Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «чалавек са стрэльбай» прынёс культурнае паляваньне з Асіповічаў у Прыбайкальле


Майстра на ўсе рукі Павал Аляксейчык
Майстра на ўсе рукі Павал Аляксейчык

«Трымаць ганчака — раўназначна таму, як трымаць парсючка. Дык сьвінка дасьць чыстага прыбытку ці мяса пад 200 кг, а ганчак за гэты час прынясе на такую ж суму стратаў. І жонка запытае: дзе грошы, чаму не ямо мяса зь лесу, а купляем? Апраўдваесься, што сабака малады, вучыцца... Шукаеш адгаворкі, чаму без здабычы, не накарміў сямʼю...» Як Павал Аляксейчык з Асіповічаў выправіўся за тысячы кілямэтраў вучыцца паляўнічай справе, а стаў дэпутатам, тэлемайстрам і сабачым заводчыкам.

Для душы — паляваньне, для кішэні — рамонт тэлевізараў

45 гадоў таму з чыгуначнага вакзалу ў родных Асіповічах Павал Аляксейчык рушыў на край сьвету — у Іркуцк, сталіцу расейскага Прыбайкальля. Кажа, што «выпхнула з гнязда» прычэпная думка, якая не давала спакою — стаць дыплямаваным паляўніцтвазнаўцам, егерам. А на той час адмысловы факультэт меў толькі Іркуцкі сельскагаспадарчы інстытут:

«2 кастрычніка 1972 году выйшаў зь цягніка на станцыі Іркуцк. Вядома, у пэўным сэнсе авантурызм. Але калі ты малады і не авантурыст, то, магчыма, дарэмна нарадзіўся. Самі азірніцеся: табе 20 гадоў, малады, здаровы, хочацца паглядзець сьвет, сябе паказаць. Цалкам нармальна для такога ўзросту. А каб не было авантурызму, то і Амэрыку, мабыць, не адкрылі б, і ўвогуле да гэтага часу хадзілі б у лапцях. Ці, скажам, уздымаць у Прыбайкальлі беларускую справу, чым ужо два дзясяткі гадоў займаецца полацкі хлапец Алег Рудакоў? Як па мне, авантурызм самы натуральны. А што, каб ніхто не паспрабаваў? Гэтак жа і ў маім выпадку. Як кажуць, шылам мора не нагрэеш, але прынамсі можна паспрабаваць (сьмяецца)».

Алег Рудакоў каля павароткі да беларускай вёскі Тургенеўка
Алег Рудакоў каля павароткі да беларускай вёскі Тургенеўка

На сваім уседарожніку «Сузукі» Павал вязе нас у аддаленыя вёскі Прыбайкальля, дзе колісь атабарыліся беларусы — паводле архіўных зьвестак, на пачатку ХХ стагодзьдзя па сталыпінскай аграрнай рэформе толькі ў Іркуцкую губэрню зь Беларусі прыехалі 300 тысяч чалавек.

«Навігатарам» на пасажырскім сядзеньні — згаданы Алег Рудакоў, галоўны завадатар беларускага руху ў Сыбіры. Менавіта ён вярнуў Паўла Аляксейчыка — як і сотні іншых этнічных беларусаў — у арбіту нацыянальнага жыцьця, якое віруе тут за 6 тысяч кілямэтраў ад мэтраполіі. У 2008 годзе на чарговым зьезьдзе Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Аляксейчык быў абраны старшынём рэвізійнай камісіі.

Маршрут нешматлікага экіпажу — транзытам праз Усьць-Арду да вёсак, дзе некалі кампактна сяліліся беларусы. Але па дарозе абавязковы прыпынак у Ліствянцы, месцы, адкуль Ангара выцякае з Байкалу. Абавязковы рытуал — вітаньне з духамі легендарнага возера і «амавеньне» ў халодных водах, якія нават у высокі сэзон не награюцца вышэй за 10 градусаў. Паміж «працэдурамі» Павал згадвае пачатак 1970-х:

Выток Ангары з Байкалу ў Ліствянцы
Выток Ангары з Байкалу ў Ліствянцы

«Я хацеў стаць паляўніцтвазнаўцам, а спэцыялізаваны факультэт быў толькі ў Іркуцкім сельгасінстытуце (потым акадэмія, а цяпер аграрны ўнівэрсытэт). Прынамсі, ведаў толькі пра адзін. Тады больш нічога не цікавіла, нават без іспытаў нікуды не пайшоў бы. Паступіў, але фактычна адразу ж і скончыў, усё склалася інакш. Каб выжываць, уладкаваўся тэлемэханікам. Як кажуць, нашага брата праца любіць, пагатоў беларуса. Хутка дасягнуў пэўных посьпехаў, мяне ведалі ў горадзе: стаў дэпутатам гарадзкога савету, народным засядальнікам у судзе, быў чальцом райкаму і абкаму камсамолу, сакратаром партарганізацыі. Грамадзкая нагрузка істотная. Паўсюль зьявіліся сувязі, мог пайсьці ў любы інстытут па блату, залічылі б на раз. Але час быў страчаны, а любімай справе — паляваньню — і так аддаю сябе ўсяго без астатку, раблю больш, чым іншыя паляўніцтвазнаўцы. Гэта насамрэч так».

Яшчэ ў Беларусі, адразу пасьля школы, Павал Аляксейчык асвоіў прафэсію тэлевізійнага майстра. І хоць уся ягоная натура прагнула егерскай справы, візытоўкай па жыцьці стаў рамонт складанай тэхнікі:

Рытуальнае пакланеньне «сівому» Байкалу
Рытуальнае пакланеньне «сівому» Байкалу

«Сваёй прафэсіі я вучыўся ўсё жыцьцё: атрымаў навыкі тэлемайстра ў менскім тэхнікуме, і пайшло-паехала — Менск, Віцебск, Ленінград, Кіеў, Растоў, Іркуцк. У гэтай сфэры адпрацаваў 25 гадоў, увесь час удасканальваўся. Тэхніка рабілася больш складанай, трэба было пастаянна падвышаць кваліфікацыю, расьці разам зь ёй у прафэсійным пляне. І калі ўрэшце сутыкнуўся з дылемай — быць егерам ці займацца рамонтам каляровых тэлевізараў — выбраў апошняе. Чаму? Паляваньнем мне ніхто і так не перашкаджаў займацца, але гэта захапленьне, грошай яно не прыносіць. Да таго ж час быў застойны, прыблізна як цяпер у Беларусі, толькі яшчэ больш строга. Ніякая інфармацыя вонкі не выходзіла — ні навіны навукі, ні партыйныя чуткі. А паколькі паляваньне — рэч амаль інтымная, было цікава проста кантактаваць зь людзьмі».

Дэпутацтва — за заслугі, прафсаюз — для прасоўваньня інтарэсаў

Эра татальнага дэфіцыту, калі каляровы тэлевізар лічыўся адной зь першых прыкметаў дастатку і раскошы ў доме, хутка зрабіла Паўла Аляксейчыка аўтарытэтнай асобай у горадзе. Прымачы былі хоць і дарагія, але тэхнічна недасканалыя, часта ламаліся. Суразмоўца кажа, што кваліфікаваны майстар цаніўся на вагу золата:

«Прыходзіш у дом, сядзіць чалавек. Ён нешта ведае, але ў сваім коле гэта абмяркоўваць небясьпечна. А тут нехта староньні, прыйшоў ды сышоў, можа, больш ніколі ня ўбачыш. Уваходзіў у давер, мне расказвалі такое, пра што ніхто навокал не падазраваў. І цікавей за тэлевізар было паслухаць гаспадара. Працэс кантактаваньня прасоўваў па „лесьвіцы“: скаргаў на мяне не было, я добрасумленна ставіўся да працы, выконваў свае абавязкі. І гэта дазволіла мне, простаму сялянскаму хлопцу, самому выйсьці ў людзі. Калі выбралі дэпутатам гарадзкога савету, гэта нечага значыла. Шмат рабіў, стараўся. Увайшоў у прафсаюз, лабіраваў сваю арганізацыю. У нас ніхто ніколі не атрымліваў жыльлё. Куды толькі не хадзіў, склаў чаргу, прымусіў улады прыслухацца: ёсьць годныя людзі, якія жыцьцё паклалі на працы. І нам пачалі даваць дзяржаўныя кватэры, уяўляеце? Мне дагэтуль удзячныя. Сам я нічога не атрымаў, бо быў прапісаны ў цешчы і мэтраў упрытык хапала. Потым купляў за свае грошы ў каапэратыве».

Зь мясцовымі і заежджымі беларусамі ў Усьць-Ардзе
Зь мясцовымі і заежджымі беларусамі ў Усьць-Ардзе

Яшчэ з падлеткавага веку Павал усурʼёз захапіўся паляваньнем — адтуль і навязьлівая ідэя прысьвяціць гэтай справе ўсё наступнае жыцьцё. На роднай Асіповіччыне пачаў выходзіць у лес з памочнікамі — сабакамі гончай пароды. А пасьля пераезду ў Іркуцк яны сталі ягонай найгалоўнейшай жарсьцю, цяпер Павал Аляксейчык — знаны заводчык рускіх ганчакоў на ўсю акругу. Прызнаецца, што дагэтуль запрашаюць у альма-матэр, якую так і ня скончыў, каб расказаць пра сабак будучым паляўніцтвазнаўцам:

«Я чаму не давучыўся? Прапанавалі на паўгода паехаць у Растоў асвойваць каляровае тэлебачаньне — гэта калі ў рэгіёне нічога не было наагул. Я ці ня першым у вобласьці асвоіў складаны рамонт. Адпаведна, меў доступ да сакратароў абкаму, гаркаму, дырэктараў прадпрыемстваў, старшыняў калгасаў — такі блатны, блатней ужо няма куды, у любыя дзьверы мог заходзіць бяз стуку. Тым ня меней, калі прыходжу ў інстытут, нават выкладчыкі перакананыя, што я тут вучыўся, а студэнты — што ўсё жыцьцё тут выкладаю. Іншым разам сапраўды адтуль не вылажу: запрашаюць на сустрэчы, прыводжу сабаку, расказваю да сёмага калена. Бо часам даходзіць да маразму: нібыта будучыя егеры, а ня могуць адрозьніць ганчака ад харта. Вы ж падстаўляеце ня толькі сябе як спэцыялісты, а ўвесь факультэт! Гэта бяда, але што зробіш? Хто ім тых сабак паказвае, на чым вучыцца? Няма практыкі — ня будзе і ведаў».

На вуліцах Іркуцку
На вуліцах Іркуцку

Шчыра прызнаюся: да Паўла Аляксейчыка не сустракаў ніводнага чалавека, які можа гаварыць пра сабак гадзінамі — прычым не пра ўсіх, а менавіта паляўнічых пародаў. Без перабольшаньня «хадзячая сабачая энцыкляпэдыя», асабліва калі гаворка пра ганчакоў. Чаму менавіта яны?

«Паляўнічую супольнасьць яшчэ ад савецкіх часоў зьвязваюць тры пароды: хорт, ганчак і лайка. Ну, і ў патыліцу яшчэ дыхае рускі спаніэль. Вось тыя, на кім трымаецца паляваньне — удакладню, паляваньне культурнае. Калі чалавек бярэ стрэльбу, абы-якога сабаку, некуды ідзе і некага страляе — гэта ня ёсьць паляваньне. Тое самае, калі Іваноў, Пятроў, Сідараў, ніколі не служыўшы ў войску, апранаюць камуфляж, чапляюць пагоны і лічаць, што яны вайскоўцы. Убраныя ў форму — так, вайскоўцы — не. Гэтак жа і паляваньне — вялікая праца, разумовая і фізычная. Паляўнічым трэба нарадзіцца, гэта як дар боскі, ня кожнаму дадзены. І добра, бо каб усе былі аднолькавыя і захапляліся адной справай, стала б нецікава. Дый зьвярʼя колькі пабілі б. Ня можаш жыць без паляваньня — займайся, можаш — знайдзі сабе іншы занятак. Ня трэба хадзіць у лес са зброяй: апроч шкоды, нічога не прынясеш, толькі скампрамэтуеш высокае званьне паляўнічага».

Ваяўнічыя гены — ад дзеда, татальная абструкцыя — ад бацькі

Па словах Паўла Аляксейчыка, постсавецкі абываталь «найпаўнейшае» ўяўленьне пра чалавека са стрэльбай атрымаў з расейскай кінастужкі «Асаблівасьці нацыянальнага паляваньня» — людзі вечна нападпітку, якіх абʼядноўвае лазьня, забавы і шмат гарэлкі.

Гэта, на перакананьне адмыслоўца, не паляваньне, а звычайны шабаш. Асабіста яму гены «культурнага паляваньня» перадаў дзед, які больш за 100 гадоў таму хадзіў са стрэльбай па асіповіцкіх лясах. Ягоная дачка, Паўлава маці, ад маленства расла ў гэтай атмасфэры, і занятак паляўнічага ёй быў даспадобы. А вось бацька лічыў паляваньне «сярэднявечным дзікунствам»:

Ганчак у часе паляваньня. Фота ©Shutterstock
Ганчак у часе паляваньня. Фота ©Shutterstock

«Да мяне лёс у гэтым сэнсе паставіўся вельмі прыхільна, па лініі маці гены яўна дзедавыя. Ён быў лясьнічым і ў яго былі ганчакі, а гэта яшчэ канец ХІХ стагодзьдзя. Паколькі мама наўрад ці магла стаць паляўнічай, то гэтая жарсьць перадалася праз пакаленьне мне. А вось бацька абсалютна не цярпеў гэтай справы, лічыў заняткам для абібокаў, заўсёды на мяне бурчаў — табе што, рабіць больш няма чаго, мяса табе не хапае? Вось такое было стаўленьне. Я яго разумеў, паважаў яго думку, бо чалавек выказваў сваю пазыцыю. А таму зьмірыўся і ня лез да яго са сваімі пытаньнямі. Паляўнічую стрэльбу набыў за свае грошы, ніколі пра паляваньне не расказваў, трафэяў не паказваў, нецікава яму — і ня трэба, нічога ня зробіш. Затое мама, наадварот, разумела мяне, падзяляла маю прыхільнасьць, ва ўсім заўсёды падтрымлівала. Уся ў свайго тату».

Павал прызнаецца, што быў нямала шакаваны, калі, трапіўшы ў Сыбір, сутыкнуўся з абсалютна спажывецкай практыкай мясцовых паляўнічых. У тайзе квітнела бяздумнае зьнішчэньне зьвера, а сабакі ў гэтым працэсе толькі заміналі.

«Калі параўноўваць з Эўропай, тут усё ў хвасьце гадоў на 200. Тады як у Беларусі паляваньне з ганчакамі ўжо мае традыцыі», — кажа Павал і тлумачыць, чаму ўзяў на сябе місію адукацыі мясцовых калегаў. А пра беларускую школу расказвае на прыкладзе сябра-зямляка:

Рэканструкцыя паляўнічых стаянак у тайзе
Рэканструкцыя паляўнічых стаянак у тайзе

«Мне пашанцавала: мой сябра Ваня Стэрымаў — апантаны паляўнічы, паляваньне з раніцы да вечара. Кінуў Менск, зьехаў у родную вёску пад Асіповічамі. У яго абсалютна найлепшыя ў Беларусі ганчакі. Праўда, чалавек з характарам, на ўсё мае свой погляд, ад актыўнай кіналягічнай дзейнасьці проста адсунулі. Але надзвычай граматны, калі давядзецца займацца ганчакамі, абавязкова „занырніце“ ў Асіповіцкі раён, яго там усе ведаюць. Вось чалавек! Мог атрымаць 2–3 вышэйшыя адукацыі, выкладаў бы ў любой ВНУ. Але дзеля любімай справы спыніўся, трымае сабак, размножвае іх, за любыя грошы купляе. У вёсцы 5–6 паляўнічых, нехта лісічку за сэзон здабудзе — ужо радасьць. А Ваня носіць і кабаноў, і ласёў, каго заўгодна. Па навуцы, з ганчакамі, зь веданьнем справы, каго і ў якой колькасьці можна адстрэльваць. Такіх мала, сапраўдны фанат. І выглядае адпаведна, з калярытнай барадой. А пачне гаварыць — як чытаеш Тургенева, уся тэрміналёгія старадаўняя. Не беларуская, ня руская, свая мова».

Гарадзкія паляваць ня могуць, вяскоўцам няма калі

Паводле суразмоўцы, самае страшнае для паляўнічага сабакі — даць яму «застаяцца». Таму проста валодаць пародзістым гадаванцам і стварыць яму патрэбныя ўмовы — рэчы прынцыпова розныя. Павал дапамагае знайсьці балянс паміж жаданьнем бачыць сябе «крутым паляўнічым» і здольнасьцю трымаць сабаку ў пастаяннай «баявой гатовасьці»:

«Каб дасягнуць вяршыняў, трэба быць як Ваня. А іншыя толькі і здатныя, што языком ляпаць. Таму дапамагаю тым, хто рэальна можа займацца гэтай справай, трымаць сабак, паляваць. І паколькі сам выйшаў зь вясковых паляўнічых, цудоўна разумею: з гарадзкога толку бывае мала. Чалавек нібыта нядрэнны, а часу бракуе, выбрацца ў лес здараецца рэдка. Сабакі ад гэтага пакутуюць. У вёсцы знайсьці талковага чалавека — зноў жа парадокс — праблематычна. Найперш, іх фізычна мала. Па-другое, заклапочаныя, каб выжыць: каб сямʼю пракарміць, каб плот не заваліўся. З раніцы да вечара праца, няма калі ў лес выбрацца. Ну як сабакам у такіх умовах? Гарадзкі ня можа, вясковец ня можа. Хто можа? Сумная гісторыя, бо тутэйшая парода можа загінуць. Калісьці за добрага ганчака ня тое што некалькі кароў, вёску аддавалі разам зь сялянамі. Праўда, за тых рускіх мужычкоў, я чытаў, асабіста я 2–3 аддаў бы, такія бесталковыя. Літаратура спэцыяльная, не палітычная, а чытаеш і бачыш, што былі за людзі...»

Від на тайгу з прыбайкальскіх скальнікаў
Від на тайгу з прыбайкальскіх скальнікаў

Павал Аляксейчык — дарадца пры гарадзкім таварыстве паляўнічых Іркуцку. Кажа, што сфармавалася каманда энтузіястаў, якія падзялілася па кірунках і працуюць на дабрачыннай аснове — на кожную пароду свой спэцыяліст. Пасьля заканчэньня адмысловых курсаў пры сельскагаспадарчым унівэрсытэце і пасьпяхова здадзеных іспытаў яму прысвоена клясыфікацыя экспэрта-кіноляга 3-й катэгорыі са спэцыялізацыяй па гончых пародах. Галоўная задача кантралёра — падтрымліваць чысьціню пароды, не дапускаць «мешаніны».

Павал удакладняе: каб весьці пароду, скрыжаваньне павінна быць ні ў якім разе не сваяцкае, і пры гэтым «выдатных сабакаў з выдатнымі». Адпаведна, пагалоўе для выбару павінна мець як мінімум 200 галоў. Але шараговаму паляўнічаму для паўнавартаснага «эскорту» будзе дастаткова і пары:

«Колькі сабак? Пажадаў бы, каб мінімум двух, ня меней. Але дай божа, каб у наш час была магчымасьць утрымаць хоць бы аднаго, гэта вельмі накладна. Трымаць ганчака раўназначна таму, як трымаць парсючка. Дык сьвінка пры канцы году дасьць чысты прыбытак ці мяса пад 200 кг, а ганчак за гэты час прынясе на такую ж суму стратаў. І жонка абавязкова запытае: дзе грошы? Потым, адказваеш, пазьней. У выніку здабудзеш двух зайцоў за сэзон і будзеш задаволены па самыя вушы. А жонка зноў „пілуе“: чаму не ядзім мяса зь лесу, а купляем на рынку? Мармычаш, што сабака пакуль малады, яшчэ вучыцца. І ўвогуле мала езьдзім на паляваньне, няма як вопыту набрацца. Дык як мала? Кожны дзень цягам тыдня!.. Вось так увесь час шукаеш розныя адгаворкі, апраўданьні таму, што прыехаў без здабычы, што не накарміў сямʼю мясам (сьмяецца)».

У сыбірскай вёсцы, заснаванай беларусамі
У сыбірскай вёсцы, заснаванай беларусамі

На гістарычную радзіму Павал Аляксейчык выбіраецца ня часта, але зь вялікім задавальненьнем — найперш ад чаканьня сустрэчы зь сябрамі-паляўнічымі, ад магчымасьці прайсьціся ляснымі сьцежкамі свайго дзяцінства:

«Насамрэч чалавек жыве ня дзеля таго, каб у ХХІ стагодзьдзі здабываць сабе харч паляваньнем, — кажа паляўнічы са стажам, сабачы заводчык Павал Аляксейчык. — Вядома, і для гэтага таксама, але вялікая прыемнасьць — сам працэс. Менавіта дзеля гэтага працэсу я гатовы і час траціць, і грошы, і спрачацца з кім заўгодна — і зь любімай жонкай, і зь сябрам Алегам Рудаковым. А што зробіш? Я нарадзіўся паляўнічым, жыву з гэтым. Вось як памру — тады, можа, „выпраўлюся“. А пакуль нешта мяняць не зьбіраюся. Вось такія справы, браце...»

Сьпіс беларускіх перасяленцаў (1909 год) у краязнаўчай экспазыцыі Тургенеўкі
Сьпіс беларускіх перасяленцаў (1909 год) у краязнаўчай экспазыцыі Тургенеўкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG