Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каторы месяц не магу дазнацца, дзе мой пашпарт». Беларускі журналіст ня можа легалізавацца ў Эўропе


Андрэй Ліпскі. Архіўнае фота
Андрэй Ліпскі. Архіўнае фота

У 2023 годзе сьветлагорскі «Ранак» разьмясьціў на сваім сайце здымкі аварыі на заводзе беленай цэлюлёзы. Неўзабаве пасьля гэтага ўлады прызналі сайт выданьня «экстрэмісцкім фармаваньнем» і завялі крымінальныя справы на журналістаў.

Адзін зь іх змог выехаць за мяжу, але сустрэўся там з новымі праблемамі.

Выданьне «Ранак» (тэлевізія, газэта, затым сайт. — РС) працавала ў Сьветлагорску з 1993 году. Палітычныя тэмы журналісты стараліся абмінаць, але гэта не ўратавала іх ад рэпрэсіяў. 7 чэрвеня 2023 году на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце здарылася трагедыя — пасьля выбуху на вытворчасьці загінулі трое рабочых. «Ранак» першым напісаў пра аварыю, апублікаваў фатаздымкі. Праз два дні па супрацоўнікаў выданьня прыйшла міліцыя. Сайт заблякавалі, сацыяльныя сеткі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пазьней «экстрэмісцкім фармаваньнем» стаў увесь «Ранак». У сьнежні таго ж году журналісты выданьня трапілі пад крымінальны перасьлед. Былы рэдактар і журналіст «Ранку» Андрэй Ліпскі пасьпеў уцячы за мяжу, але ўжо больш за год ня можа там легалізавацца.

Дачка ў Нямеччыне

Андрэй Ліпскі расказвае, што перад уцёкамі забраў з дому ўсе грошы, якія былі, — 400 даляраў. Зь імі і выправіўся ў шлях. Эвакуацыяй яго займалася каманда BySol. Праз Расею Ліпскі трапіў у Армэнію, там вырашыў падацца на якую-небудзь эўрапейскую візу. Журналіст кажа, што яму было ўсё роўна, куды менавіта ехаць, абы краіна была бясьпечная. Праз пэўны час Андрэй Ліпскі атрымаў польскую гуманітарную візу, зь якой вырашыў ехаць у Нямеччыну, дзе жыве дарослая дачка. Па словах уцекача, знаёмыя і праваабаронцы яму сказалі, што можна ехаць у Нямеччыну і з польскай гуманітарнай візай.

Андрэй Ліпскі. Архіўнае фота
Андрэй Ліпскі. Архіўнае фота

Андрэй таксама ўспомніў, што непадалёк ад Франкфурта-на-Майне жыве ягоны сябар, таму напісаў яму, папрасіў падтрымкі. Сябар параіў Андрэю ў аэрапорце Франкфурта-на-Майне знайсьці любога паліцыянта і заявіць, што просіць прытулку і абароны. Андрэй кажа, што з дапамогай іншых людзей купіў квіток Кутаісі — Франкфурт і паляцеў у Нямеччыну, спадзеючыся на сустрэчу зь сябрам і ягоную дапамогу. Аднак прыляцеў ня ў Франкфурт-на-Майне, як плянаваў, а ў аэрапорт «Франкфурт-Хан», які знаходзіцца каля гораду Кобленц, што належыць да іншай адміністрацыйнай адзінкі. Ліпскі ўспамінае, што быў у шоку, калі ўбачыў не вялізны аэрапорт Франкфурта-на-Майне, а чыстае поле.

«Воданапорная вежа, пасьвяцца каровы... Дзе Франкфурт-на-Майне?» — кажа ён.

Неўзабаве пасьля прызямленьня журналіст пайшоў шукаць паліцэйскі ўчастак, каб падацца на абарону. І натрапіў на таго ж паліцэйскага, які быў на пашпартным кантролі і якому падчас кантролю ён сказаў, што ў Нямеччыну прыехаў да сяброў.

«Я заявіў, што я беларускі журналіст, маю перасьлед на Радзіме, хачу падацца на абарону. Паліцэйскі забраў мой пашпарт і даў мне замест яго нейкую паперу з маім фота. Сказаў, што гэта замест пашпарта», — расказвае Ліпскі.

Два адміністрацыйныя пратаколы і высылка ў Польшчу

Па словах журналіста, там жа ў паліцэйскім участку пры аэрапорце на яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Адзін за нелегальны прыезд у Нямеччыну, бо падчас памежнага кантролю Ліпскі сказаў, што прыехаў да сяброў, а пасьля заявіў, што просіць прытулку. Другі, па словах журналіста, склалі за падман работнікаў польскай амбасады, дзе прасіў польскую візу, але паляцеў у Нямеччыну. Пасьля ўсіх працэдур беларуса адправілі спачатку ў адзін лягер, затым у другі.

