяспару ў пагрозамі бясьпецы, з другога, — пэўнае раздражненьне расейскамоўнасьцю. Апошняга ў краінах Балтыі і так было шмат, а дзякуючы як беларусам, так і ўкраінцам стала яшчэ болей. Пасьля 2022 году расейская мова ўспрымаецца як мова агрэсара і зьяўляецца магутным маркерам разьдзяленьня на сваіх і чужых. Асабліва гэта адчуваецца менавіта ў Літве і часткова ва Ўкраіне.
Яшчэ важны момант. Мы ня першы год праводзім дасьледаваньні беларускай дыяспары. Але апошнім часам усе адзначаюць збольшага ветлівае стаўленьне да беларусаў на побытавым узроўні. Калі і здараецца нейкі эксцэс, то, хутчэй, праз тое, што беларуса ці беларуску з кімсьці блытаюць, найчасьцей — з украінцам ці ўкраінкай. Дарэчы, у тым жа апошнім дасьледаваньні SW Research пра недавер палякаў да прадстаўнікоў іншых нацый беларусы і ўкраінцы стаяць побач, на трэцім і чацьвёртым месцах.
Калі мы аналізуем дасьледаваньні з пытаньнямі пра стаўленьне да беларусаў і ўкраінцаў, то трэба браць пад увагу наступны феномэн: людзі схільныя адказваць так, як на іх думку адказвае большасьць. Гэта называецца «сьпіраль маўчаньня» (Schweigespirale) — феномэн, апісаны дасьледчыцай Элізабэт Ноэль-Нойман. Праз гэты феномэн робіцца зразумелым, што казаць пра давер да беларусаў — цяпер мавэтон, гэта сацыяльна непажаданы адказ. Тое ж самае, але цалкам наадварот, працуе адносна ўкраінцаў. На гэта, зразумела, моцна ўплываюць пазыцыі палітыкаў, мэдыя і лідэраў думак, піша Генадзь Коршунаў.
Форум