Пра гэта ў гутарцы на канале «Свабода Premium» расказала Вольга Дрындова, галоўная рэдактарка сайту Belarus-Analysen, з Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў пры Ўнівэрсытэце Брэмэну.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
- Пасьля жніўня 2020 году нямецкая палітыка адносна Беларусі застаецца пасьлядоўнай — Лукашэнка не прызнаецца абраным прэзыдэнтам. І ў гэтым адрозьненьне ад таго, што Нямеччына рабіла да гэтага. Раней выбары не прызнаваліся свабоднымі, але прэзыдэнтам яго прызнавалі.
- Нямецкія патрабаваньні, па сутнасьці, — тыя ж патрабаваньні, якія вылучаліся дэмакратычнымі сіламі Беларусі пасьля выбараў: спыніць рэпрэсіі, вызваліць людзей і правесьці новыя свабодныя выбары.
- У Нямеччыне выбары ў лютым, і новая ўрадавая кааліцыя там можа фармавацца даволі доўга, да позьняй вясны ці нават лета. Наўрад ці новы ўрад можа кардынальна зьмяніць падыход да Беларусі, але калі ня будзе вялікай колькасьці гвалту і калі ўлады Беларусі пачнуць вызваляць больш людзей, дык, у прынцыпе, я магу сабе ўявіць паступовае наладжваньне адносін.
- Вядома ж, ужо ня будзе таго ўзроўню сумесных фатаграфій з Лукашэнкам, які мы мелі ў 2015 годзе, але, у прынцыпе, ужо вядуцца спробы хоць нейкіх размоваў з уладамі Беларусі. Плюс мы памятаем, што тая ж Мэркель, будучы яшчэ канцлерам, тэлефанавала Лукашэнку, нягледзячы на тое, што ён не прызнаецца прэзыдэнтам.
- Тут таксама прыходзіць разуменьне таго, што хуткай зьмены ўлады ня будзе, як, магчыма, шмат хто думаў у 2020 годзе, і калі Лукашэнка застаецца зараз, дык гэта, магчыма, яшчэ надоўга. Хоць на сёньня на афіцыйным узроўні ўсе, натуральна, заяўляюць, што гэта не легітымны прэзыдэнт і што Ціханоўская бачыцца як прадстаўніца прадэмакратычна настроеных беларусаў. Гэта нікуды не сыходзіць.
- Беларуская дыяспара, па сутнасьці, аформілася як структура, якая дзейнічае і мае доступ да палітычнага лабіявання, толькі пасьля падзеяў жніўня 2020 году. І дагэтуль дыяспара дастаткова актыўная, у іх ёсьць вельмі добры доступ да палітыкаў на ўсіх узроўнях, на зямельным, на фэдэральным, у Бундэстагу, у МЗС, нават у МУС.
- На палітычным узроўні ў Нямеччыне няма наўпрост нейкіх запытаў вяртацца да кантакту з Лукашэнкам праз тое, што некаторых людзей выпускаюць з турмаў. Я б нават сказала, што гэтыя галасы хутчэй прыходзяць з боку пэўных частак беларускіх дэмакратычных сілаў. Бо ёсьць сілы, якія выступаюць, так бы мовіць, за ціск да самага канца, а ёсьць сілы, якія выступаюць, каб гуманітарны трэк аддзяліць ад палітычнага.
- Імаверна, што Фрыдрых Мэрц стане новым канцлерам Нямеччыны, бо, паводле цяперашніх апытаньняў, ягоны Хрысьціянска-дэмакратычны зьвяз — гэта самая папулярная партыя Нямеччыны, яны маюць каля 30%. Хрысьціянскія дэмакраты як апазыцыйная партыя кажуць, што цяперашняя ўрадавая кааліцыя рабіла недастаткова для таго, каб падтрымліваць Украіну. Яны выступаюць за больш інтэнсіўныя пастаўкі зброі Ўкраіне і нават, магчыма, за пашырэньне санкцый супраць Расеі.
- Аднак няясна, наколькі гэтыя абяцаньні ўдасца рэалізаваць. Нямецкая палітыка непрадказальная, бо Мэрцу, выглядае, давядзецца ствараць вялікую кааліцыю, і там будуць складаныя перамовы. У любым выпадку, у дачыненьні да Беларусі я б не чакала нейкіх кардынальных зьменаў.
Форум