Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Час палітыкі „газ наўзамен на пацалункі“ скончыўся»


Чэрвень 2016 году. Менск.
Чэрвень 2016 году. Менск.

Чаму сёлета гэтак шмат праблемаў паўстала ў адносінах паміж Беларусьсю і Расеяй — нафта, газ, харчаваньне, умовы гандлю, мяжа? У чым мэта ваенна-стратэгічнага ціску Масквы на Менск? Як будуць разьвівацца беларуска-расейскія стасункі ў 2017 годзе?

Гэтыя пытаньні ў перадачы «Вынікі году. Экспэртыза Свабоды» абмяркоўваюць дырэктар праграмы ЭЗ і Расеі ў Фінскім Інстытуце міжнародных адносінаў Аркадзь Мошас і кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

Дракахруст: Байкот Аляксандрам Лукашэнкам самітаў ЭАЭС і АДКБ 26 сьнежня сталі своеасаблівай кульмінацыяй двухбаковых адносінаў у гэтым годзе. Мінулы раз такі дэмарш быў летам 2009 году, калі Лукашэнка адмовіўся ехаць на саміт АДКБ у разгар малочнага канфлікту з Расеяй.

Зараз, здаецца, ў клубок матываў сплялося значна больш чыньнікаў: нафтагазавы канфлікт, які цягнецца з пачатку году, чарговы харчовы канфлікт, пярэчаньні Менску наконт новага мытнага кодэксу Эўразійскага саюзу, нарэшце, інфармацыйная вайна. Дакладней, рэакцыя афіцыйнага Менску на гэтую вайну. Экспэрты прыгадваюць яшчэ і памежныя праблемы, тое, што замежнікаў з Беларусі не пускаюць у Расею па звыклых маршрутах. На ваш погляд, чаму двухбаковыя дачыненьні менавіта сёлета абвастрыліся па такім шырокім шэрагу праблемаў?

Стратэгічныя пагрозы для расейскага ўплыву ў будучыні

Мошас: Тут можна так ці інакш казаць пра клубок фактараў. І тое, што грошай у рэальнасьці ў Расеі становіцца менш, і менш жаданьня іх траціць на падтрымку чалавека і рэжыму, якія, пэўна, больш не ўспрымаюцца як чалавек і рэжым, якім можна выказваць поўны давер, і неабходнасьць для Расеі падтрымліваць бачнасьць вось гэтых непарушных і блізкіх адносінаў зь Беларусьсю стала меншая.
Але галоўнае, што зьмянілася якасна ў 2016 годзе ва ўспрыняцьці сытуацыі Крамлём — гэта зьнешнепалітычныя магчымасьці Захаду. У 2016 годзе Эўропа аказалася ў зьнешнепалітычным крызысе, і ва ўнутраным, але галоўнае — яна вельмі відавочна на ўзроўні дакумэнтаў вызначыла скарачэньне ўзроўню сваіх геапалітычных амбіцыяў у рэгіёне. Так ці інакш, хоць да таго ішло і раней, у нас раней былі дакумэнты і палітыка «Усходняга партнэрства», якая ставіла перад сабой задачу сур’ёзнага перафарматаваньня сваіх адносінаў з гэтым рэгіёнам у цэлым.

Галоўным словам у глябальнай стратэгіі Эўрапейскага Зьвязу сёлета стала слова «resilliance», што значыць унутраная здольнасьць да супраціву

Сёньня ж Эўропа кажа пра зусім іншыя рэчы, яна зьніжае ўзровень сваіх амбіцый. Галоўным словам у глябальнай стратэгіі Эўрапейскага Зьвязу сёлета стала слова «resilliance», што значыць унутраная здольнасьць да супраціву. Гэта больш не стратэгія ці тактыка геапалітычнай экспансіі.
То бок дэманстратыўны ціск на такія краіны як Беларусь, больш не сустрэнецца з жаданьнем Эўропы за гэта змагацца. Да 2010 году ў той момант, калі толькі ўсё гэта запускалася, было выразнае жаданьне ўкласьці пэўныя рэсурсы ў геапалітычнае боўтаньне і дужаньне на постсавецкай прасторы. Сёньня гэтага няма. Таму сёньня можна ціснуць і зь меншай рызыкай нарвацца на нейкі геапалітычны адказ.

Дракахруст: Арсень, чаму такі вялікі вузел атрымаўся? І ці згодны вы з той інтэрпрэтацыяй, якую даў Аркадзь? Вось ужо другі год, а можна і з гэтага году весьці адлік, са скасаваньня санкцыяў, але здаецца, Захад, Эўропа нармалізуюць, паляпшаюць стасункі з Беларусьсю. Тая набывае «другое крыло» ў сваёй зьнешняй палітыцы. Дык можа Эўропа наадварот — умацоўвае свае пазыцыі ў Беларусі, а не расплываецца, як казаў Аркадзь?

Сівіцкі: Так, я з Аркадзем пагаджуся. Больш за тое, я б хацеў дадаць, што гэты клубок супярэчнасьцяў ужо назапашваецца амаль 2 гады, ад пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту ў 2014 годзе. Гэтыя супярэчнасьці на адпаведным этапе пераўтварыліся ў паўнавартасную стратэгію ціску на Аляксандра Лукашэнку з боку Крамля.
Сёньня можна казаць аб тым, што гэты ціск зьяўляецца комплексным, і гэта ня толькі эканамічны ціск, калі казаць пра нафта-газавы крызыс ці нават транзытны, пра харчовыя санкцыі і г.д. Але і ціск ваенна-палітычны і нават інфармацыйны, калі казаць пра апошнія закіды расейскага боку ў дачыненьні да Беларусі, да зьнешняй палітыкі Беларусі, наогул паводзінаў нашай краіны на міжнароднай арэне.

маем сытуацыю зь нейкай стратэгічнай фобіяй з боку расейскага кіраўніцтва, зьвязанай са стратай Беларусі і ўплыву на Беларусь

Нягледзячы на тое, што Эўразьвяз замыкаецца ўнутры сябе, на сваіх праблемах, і відавочна, што ён не зьбіраецца інкарпараваць у нейкім выглядзе Беларусь ці нават адрываць яе ад Расеі і замацоўваць яе ў сваёй сфэры ўплыву, тым ня менш, калі зрабіць кантэнт-аналіз таго, што публікуюць у афіцыйных выданьнях, нават расейскімі ваеннымі аналітыкамі ў выданьнях пры Міністэрстве абароны, то прагноз даецца даволі жорстка па Беларусі.

Ужо ў пачатку 2016 года ў першым нумары «Иностранного военного обозрения» быў апублікаваны прагноз, згодна зь якім да канца 2016 году Эўразьвяз здолее адарваць Беларусь ад Расеі і замацаваць яе ў заходняй сфэры ўплыву.

Тут маем сытуацыю зь нейкай стратэгічнай фобіяй з боку расейскага кіраўніцтва, зьвязанай са стратай Беларусі і ўплыву на Беларусь. Бо нашая нармалізацыя адносінаў з Эўразьвязам і ЗША і вельмі актыўнае ўзаемадзеяньне зараз з Кітаем ствараюць стратэгічныя пагрозы для расейскага ўплыву ў будучыні, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

І хутчэй за ўсё вось гэтым пытаньнем зараз расейскія стратэгі і азадачаныя. Яны вырашаюць, якім чынам не дапусьціць страты ўплыву на Беларусь, і таму так сур’ёзна абвастраюцца нашы стасункі, ідзе жорсткі і комплексны ціск з расейскага боку як на Беларусь так і на яе вышэйшае кіраўніцтва.

«Лукашэнка праваліў тэст на саюзьніцтва»

Дракахруст: У вашых выступах, публікацыях я бачу пэўную супярэчнасьць, прычым якраз у ваенна-стратэгічным вымярэньні, пра якое вы сказалі.

у Беларусі так і не зьявілася расейская авіябаза

Нагадаю, у Беларусі так і не зьявілася расейская авіябаза. Думаю, прынамсі за тыя некалькі дзён, якія засталіся да Новага году яна і не зьявіцца, хоць летась здавалася б ужо вось-вось. Але сёлета ў Клінцах пачала разгортвацца вялікая буйная групоўка расейскіх войскаў, гэта расейская тэрыторыя, але да Гомеля недалёка.

Вы, Арсень, сёлета выступілі з шэрагам публікацыяў пра тое, як Расея ўзмацняе ціск на Беларусь, як, паводле вас, узрастае ў тым ліку і ваенная пагроза Беларусі з боку Расеі, вы, здаецца, пісалі, што Беларусь праводзіць палітыку нэўтралітэту дэ-факта.

А вы, Аркадзь, выступаючы нядаўна ў Таліне, казалі, што насамрэч Расея ў ваеннай сфэры мае ад Беларусі і ў Беларусі ўсё, што хоча. Што на нэўтралітэт ня надта падобна. Дык узмацняе ціск ці не — нашто ціснуць, калі ўсё і так маеш?

Арсень, як вы можаце абгрунтаваць вашую пазыцыю ў гэтай завочнай спрэчцы з Аркадзем?

Сівіцкі: Гэты ціск доўжыцца і сёньня. Нагадаю, што рашэньне аб стварэньні авіябазы на беларускай тэрыторыі было прынятае аднабакова Ўладзімерам Пуціным без адпаведнага ўзгадненьня зь беларускім бокам.

