Расейскі самалёт-зьнішчальнік Су-30СМ разьбіўся ў Сырыі, піша ТАСС са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі. Два пілёты, якія былі на борце, загінулі.
Самалёт узьлятаў з аэрадрому Хмэймім над Міжземным морам, але зь нейкай прычыны ўпаў. Паводле папярэдніх зьвестак, прычынай магла стаць птушка, якая трапіла ў рухавік.
«Ніякага агнявога ўзьдзеяньня на самалёт не было», — пераконвае расейскае Мінабароны.
Месяц таму ў Сырыі разьбіўся расейскі транспартны самалёт, загінулі 39 чалавек. Тады паведамлялася, што прычынай катастрофы Ан-26 магла стаць тэхнічная няспраўнасьць, агнявога ўзьдзеяньня не было. У лютым паведамлялася, што паўстанцы з групоўкі «Джэйш Эн-Наср» зьбілі расейскі баявы самалёт — пілёт катапультаваўся, але быў забіты пасьля прызямленьня на парашуце.
Уладзімір Пуцін неаднаразова заяўляў пра «вывад» расейскіх войскаў з Сырыі ў сувязі з «выкананьнем» пастаўленых баявых задач. За два з паловай года апэрацыяў у Сырыі загінулі прынамсі 80 (магчыма, некалькі соцень) расейскіх вайскоўцаў.