93-гадовы Картэр даў інтэрвію ў сваім доме на ранча ў штаце Джорджыя і паведаміў, што «прыйшоў час для яшчэ адной дыпляматычнай місіі і што ён гатовы выканаць яе для прэзыдэнта Трампа».
Картэр, дэмакрат, які быў прэзыдэнтам з 1977 па 1981 год, сказаў, што ён гаварыў з генэрал-лейтэнантам Генры МакМастэрам, памочнікам Трампа па нацыянальнай бясьпецы, які зьяўляецца яго сябрам, але да гэтага часу атрымаў адмоўны адказ. Картэр паведаміў, што сварка паміж Трампам і паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ынам выклікала занепакоенасьць у многіх і ў тым ліку і ў яго.
Назваўшы паўночнакарэйскага лідэра «непрадказальным», Картэр выказаў занепакоенасьць, што калі Кім падумае, што Трамп будзе дзейнічаць супраць яго, ён можа зьдзейсьніць нешта папераджальнае. На думку Картэра, паколькі КНДР валодае ядзернай зброяй, яна можа нанесьці папераджальны ядзерны ўдар па Японіі і Паўднёвай Карэі.
У сярэдзіне 1990-х Джымі Картэр наведаў Пхэньян насуперак пярэчаньням тагачаснага прэзыдэнта Біла Клінтана і заключыў пагадненьне з Кім Ір Сэнам — дзедам цяперашняга лідэра КНДР.
Канфлікт паміж ЗША і Паўночнай Карэяй узмацняецца на фоне ядзерных тэстаў Пхэньяну — у верасьні КНДР правяла ўжо шостае па ліку выпрабаваньне. Паводле інфармацыі службаў выведкі ЗША, Пхэньян таксама працягвае выпрабаваньні балістычных ракет сярэдняга і далёкага радыюсу.