«На ўваходзе ў другі лягер ахоўнікі спыталіся, ці маю я грошы. Я сказаў, што так. Бо мне дапамаглі розныя грамадзкія арганізацыі, фонды, і я меў 700 эўра. І яны сказалі, што я мушу аддаць грошы, яны пойдуць у бюджэт. Бо калі я прашу прытулку, то я мушу быць бедны. На рукі мне пакінулі 200 эўра, 500 забралі», — дзеліцца журналіст.

У Нямеччыне Андрэй Ліпскі прабыў каля шасьці месяцаў. Па словах уцекача, міграцыйныя ўлады гэтай краіны палічылі, што дачка Андрэя ўжо дарослая і не патрабуе апекі бацькі. А сам ён ня мае патрэбы ў доглядзе, яшчэ не стары і здаровы. Таму, паводле Дублінскага пагадненьня, яго вырашылі перадаць Польшчы, якая дала яму гуманітарную візу. Ліпскі пачаў пісаць па ўсіх міграцыйных інстанцыях і лягерах, дзе ён быў, каб адшукаць свой пашпарт. Кажа, што адказаў так і не атрымаў.

4 сакавіка 2024 году нямецкія паліцыянты прывезьлі Ліпскага бяз пашпарта ў Польшчу і перадалі памежнікам гэтай краіны.

«Я ўсю дарогу пытаўся, дзе мой пашпарт, паліцэйскія адказвалі: „Няма праблем“. На польскім баку высьветлілася, што яны перадалі мяне бяз пашпарта», — удакладніў ён.

Нягледзячы на адсутнасьць пашпарта, польскія памежнікі распачалі для беларуса працэдуру прашэньня абароны. Аформілі дакумэнты, спыталіся, дзе ўцякач будзе жыць. Андрэй кажа, што пазначыў адрас сяброў у Лодзі і пасьля афармленьня накіраваўся туды. Як і ўсе тыя, хто просіць абароны і не пайшоў жыць у лягер, ён атрымліваў грошы і бясплатную мэдычную дапамогу.

«Выехаць у Беларусь»

У траўні Андрэй Ліпскі атрымаў паведамленьне з мэдычнай кампаніі, якая аплачвала ягоныя рахункі ў шпіталі. Там гаварылася, што дапамогу як асоба, якая папрасіла міжнароднай абароны, ён больш атрымліваць ня можа. Прычынай называлася рашэньне міграцыйнай службы Польшчы. Паводле журналіста, ён не разумеў, што здарылася. Пачаў тэлефанаваць на інфармацыйную лінію адміністрацыі ў справах іншаземцаў у Варшаве, паралельна зьвярнуўся па дапамогу ў Цэнтар беларускай салідарнасьці і да ініцыятывы «Партызанка», якая аказвае юрыдычную дапамогу беларускім уцекачам. Агульнымі намаганьнямі ўдалося даведацца, што ягоная справа чамусьці пазначаная ў сыстэме як «закончаная». Андрэй расказвае, што паехаў да памежнікаў у Лодзі і там даведаўся, што ягоную справу закрылі яшчэ ў сакавіку.

«Прычыну патлумачылі такую: вы не зьявіліся ў лягеры. „Вы мусілі або зьявіцца там, або патэлефанаваць ім і сказаць, што ня будзеце там жыць“, — так патлумачылі памежнікі. Але ж я ня ведаў гэтага! Я ж сказаў адразу, што буду жыць у сяброў, даў іхны адрас», — расказвае Ліпскі.

Па ягоных словах, памежнікі таксама сказалі яму, што цяпер у Польшчы ён нелегал, і параілі шукаць пашпарт самастойна. А таксама распачалі працэдуру «вяртаньня ў краіну паходжаньня».

Андрэй Ліпскі кажа, што ня мог паехаць у Нямеччыну шукаць пашпарт фізычна, але і ён, і дачка працягвалі пісаць у інстанцыі і шукаць дакумэнт. Ён таксама паўторна падаўся на міжнародную абарону ў Польшчы, зноў пачаў атрымліваць грошы і мэдычную дапамогу. Аднак 30 кастрычніка зноў атрымаў рашэньне ад памежнікаў — выехаць у Беларусь (копія гэтага дакумэнта ёсьць у рэдакцыі. — РС).

«Я нібыта ці ў сьне, ці ў кампутарнай гульні. Ці ты жывеш у адным сьвеце, а чыноўнікі — у паралельным, і ты ніколі ня маеш рацыі і заўжды застаесься ў дурнях. І тут ня маеш рацыі, і там, і сам вінаваты, валі ў сваю Беларусь, твая справа закрытая», — камэнтуе журналіст.

Ліпскі сьцьвярджае, што шматкроць пісаў у адміністрацыю ў справах іншаземцаў запыты наконт пашпарта, але адказаў так і не атрымаў. Тым часам дачка ўцекача нарэшце атрымала адказ ад міграцыйных уладаў Нямеччыны. У ім гаварылася, што пашпарт Андрэя Ліпскага 22 кастрычніка перадалі ў МЗС Польшчы.

«Застаецца спадзявацца, што гэта не чарговая хлусьня і так ці інакш пашпарт дабярэцца да Варшавы... Я не выключаю і сваіх памылак: можа, ня варта было ехаць у Нямеччыну, але ва ўсіх гэтых падзеях я бачу праявы так званага „чалавечага фактару“. Недзе, невядома дзе, ляжыць мой пашпарт, на стале ў нейкага чыноўніка. Ну ляжыць — і хай сабе. А тут я яго месяцамі шукаю. „Ну добра, давайце адправім той пашпарт“», — кажа Ліпскі.

Свабода зьвярнулася да міграцыйных уладаў Польшчы з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю Андрэя Ліпскага і іншых беларусаў, якім было адмоўлена ў міжнароднай абароне ў гэтай краіне. Мы апублікуем адказ, калі ён будзе атрыманы.

«Сытуацыя пагоршылася, адмоваў стала больш»

Сузаснавальніца ініцыятывы Partyzanka, юрыстка Ганна Маціеўская займаецца ў тым ліку дапамогай беларусам зь легалізацыяй у Польшчы, у рамках працы сустракаецца зь міграцыйнымі ўладамі гэтай краіны. Яна кажа, што сытуацыя з атрыманьнем абароны ў Польшчы для беларусаў хоць нязначна, але пагоршылася. Паводле Маціеўскай, узрасла лічба адмоваў у атрыманьні дадатковай абароны.

Ганна Маціеўская
Ганна Маціеўская

Экспэртка кажа, што міграцыйныя ўлады Польшчы зьмянілі палітыку і цяпер актыўна прымяняюць Дублінскае пагадненьне (міжнародную дамову, якая рэгулюе працэдуру атрыманьня прытулку і абароны. — РС). Гэта значыць, што ўладальнікі, скажам, літоўскай візы ці дазволу на жыхарства наўрад ці атрымаюць абарону ў Польшчы. У 2020–2021 сытуацыя для беларусаў была іншая — Польшча давала абарону ўладальнікам візаў ці дазволаў на жыхарства іншых краінаў. Цяпер такіх просьбітаў прытулку звычайна перадаюць у тую ж Літву.

«Да 2022 году ў Польшчы рэдка прымяняўся Дублінскі рэглямэнт, потым такія выпадкі сталі часьцей здарацца, цяпер жа штодзень у „Партызанку“ зьвяртаюцца беларусы па юрыдычную дапамогу, бо да іх прымянілі Дублінскі рэглямэнт», — зазначыла юрыстка.

Маціеўская падкрэсьліла, што калі Польшча перадае заяву на атрыманьне абароны ў Літву, гэта ня значыць, што просьбіт ня мае патрэбы ў абароне ці не заслугоўвае яе. У сытуацыі з журналістам Андрэем Ліпскім юрыстка зьвяртае ўвагу на тое, што Нямеччына не адмовіла яму ў прытулку, а перадала гэтую справу ў Польшчу, бо ў яго была польская віза. Яна лічыць, што ў гэтай гісторыі варта было не падаваць новую просьбу, а аднавіць справу.

Маціеўская раіць беларусам больш уважліва ставіцца да працэсу легалізацыі ў іншай краіне, у тым ліку і таму, што ўсё менш краін, дзе можна «пераседзець» і вярнуцца ў Эўразьвяз. Такой краінай раней была Грузія, але цяпер там зьмяніліся ўмовы і фіксуюцца выпадкі, калі беларусаў не пускалі ў краіну пасьля побыту ў іншых краінах, не давалі прытулку ці скасоўвалі дазвол на жыхарства.

Ганна Маціеўская таксама кажа, што Польшча гатовая прымаць законапаслухмяных беларусаў. Але калі просьбіт абароны займаўся на тэрыторыі Польшчы перавозам нелегальных мігрантаў ці зрабіў злачынства ў іншай краіне Эўразьвязу, зь вялікай доляй верагоднасьці ён не атрымае абароны. Таксама больш уважліва міграцыйныя ўлады сталі ставіцца да доказаў і прычын просьбіта атрыманьня абароны.

«Напрыклад, чалавек у анкеце напісаў, што ён у Беларусі меў статус сьведкі, а пры вусным інтэрвію заявіў, што ён быў падазраваным. У цяжкую сытуацыю і юрыдычную пастку могуць трапіць тыя беларусы, якіх, скажам, Літва прызнала „пагрозай нацыянальнай бясьпецы“ і яны пераехалі ў Польшчу, каб прасіць абароны. Такіх людзей Польшча можа перадаць назад у Літву. Сытуацыя ня вельмі добрая. Адзінае выйсьце — працаваць зь міграцыйнай польскай палітыкай. І палітыкі, недзяржаўныя арганізацыі робяць сваю справу, але яны ня могуць уплываць на польскую міграцыйную палітыку», — падкрэсьлівае Ганна Маціеўская.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG