«Становішча на Карэйскім паўвостраве дасягнула такога крытычнага пункту, што ядзерная вайна можа пачацца ў любы момант», — папярэдзіў дыплямат. Паводле яго, з 1970 года «ні адна краіна ў сьвеце не зазнавала такой жорсткай і прамой ядзернай пагрозы» з боку ЗША, як Паўночная Карэя. Але сёньня КНДР ужо завяршыла фармаваньне свайго ядзернага арсэналу і стала паўнавартаснай ядзернай дзяржавай.
«Уся мацерыковая тэрыторыя Злучаных Штатаў знаходзіцца ў дасяжнасьці нашых удараў, — папярэдзіў прадстаўнік КНДР. — І калі ЗША паспрабуюць уварвацца хоць бы на дзюйм нашай сьвятой тэрыторыі, яны не пазьбегнуць суровага пакараньня ў любым месцы зямной кулі».
Таксама ён папярэдзіў іншыя краіны, каб яны не далучаліся да ваеннай апэрацыі ЗША супраць Паўночнай Карэі.
«У нас няма намеру пагражаць ядзернай зброяй або ўжываць яго супраць любой краіны да таго часу, пакуль яна не далучаецца да ЗША ў ваеннай апэрацыі супраць КНДР», — падкрэсьліў паўночнакарэйскі дыплямат.
Раней КНДР ужо пагражала падаць ЗША «сурʼёзны ўрок» і нанесьці ўдар па амэрыканскім востраве Гуам у Ціхім акіяне, дзе разьмешчаная амэрыканская авіябаза Андэрсан, ваенна-марская база і кантынгент берагавой аховы.
На новыя заявы КНДР прэзыдэнт Дональд Трамп і дзяржсакратар Рэкс Тылерсан пакуль не адрэагавалі. Аднак намесьнік дзяржсакратара Джон Саліван пасьля сустрэчы з японскім калегам Сінсукэ Сугіяма абвясьціў, што ЗША, Японія, Паўднёвая Карэя і іншыя краіны «павінны быць гатовыя да горшага, калі дыпляматыя не дасьць выніку», і што ЗША «павінны быць гатовыя» абараніць сябе і сваіх саюзьнікаў.
Разам з тым Саліван не выключыў магчымасьці прамых перамоваў з Паўночнай Карэяй. Паводле яго ЗША зараз засяроджаныя на дыпляматыі і лічаць, што дыпляматыя зводзіцца да кампаніі ціску на Паўночную Карэю. Амэрыканскі дыплямат паведаміў, што ЗША чакаюць надзейнага трохбаковага супрацоўніцтва паміж урадамі ЗША, Японіі і Паўднёвай Карэі для працягу кампаніі ціску, якая б прывяла да дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава.