Галасаваньне адбылося 14 лістапада, на першым пасьля выбараў пасяджэньні літоўскага парлямэнту. За кандыдатуру Саўлюса Сквярняліса прагаласавалі 107 дэпутатаў Сейму, супраць — 19, яшчэ 10 устрымаліся.
Як праходзіла першае пасяджэньне
У першым пасяджэньні ўдзельнічалі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, архіяпіскап Віленскі мітрапаліт Гінтарас Грушас і кіраўніца Галоўнай выбарчай камісіі Ліна Пятранене. Кожны дэпутат склаў прысягу, у тым ліку кіраўніца Сейму мінулага скліканьня Вікторыя Чміліце-Нільсэн.
Прэзыдэнт Гітанас Наўседа заклікаў дэпутатаў Сейму ўмацоўваць незалежнасьць Літвы і памятаць пра абавязак клапаціцца пра бясьпеку краіны.
«Вы набудзеце абавязак і штодзённую адказнасьць клапаціцца пра бясьпеку, незалежнасьць і дэмакратыю Літвы. Вам трэба будзе імкнуцца да дабрабыту ўсіх жыхароў Літвы. Цяпер кожнага з вас чакае асаблівае выпрабаваньне. Ваша мудрасьць, каштоўнасьці, пачуцьцё справядлівасьці будуць пад павелічальным шклом. Ніводзін ляпсус, ніводная больш значная памылка не застанецца па-за ацэнкай грамадзкасьці», — заявіў прэзыдэнт Літвы.
Гітанас Наўседа таксама заклікаў выбраных дэпутатаў выконваць высокія стандарты празрыстасьці ў сваёй дзейнасьці і ў дыялёгу з грамадзтвам.
«Цяпер не сацыяльныя сеткі, а Сейм — месца вашай працы. Вам можа гэта не падабацца, але прынятыя зь сёньняшняга дня рашэньні будуць вызначаць ацэнку вынікаў вашай працы», — заявіў Гітанас Наўседа.
Гэтая заўвага, імаверна, найперш тычылася лідэра партыі «Нёманская зара» Рэмігіюса Жамайтайціса, які сваім антысэміцкім допісам у сацыяльных сетках нядаўна выклікаў рэзанансныя дыскусіі ў грамадзтве. Праз гэты скандал першы дзень працы Сейму суправаджаецца акцыяй пратэсту супраць удзелу партыі «Нёманская зара» ў парлямэнцкай кааліцыі і яе прадстаўнікоў ва ўрадзе.
Калі старшыня Канстытуцыйнага суду Гінтарас Года запрасіў Рэмігіюса Жамайтайціса скласьці прысягу, шэраг дэпутатаў на знак пратэсту пакінулі залю пасяджэньня Сейму.
Архіяпіскап Віленскі мітрапаліт Гінтарас Грушас заклікаў дэпутатаў «стаць прыкладам сілы і крыніцай яднаньня для ўсёй нацыі».
«Стварыце Літву, у якой клапоцяцца пра дабрабыт усіх грамадзян і якая будзе моцнай, бо яна адзіная», — сказаў Гінтарас Грушас і дабраславіў дэпутатаў на працу.
Што вядома пра новага сьпікера
Саўлюс Сквярняліс нарадзіўся ў Коўне, мае дзьве вышэйшыя адукацыі — у Віленскім тэхнічным унівэрсытэце імя Гедзіміна набыў спэцыяльнасьць мэханіка-інжынэра, а ва Ўнівэрсытэце Міхала Ромэра — ступень магістра права.
Працаваў асыстэнтам на катэдры паліцэйскага права і прафэсійнай тактыкі Паліцэйскай акадэміі Літвы, быў камісарам-інспэктарам дарожнай паліцыі Троцкага раёну, потым перайшоў на аналягічную пасаду ў аддзел дарожнай паліцыі дэпартамэнту пры Міністэрстве ўнутраных спраў. На пачатку 2000-х працаваў камісарам патрульнай каманды Службы кантролю руху Бюро паліцыі Літвы, а потым — камісарам каманды эскартаваньня паліцыі.
У 2008–2011 гадах быў намесьнікам генэральнага камісара паліцыі, у 2011–2014 — генэральным камісарам паліцыі.
У 2014–2016 гадах ачольваў Міністэрства ўнутраных спраў Літвы. На выбарах у Сейм у 2016 годзе ачольваў сьпіс Зьвязу сялян і зялёных. Пасьля перамогі на выбарах ён па прадстаўленьні прэзыдэнта Літвы ачоліў урад Літвы. На пасадзе прэм’ера ён працаваў з 22 лістапада 2016 да канца лістапада 2020 году.
Што новы сьпікер казаў пра Беларусь
У кастрычніку 2019 году Саўлюс Сквярняліс выступаў за аднаўленьне дыялёгу зь Беларусьсю. Ён таксама падтрымліваў ініцыятыву Беларусі аб павелічэньні перавалкі беларускіх грузаў праз Клайпедзкі порт.
«Гэта сусед, зь якім мы павінны кантактаваць і размаўляць. Мы павінны забясьпечыць абарону і ахову сваіх інтарэсаў у супрацы і кантактах», — заяўляў ён.
Саўлюс Сквярняліс меркаваў, што такі дыялёг мог бы ўраўнаважыць уплыў Расеі на Беларусь. Пры гэтым ён падкрэсьліваў, што фундамэнтальнае стаўленьне Літвы да Беларускай АЭС ня будзе мяняцца, і заклікаў партнэраў сваёй краіны не набываць электраэнэргію ў Беларусі.
«Нягледзячы на тое, што ў нас ёсьць гэтая праблема, нам варта размаўляць і шукаць шляхі рашэньняў, як мы будзем кантактаваць з суседам», — тлумачыў ён.
«Ці ёсьць у нас інтарэс, каб гэтая дзяржава была дэмакратычнай, арыентавалася на заходнюю дэмакратыю, ці проста аддаць і пакінуць яе на волю лёсу, каб усходні сусед зрабіў яе саюзнай дзяржавай ці філіялам? Інтарэс Расеі — наблізіць да сябе максымальна, інтэграваць, наш (інтарэс) — каб Беларусь, як наша суседка, была дэмакратычнай дружалюбнай дзяржавай», — казаў палітык.
Пасьля жорсткага разгону акцыяў пратэсту ў жніўні 2020 году Саўлюс Сквярняліс прапанаваў, каб краіны Балтыі выступілі пасярэднікамі для абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Тады ён не выключаў магчымасьці такой сустрэчы ў Менску.
«Мы шукаем спосабы, каб інстытут пасярэдніцтва запрацаваў. І сёньня робяцца крокі, магчыма, будуць нейкія навіны. Магчыма, адзін з варыянтаў — пэўныя кантакты з урадам. Абмяркоўваецца, будуць гэтыя кантакты на ўзроўні міністраў замежных спраў ці на ўзроўні прэм’ераў», — заяўляў Саўлюс Сквярняліс 20 жніўня 2020 году.
Разам з калегамі з Эстоніі і Латвіі ён заклікаў улады Беларусі правесьці новыя выбары.
Сытуацыю ў Беларусі ён у той час абмяркоўваў і зь Сьвятланай Ціханоўскай.
«Мы абмеркавалі шмат пытаньняў — ад побытавых да сытуацыі ў Беларусі, якія магчымыя рашэньні, якія ёсьць пляны, пэрспэктывы. Галоўнае, што чалавек, які, па сутнасьці, мае статус фактычнага лідэра краіны, які выбраў часовае знаходжаньне ў Літве, каб былі забясьпечаныя ўсе ўмовы як для працы, так і для жыцьця. Я дакладна ведаю, што ёсьць рашучасьць, калі будзе магчымасьць, бачна, што яна сапраўды хоча і імкнецца вярнуцца ў Беларусь», — заяўляў новы сьпікер літоўскага парлямэнту чатыры гады таму.
Форум