У Беларускай праваслаўнай царкве заявілі, што не патрабавалі забараніць пастаноўку опэры Рыхарда Штраўса «Салямэя» ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балету Беларусі.
А толькі прапанавалі перанесьці прэм’еру, якая павінна была адбыцца 9–10 верасьня, на іншыя дні.
Скандал вакол опэры ў Менску распачаўся пасьля таго, як некаторыя праваслаўныя парталы разьмясьцілі ліст вернікаў супраць «Салямэі».
Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сергій Лепін сказаў карэспандэнту Свабоды, што ліст вернікаў, якія патрабуюць забараніць опэрны спэктакль «Салямэя» і распачаць крымінальную справу супраць рэжысэра Міхаіла Панджавідзэ, паступіў і ў Менскую эпархіяльную ўправу. І на гэты зварот вернікаў, якія пазначылі свае кантакты, кіраўніцтва БПЦ павінна было рэагаваць.
«Да гэтага ліста мы ня маем ніякага дачыненьня. І выказаную там пазыцыю не падтрымліваем. Наагул, тут і ня можа быць афіцыйнай пазыцыі БПЦ, бо гаворка не ідзе пра прадмет веравызнаньня ці маральнасьці. Гаворка ідзе пра пэўную сацыяльна-культурную зьяву, якая выклікала супярэчлівыя эмоцыі сярод некаторых хрысьціян», — сказаў прадстаўнік БПЦ.
Ваяўнічы ліст вернікаў прыйшоў таксама ў Міністэрства культуры, Генпракуратуру, МУС і яшчэ шмат у якія інстанцыі.
Мы пачыталі лібрэта, паглядзелі прагон і заявілі, што там няма ніякага экстрэмізму, зьдзеку зь вернікаў і парнаграфіі
«Гэта не ананімкі. Выказаныя ў лісьце абвінавачаньні вельмі цяжкія — і нацыянальная, рэлігійная варожасьць, і абраза рэлігійных пачуцьцяў вернікаў, і гэтак далей. Згодна з законам аб зваротах грамадзян і мы, і ўлады павінны былі рэагаваць. Улады стварылі дзьве камісіі і запрасілі на іх пасяджэньне прадстаўнікоў БПЦ. Мы пачыталі лібрэта, паглядзелі прагон і заявілі, што там няма ніякага экстрэмізму, зьдзеку зь вернікаў і парнаграфіі. Дзякуй Богу, падазрэньні, якія выказвала пэўная частка нашага грамадзтва, не пацьвердзіліся», — сказаў протаярэй Сергій Лепін.
Аднак прадстаўнікі БПЦ канстатавалі, што эвангельская гісторыя ў спэктаклі «Салямэя» падаецца неадэкватна, маюць месца «фрывольныя інтэрпрэтацыі адносін Салямэі да Яна».
Міністэрства культуры адгукнулася і перанесла прэм’еру
«Паколькі некаторых вернікаў абурала і тое, што прэм’ера павінна была адбыцца напярэдадні сьвята Сьцяцьця галавы Яна Прадвесьніка, то мы проста параілі Міністэрству культуры, калі ёсьць такая магчымасьць, перанесьці прэм’еру. Яны адгукнуліся і перанесьлі прэм’еру», — сказаў прадстаўнік БПЦ.
Ліст ад вернікаў паступіў з ананімнага email
Галоўны рэдактар праваслаўна-патрыятычнага парталу odigitria.by Цімафей Салаўёў сказаў карэспандэнту Свабоды, што да іх ліст супраць «Салямэі» паступіў з ананімнай электроннай пошты.
«Мы яго апублікавалі, ніякіх адносінаў да яго аўтараў ня маем. Хто даслаў ліст, мы ня ведаем. Але мы ня першыя апублікавалі гэты ліст. Як я адсачыў, першым надрукаваў расейскі патрыятычны сайт «Москва — Третий Рим», — сказаў Цімафей Салаўёў.
Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся да аднаго з падпісантаў ліста, аднак той адмовіўся ад камэнтароў.
Вакол «Салямэі» і раней былі скандалы
Перад прэм’ерай «Салямэі» ў 1905 годзе аўтар опэры Рыхард Штраўс патрабаваў ад салісткі Мары Ваціх высокай вакальнай тэхнікі і настойваў, каб быў падкрэсьлены эратычны аспэкт ролі. Салістка заявіла, што кіне ролю, бо яна прыстойная жанчына і замужам. Аркестар запэўніваў, што музыку немагчыма выканаць.
Опэру забаранілі да выкананьня ў Вене і Бэрліне. Штраўс мусіў супакойваць, што сюжэт опэры запазычаны зь Бібліі. Толькі праз год «Салямэя» зьявілася на сцэне ў Дрэздэне.