Расейскі вайсковы самалёт Іл-20 быў зьбіты сырыйскай супрацьпаветранай абаронай, бо за ім хаваліся ізраільскія зьнішчальнікі F-16, паведамляе ТАСС са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі.
Паведамляецца, што загінулі 15 чалавек. Расея пакідае за сабой права на дзеяньні ў адказ у дачыненьні да Ізраілю, заявіў прадстаўнік Міністэрства абароны РФ генэрал Ігар Канашэнкаў.
Самалёт-выведнік Іл-20 узброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі ўвечары 17 верасьня зьнік над Міжземным морам за 35 км ад берагоў Сырыі, раней паведамляў «Интерфакс».
Расейскі бок заяўляў, што самалёт зьнік падчас атакі чатырох ізраільскіх самалётаў F-16 па сырыйскіх аб’ектах, зьвязаных зь сіламі сырыйскага ўраду (паводле Reuters, гэта быў тэхнічны інстытут), у правінцыі Лятакія, а таксама падчас пускаў ракетаў з францускага фрэгата, які быў у гэтым раёне.
Сырыйскае дзяржаўнае інфармагенцтва SANA паведамляла, што сілы проціпаветранай абароны адказалі на «варожую атаку» якраз у той час, калі зьнік расейскі самалёт.
Паводле AFP, прадстаўнік Пэнтагону заявіў, што ЗША не зьвязаныя са здарэньнем. Тое самае заявіў прадстаўнік францускага войска. Ізраільскія вайскоўцы, як звычайна, адмовіліся ад камэнтароў.
Незадоўга да таго кіраўнікі Расеі і Турэччыны дамовіліся стварыць 20-кілямэтровую дэмілітарызаваную зону ў сырыйскім горадзе Ідліб. Тэрыторыю, паводле дамоўленасьцяў, будуць патруляваць турэцкія і расейскія вайскоўцы.
Ідліб — адна з апошніх тэрыторыяў Сырыі, якую не кантралююць сырыйскія ўрадавыя войскі: рэгіён знаходзіцца пад кантролем апазыцыі і ісламскіх узброеных груповак. Напярэдадні расейскія СМІ са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі расказвалі пра хімічную атаку ў Ідлібе, якую нібыта рыхтуюць у якасьці правакацыі валянтэры «Белых касак» – арганізацыі грамадзянскай абароны на кантраляваных паўстанцамі тэрыторыях.