Гэнэральная пракуратура Расеі прызнала Міжнародную асацыяцыю інтэлектуальных гульняў Internationale Assoziation für Intellektuelle Spiele (IAIS), зарэгістраваную ў Ліхтэншэйне, арганізацыяй, дзейнасць якой непажаданая ў Расеі.
Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, гэтая арганізацыя аб’ядноўвае больш за 200 удзельнікаў спартовых вэрсій папулярных інтэлектуальных гульняў «Што? Дзе? Калі?», «Брэйн-рынг» і «Свая гульня» па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Расеі.
Аб’яву аб прызнанні арганізацыі непажаданай Генпракуратура ў сваім Telegram-канале стылізавала пад пытаньне з гульні «Што? Дзе? Калі?».
«Увага, правільны адказ. Дзейнасьць міжнароднага клюбу Internationale Assoziation für Intellektuelle Spiele, які актыўна падтрымлівае іншаземных агентаў і распаўсюджвае ў сетцы інфармацыю, накіраваную на дыскрэдытацыю кіраўніцтва Расеі, прызнана непажаданай на тэрыторыі нашай краіны», — паведаміла ведамства.
На сайце Генпракуратуры тлумачыцца, што асацыяцыя нібыта «задзейнічана ў ініцыяваных замежнымі антырасейскімі цэнтрамі прапагандысцкіх кампаніях, накіраваных на прасоўваньне пратэстных і дэструктыўных ідэй у Расеі». У правіну ёй ставіцца таксама тое, што «камандам з Расеі і Беларусі забаранілі выступаць пад дзяржаўнымі сьцягамі сваіх краін на міжнародных турнірах», затое «у мерапрыемствах працягваюць прымаць удзел іншаземныя агенты, а таксама ўдзельнікі замежных няўрадавых арганізацый, дзейнасьць якіх прызнана непажаданай».
Асацыяцыю заснавалі ў 2021 годзе ўдзельнікі інтэлектуальнага руху, незадаволеныя палітыкай кіраўніцтва Міжнароднай асацыяцыі клюбаў (МАК) «Што? Дзе? Калі?», у тым ліку яе цеснымі сувязямі з расейскім Першым каналам. Асацыяцыя праводзіць розныя турніры па інтэлектуальных гульнях у розных краінах. Яна заяўляла і аб намеры правесьці чэмпіянат сьвету, аднак толькі пасьля завяршэньня вайны ва Ўкраіне.
Прызнаньне арганізацыі непажаданай азначае забарону на яе дзейнасьць у Расеі. Супрацоўніцтва з такой арганізацыяй, у тым ліку і за мяжой, расейскія ўлады разглядаюць як правапарушэньне ці злачынства.
Форум