Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выбарчы фонд Лукашэнкі сабрана больш за 400 тысячаў рублёў, у выбарчы фонд Гайдукевіча — 200 рублёў


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала зьвесткі пра сродкі, якія паступілі ў выбарчыя фонды прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

Дадзеныя прыводзяцца па стане на 13 лістапада. Паводле іх у выбарчы фонд Аляксандра Лукашэнкі паступіла на гэты дзень 427240 рублёў. Зь іх на мэты выбарчай кампаніі было выдаткавана 13221 рубель.

БЕЛТА паведамляла, што ў прыватнасьці кампаніі-рэзыдэнты Парку высокіх тэхналёгіяў пераводзілі сродкі ў выбарчы фонд Лукашэнкі.

Паводле Эўрарадыё зьбіраюць грошы таксама па дзяржаўных установах. А ў адным з райцэнтраў нават сабралі чаргу, каб людзі здалі па 10 рублёў — яе зьнялі на відэа.

У справаздачы ЦВК на другім месцы па паступленьнях аказалася Вольга Чамаданава, ён ў выбарчы фонд паступіла 2400 рублёў. Ніводнага рубля зь іх яна патраціць не пасьпела. 12 лістапада яна зьняла сваю кандыдатуру.

Паступленьні ў выбарчы фонд Алега Гайдукевіча склалі 200 рублёў. З іх было выдаткавана на выбарчыя мэты 140 рублёў 88 капеек. На 59 рублёў 12 капеек ён можа працягваць выбарчую кампанію.

Паводле справаздачы ЦВК у выбарчыя фонды Аляксандра Хіжняка, Сяргея Сыранкова, Сяргея Бобрыкава і Ганны Канапацкай на 13 лістапада не паступіла ніводнага рубля.

Паводле закона выбарчы фонд кандыдата ў прэзыдэнты можа фармавацца зь яго ўласных грашовых сродкаў і добраахвотных ахвяраваньняў грамадзян Рэспублікі Беларусь. Яшчэ адной крыніцай для фармаваньня фонду могуць быць добраахвотныя ахвяраваньні юрыдычных асобаў.

Усе выдаткі са сродкаў выбарчага фонду кандыдата ў прэзыдэнты ня могуць перавышаць 10 тысячаў базавых велічынь. Зараз адна базавая вялічыня ў Беларусі — 40 рублёў. У фонд Лукашэнкі ўжо сабрана крыху болей за максымальна дапушчальны памер выдаткаў на кампанію.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG