Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рудакоў застаўся бяз працы, сядзібу «Крывічоў» у Іркуцку пазбавілі арэнды


Нацыянальна-культурны цэнтар Крывічы, Іркуцк Алег Рудакоў у нацыянальным строі
Нацыянальна-культурны цэнтар Крывічы, Іркуцк Алег Рудакоў у нацыянальным строі

Алег Рудакоў, апантаны руплівец беларускай справы ў Расеі, страціў працу, з арандаванай сядзібы ў цэнтры Іркуцку высяляюць моладзевы клюб «Крывічы», дзе ён адзін з кіраўнікоў.

Спадар Рудакоў сказаў Свабодзе, што летась быў прызначаны выканаўчым дырэктарам фірмы «Іркуцк МАЗ Цэнтар», якая дапамагала «Крывічам» утрымліваць памяшканьне. Але якасьць мазаўскай тэхнікі пагоршылася, попыт на яе зьнізіўся, і сумеснае зь беларусамі прадпрыемства распачало працэдуру банкруцтва:

«Банкрутуе галаўная кампанія „Сыбір МАЗ Сэрвіс“, два месяцы не выплочвалі заробак. Мы толькі пераехалі ў цэнтар гораду, абжыліся, лоўка было ўсім сустракацца, кожную суботу праводзілі заняткі, рэпэтыцыі гурту. Пачалі сябе камфортна адчуваць, як такі вось паварот. А ўчора паставілі перад фактам, што кампанія не заплаціла арэнду за красавік, трэба тэрмінова шукаць грошы. Цяпер як закладнік: не выпускаюць, не даюць нічога вывезьці.

Што стала прычынай? На жаль, МАЗы апошнім часам сталі менш якаснымі, затрымліваюць пастаўкі. А канкурэнты тым часам ня сьпяць. Пэўна, ёсьць і іншыя нюансы, я не зусім у курсе ўсяго закулісься. Але факт, што я падпадаю пад скарачэньне, утрымліваць сядзібу кіраўніцтва ня будзе».

Алег Рудакоў кажа, што пад пытаньнем цяпер і традыцыйны «Беларускі кірмаш», прызначаны на канец траўня. Праўда, абяцае, што правядзе імпрэзу ў любым выпадку, на якія б ахвяры ні давялося пайсьці:

«Цяпер трэба рыхтавацца да кірмашу. Ужо дамовіўся зь Сяргеем Доўгушавым, што будзе тут 27 траўня. Калектывы ў вобласьці ў рэжыме чаканьня, бо для іх вельмі важна хоць раз на год сюды прыехаць. Можна было з улікам абставінаў сказаць таму ж Доўгушаву і астатнім, што, маўляў, усё адмяняецца, самому сысьці ў падпольле. Але я не такі чалавек. Буду праводзіць кірмаш у любым выпадку. Калі прыйдзецца, буду пазычаць грошы, каб зладзіць імпрэзу, а потым год адпрацоўваць, каб разьлічыцца з даўгамі.

Кірмаш будзе, гэта я гарантую. Адзінае, ня маю пэўнасьці, што змагу тады прыехаць у Менск на Зьезд беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“ — хоць і заяўлены там як сустаршыня. Калі ня будзе за што прыляцець, ня здолею быць сярод прысутных. Не пасьпеў назьбіраць грошай...»

Алег Рудакоў — заснавальнік і на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў нязьменны кіраўнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. У 2014 годзе напісаў заяву аб выхадзе са складу арганізацыі з прычыны несупадзеньня пазыцыяў з асобнымі сябрамі. Ад таго часу — актыўны ўдзельнік моладзевай арганізацыі «Крывічы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG