Кампаніі, заснаваныя ў Расеі папулярным блогерам зь Беларусі Ўладам Бумагай (А4), завінаваціліся па падатках і страхавых унёсках больш за 2,5 мільёна расейскіх рублёў (амаль 28 тысяч даляраў), паведаміла расейскае агенцтва РИА Новости са спасылкай на зьвесткі БІР-Аналітыкі.
Блогер Улад Бумага заснаваў у Расеі сем кампаній, у большасьці якіх ён лічыцца мінарытарным акцыянэрам. У часткі ягоных фірмаў ёсьць запазычанасьці ў выглядзе пратэрмінаваных плацяжоў. Уласных жа падатковых даўгоў ці заблякаваных рахункаў у блогера няма.
Самая вялікая запазычанасьць — у «Новой управляющей компании», у якой Бумагу належыць 5% акцыяў. Гэта амаль 1,453 мільёна расейскіх рублёў (больш за 16 тысяч даляраў) доўгу па падатках і 927 тысяч расейскіх рублёў (прыкладна 10 тысяч даляраў) запазычанасьці па страхавых унёсках. Рахункі фірмы пакуль не заблякаваныя — падатковая служба чакае пагашэньня доўгу. Асноўны від дзейнасьці кампаніі — рэстараны і кавярні. Ёсьць даўгі і ў іншых кампаній, у якіх блогер мае долі.
Мае даўгі і бізнэс, у якім блогеру належыць 100% акцыяў: завінавачанасьць ТАА «Ачетыре» перавышае 156 тысяч расейскіх рублёў (больш за 1500 даляраў). Кампанія вырабляе кіно, відэа і ТБ-праграмы. Яе рахункі не заблякаваныя.
- 28-гадовы YouTube-блогер Улад Бумага — ураджэнец Беларусі.
- У 2019 годзе ён атрымаў дыямэнтавую кнопку Youtube, якая даецца ўладальнікам каналаў на Youtube, колькасьць падпісчыкаў на якіх перавысіла 10 мільёнаў чалавек.
- У 2021 годзе ён пераехаў у Маскву і заявіў, што хоча перавезьці туды ўсю сваю каманду (тады яны яшчэ жылі ў Менску). Бумага патлумачыў, што ў расейскай сталіцы «больш цікавых лякацый для здымак і ў цэлым магчымасьцяў для разьвіцьця». Ён запусьціў там разнастайны бізнэс.
- На пачатку 2023 году СМІ паведамілі, што Бумага падпісаў кантракт з VK Відэа.
- Падчас нядаўняй прамой лініі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Ўлад Бумага спытаў у яго, навошта ў РФ блякуюць YouTube і якія каштоўнасьці ён як блогер мае прасоўваць. Пасьля гэтага ў Расеі пачалі зноў фіксаваць збоі ў працы відэахостынгу.
- Цяпер у YouTube-канала Бумагі А4 — больш за 70 мільёнаў падпісчыкаў. Пра гэта прыгадаў і Пуцін, адказваючы на пытаньне блогера.
Форум