Гэта супрацоўніцтва, якое захоўвае фармальны і рэальны ваенны і палітычны сувэрэнітэт для Беларусі

Можна іншы прыклад прывесьці — лічбу чатыры тысячы вагонаў, якая ўжо заплянаваная міністэрствам абароны Расеі на 2017 год для паставак на тэрыторыю Беларусі. Тым ня менш, беларускі бок яшчэ нічога не ўзгадняў. І гэта таксама дэманстрацыя даволі жорсткай аднабаковай палітыкі адносна Беларусі, адносна нашага сувэрэнітэту як палітычнага, так і ваеннага. Нагадаю, што акрамя мотастралковай брыгады ў Клінцах такая самая стаіць пад Ельняй, што таксама недалёка ад беларускай мяжы, каля 90 кілямэтраў. І трэба сказаць, што з будучага году гэтая брыгада ператвараецца ў мотастралковую дывізію.

Дракахруст: Ну а чаго яны пераймаюцца? Чаго выдумляюць, што да канца 2016 году Беларусь у НАТА ўступіць? Ёсьць супрацоўніцтва, вельмі шмат вучэньняў увесь час, і авія, і спэцназу. Нядаўна канчаткова ўзгодненае пытаньне па супольнай супрацьпаветранай абароне. Нават камандуючага прызначылі, здаецца, з беларускага боку.

Сівіцкі: Гэта супрацоўніцтва, якое захоўвае фармальны і рэальны ваенны і палітычны сувэрэнітэт для Беларусі. Але трэба ж разумець, што ваенныя людзі распрацоўваюць розныя сцэнары, і гледзячы па тых буйных вучэньнях і праверках баяздольнасьці ўзброеных сілаў, якія Расея праводзіла цягам апошніх двух гадоў, відавочна, што яны рыхтуюцца да буйнамаштабнага канфлікту.

І калі разглядаць сытуацыю праз прызму такога гіпатэтычнага канфлікту, то Расея павінная гарантаваць сабе доступ да беларускай тэрыторыі. Гэта зьвязана з пытаньнем Калінінграду. І пакуль Беларусь захоўвае рэальны ваенны і палітычны сувэрэнітэт, а гэта значыць, не дазваляе разьмяшчаць расейскія войскі на сваёй тэрыторыі, для расейцаў гэты доступ не гарантаваны. А з улікам таго, што давер паміж Менскам і Масквой падарваны, то відавочна, чаму яны так нэрвова на ўсё рэагуюць.

Дракахруст: Аркадзь, а як вы на гэта глядзіце? Дык ціснуць ці ня ціснуць? Для чаго, нашто ціснуць, калі, паводле вас, і так усё маюць? Акрамя вось гэтых гіпатэтычных плянаў прарвацца праз Сувалкскі калідор на Калінінград, і нейкіх хімэрычных страхаў, што да канца 2016 году ЭЗ адарве Беларусь ад Расеі?

Мошас: Арсень часткова пачаў адказваць на гэтае пытаньне. Па-першае, на выпадак гіпатэтычнага канфлікту, і ня толькі. Мы ж не павінныя толькі лічыць снарады і штыкі. Ёсьць ваенна-палітычныя рэчы.
Расея выбудоўвае ўласны ваенны шчыт у заходнім накірунку, у тым ліку для таго, каб Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка больш ня мог заяўляць, што ў вас на Захадзе ад НАТА больш нічога няма. Дык вось Расея дае яму зразумець, што ў яе на Захадзе цяпер шмат чаго ёсьць і яго паслугі такім чынам патэнцыяльныя губляюць у кошце, і таму аплачвацца яны будуць цяпер ня так шчодра, як гэта было яшчэ нядаўна. Гэта насамрэч ня дробязь. І гэта зьвязана зь іншым, больш агульным меркаваньнем.
Гэта не мая фраза, я яе пачуў у дыскусіі ад іншых экспэртаў: Лукашэнка праваліў тэст на саюзьніцтва. І гэта вельмі сурʼёзна. Мы ведаем, што пэрсанальныя адносіны паміж Уладзімерам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам ніколі не былі роўныя і добрыя, але так ці інакш палітычныя і ваенна-палітычныя меркаваньні пераважвалі.

Крэмль, як вядома, ніколі нікому нічога не забывае

Цяпер усё пачало крыху мяняцца, і праваліў ён гэты тэст менавіта ў пытаньні па базе. То бок так, гэта можа здавацца парадаксальным, але насамрэч гэтыя рэчы адна адной не супярэчаць. У практычнай палітыцы і на сёньняшні момант Расея атрымлівае ад Беларусі тое, што ёй патрэбна, але на ўсялякі выпадак яна будуе дадатковыя рэчы. І адмова ад базы ў палітычным пляне была пэўнай поўхай Крамлю. Таму што Крэмль публічна выступіў з заявай пра тое, што даручана ўраду падпісаць пагадненьне пра базу, праходзіць час, нічога не падпісваецца.

Крэмль, як вядома, ніколі нікому нічога не забывае. Я думаю, што ён не забывае і ўважліва адзначае ўсе спробы Менску на іншых накірунках дзейнічаць у больш шырокім калідоры, чым Маскве хацелася б.

Што будзе ў 2017 годзе?

Дракахруст: Які ваш прагноз разьвіцьця двухбаковых адносінаў: ці будуць разьвязаныя эканамічныя вузлы — нафтагазавы, харчовы, мытны, ці адносіны ў гэтых сфэрах і надалей будуць абвастрацца? Інфармацыйная вайна працягнецца?

час палітыкі «газ наўзамен на пацалункі» закончыўся, і сёньня ўся дапамога, якая будзе ісьці з боку Масквы, будзе так ці інакш абумоўлівацца больш сур’ёзным прывязваньнем да сябе Менску

Мошас: Я думаю, што да разрыву, да канчатковага разьбіваньня гаршчкоў ня дойдзе. Я ня думаю, што Крэмль пойдзе, як шэраг СМІ пачаў пра гэта пісаць, на апэрацыю па зьмене Лукашэнкі — гэта ўсё ж было б занадта рызыкоўна. Я думаю, што будзе дасягнуты пэўны кампраміс па газу і ня выключана, што па-новаму будзе працаваць ваенна-палітычнае супрацоўніцтва, але гэты кампраміс будзе дасягнуты за кошт большых саступак з боку Менску, чым гэта хацелася б ці нават бачылася Менску ў той момант, калі ён пачынаў, «заварваў» гэты газавы канфлікт.

Я думаю, што час палітыкі «газ наўзамен на пацалункі» закончыўся, і сёньня ўся дапамога, якая будзе ісьці з боку Масквы, будзе так ці інакш абумоўлівацца больш сур’ёзным прывязваньнем да сябе Менску і далейшым звужэньнем яго свабоды дзеяньняў як у эканамічнай, так і зьнешнепалітычнай сфэры.

Сівіцкі: Так, я згодзен з Аркадзем, толькі хачу дадаць, што я не так аптымістычна гляджу на тое, як нашы стасункі будуць разьвівацца. Яны будуць пагаршацца, і хутчэй за ўсё гэта прывядзе да нейкага крызысу ў адносінах і гэты крызыс будзе зьвязаны ня толькі з тымі ўльтыматумамі, якія нам зараз выказваюць у Крамлі, а нават з пытаньнем аб транзыце ўлады.

Мне здаецца, што пакуль да выхаду з АДКБ і Эўразійскага саюзу ня дойдзе. Хутчэй за ўсё гэтыя ўстановы ператворацца ў тыповыя для постсавецкай прасторы структуры накшталт СНД.

Дракахруст: А што, «звальненьне» Лукашэнкі з пасады гэта больш рэальна?

будзе пастаўленая пад вялікае пытаньне суб’ектнасьць Беларусі, незалежнасьць, бо сёньня гэта аснова, рэальны рэсурс улады Лукашэнкі

Сівіцкі: Мне здаецца, што гэтае пытаньне зараз абмяркоўваецца вельмі сур’ёзна крамлёўскімі стратэгамі. Гэта ўжо не першы раз, калі ўзьнікае гэтая праблема ў парадку дня. У 2010 годзе тыя самыя пытаньні разглядаліся, і сцэнар замены Лукашэнкі кімсьці з намэнклятуры нават прапрацоўваўся адпаведнымі фігурамі. Вынік — Лукашэнка пайшоў тады на саступкі, ён прыехаў у Маскву і падпісаў мытны кодэкс.

А сёньня пытаньне ня ў тым, што Лукашэнка пайшоў на дэмарш і не паехаў у Санкт-Пецярбург падпісваць кодэкс.Здаецца, было сфармулявана яшчэ некалькі ўльтыматумаў падчас апошняга візыту Лукашэнкі да Пуціна, у тым ліку пра расейскую ваенную прысутнасьць, на што Менск зараз пайсьці не гатовы. І я ня думаю, што наогул Аляксандар Лукашэнка гатовы ісьці па гэтым сцэнары. Пасьля гэтага будзе пастаўленая пад вялікае пытаньне суб’ектнасьць Беларусі, незалежнасьць, бо сёньня гэта аснова, рэальны рэсурс улады Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG